Паротнікаў: Трансфармаваць міліцыю ў нешта больш гуманнае ў межах гэтай сыстэмы немагчыма

Пратэст пасьля нерэгістрацыі кандыдатамі Бабарыкі і Цапкалы. Менск, 14 ліпеня 2020 году

Кіраўнік праекту Belarus security blog Андрэй Паротнікаў канстатуе, што ўлада спрабуе ўцягнуць войска ў палітычныя працэсы, чаго раней не было, нагадвае, што армія падчас кіраваньня Лукашэнкі заўсёды была аўтсайдэрам у фінансаваньні, і аналізуе дзеяньні міліцыі падчас разгонаў апошніх акцыяў пратэсту.

Сьцісла

  • Армія падчас кіраваньня Лукашэнкі заўсёды фінансавалася па астаткавым прынцыпе.
  • Заява Раўкова — гэта, безумоўна, спроба запалохаць. Маўляў, калі АМАПы не дадуць рады, то мы выведзем на вуліцы танкі.
  • Мне расказалі, што па сілавых структурах вось ужо некалькі дзён пачалі разганяць новы мэсыдж, што пратэсты праплачаныя Расеяй і Польшчай.
  • Заробкі малодшых афіцэраў у беларускім войску — як на касе ў Макдональдсе.
  • За першыя 4 месяцы на 57 працэнтаў зьнізілася колькасьць прыцягненьняў да адміністрацыйнай адказнасьці.

— Войны апошніх гадоў, як правіла, пачыналіся «з вуліцы, з плошчы», — заявіў 16 ліпеня сакратар Рады бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў. «...Ня толькі Ўзброеныя сілы, але і міліцыя, і АМАП, і органы ўнутраных спраў, унутраныя войскі і памежнікі, і іншыя сілавыя структуры. І наша задача — не дапусьціць гібелі дзяржавы, не дапусьціць кровапраліцьця ў народзе. Не дапусьціць. Калі мы гэта дапусьцім, значыць, мы прайгралі бой», — сказаў Раўкоў. Ці можна расцаніць гэта як спробу запалохаць тых беларусаў, якія мяркуюць выходзіць на акцыі пратэсту супраць улады?

— Тут комплекс задачаў, якія ўлады спрабуюць вырашыць такімі заявамі. Апошнія тыдні на БелТА рэгулярна выходзяць матэрыялы, дзе камандзіры розных вайсковых частак і брыгадаў расказваюць, як у Беларусі ўсё добра і чаму яны лічаць, што трэба захоўваць цяперашні лад, не дапусьціць ягонага разбурэньня. Адбываецца ўцягваньне войска ў палітычныя працэсы — чаго раней не было.

Андрэй Паротнікаў

З чым гэта зьвязана? Найперш з тым, што войска, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, — адзін з трох найбольш паважаных у грамадзтве інстытутаў. Таму гэта спроба рэжыму абаперціся на аўтарытэт арміі. Іншы момант зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам, які 16 ліпеня заявіў, што чалавек, які не служыў у войску, ня можа быць галоўнакамандуючым. Гэта прапаганда, накіраваная на саміх вайскоўцаў, Лукашэнка спрабуе ўзмацніць свае пазыцыі ў арміі, дэманструючы, што ён «адзін зь іх» альбо, прынамсі, разьбіраецца ў гэтай сфэры.

Пры гэтым важна нагадаць, што армія падчас кіраваньня Лукашэнкі заўсёды была аўтсайдэрам з гледзішча бюджэтных уліваньняў, фінансавалася па астаткавым прынцыпе.

Падрыхтаваная (тут не было экспромту) заява Раўкова — гэта, безумоўна, спроба запалохаць. Маўляў, калі АМАПы не дадуць рады, то мы выведзем на вуліцы танкі.

— Раўкоў таксама казаў пра патэнцыйнае замежнае ўмяшаньне ў беларускую сытуацыю — словы, якія сталі нейкім агульным месцам у выказваньнях розных чыноўнікаў і прапагандыстаў. Але навошта было ўкладаць такія словы ў вусны сакратара Рады бясьпекі?

— Так, гэта адзін з галоўных наратываў улады ў гэтай палітычнай кампаніі. Магчыма, яны сапраўды вераць, што народ сам па сабе ня ў стане арганізаваць паўстаньне і пратэсты. Павінны быць нейкія арганізатары — альбо палітычная партыя, альбо грамадзкія лідэры. Менавіта таму хваля рэпрэсіяў была накіраваная на тое, каб выбіць патэнцыйных лідэраў пратэстаў і аказаць ціск на тыя структуры, на якія яны могуць абаперціся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армію і МУС рыхтуюць да «прадухіленьня» масавых беспарадкаў, — дзяржсакратар Савету бясьпекі

Другі момант — гэта спроба адпавядаць настроям і думкам пэўнай часткі грамадзтва. Трэба памятаць, што многія беларусы знаходзяцца ў сфэры расейскага інфармацыйнага ўплыву, а там якраз тэматыка зьнешняга ўмяшаньня, змоваў, кансьпіралёгіі вельмі шырока распаўсюджаная і моцна трансьлюецца. Таму гэта спроба скарыстацца расейскімі прапагандысцкімі мэтадамі ва ўласных інтарэсах.

Мне расказалі, што па сілавых структурах вось ужо некалькі дзён пачалі разганяць новы мэсыдж, што пратэсты праплачаныя Расеяй і Польшчай. Раней заўсёды ківалі на Захад у цэлым, але ў дадзеным выпадку Захад звузіўся да Польшчы.

— Ці магчыма меркаваць, наколькі супрацоўнікі сілавых структураў задаволеныя ўладай, сваім матэрыяльным становішчам, сытуацыяй у краіне? Ці сапраўды яны гатовыя выканаць любы загад, у тым ліку незаконны?

— Гэта вельмі складанае пытаньне. Сілавыя структуры — частка грамадзтва, і для іх характэрныя рознанакіраваныя ўплывы. Як паказвае практыка і гісторыя, замежны досьвед зрынаньня недэмакратычных рэжымаў — сілавыя структуры могуць дэманстраваць ляяльнасьць даволі працяглы час, але зь нейкага моманту могуць адысьці ад кіраўніка дзяржавы, калі бачаць, што ён губляе грамадзкую падтрымку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэйгерман: «Калі нехта чакаў, што ўлада павядзе сябе па-іншаму, то гэта дурні альбо безадказныя людзі»

Безумоўна, беларускія сілавікі ляяльныя беларускай дзяржаве. Лукашэнка значную частку свайго кіраваньня абапіраўся на пэўную грамадзкую падтрымку. Але сёньня відавочна, што гэтая падтрымка імкліва зьніжаецца. Я думаю, гэта разумее і сам Лукашэнка, менавіта таму яны апэлююць і да вайскоўцаў, іхнай вернасьці дзяржаве, і спрабуюць запалохаць грамадзтва.

У рэжыму ёсьць дакладнае адчуваньне, што падтрымка зьменшылася, за іх цяпер меншасьць, і гэта немагчыма адкруціць назад

— Раней Лукашэнка мог на выбарах,апрача іншага, і «купляць» ляяльнасьць выбарнікаў, падвышаючы пэнсіі і заробкі. Як матэрыяльна сябе адчуваюць сілавыя структуры, як даўно ім падвышалі заробкі?

— На маю думку, апошні раз у 2018-м. Усё спазнаецца ў параўнаньні, але калі мы кажам пра малодшых афіцэраў у войску, то ўзровень іхніх заробкаў параўнальны з заробкам у Макдональдсе. Каля 900 рублёў. Але ўзровень псыхалягічнага ціску несупастаўны, працоўны час не абмежаваны. З гледзішча сацыяльных гарантыяў вайскоўцам трошкі прасьцей вырашыць жыльлёвае пытаньне, зь дзяржаўнай падтрымкай, плюс раньняя пэнсія. На сёньня заробак у войску — гэта ня тое, што можа зацікавіць амбітную і здольную моладзь. І гэта мы бачым паводле ўзроўню людзей, якія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавых структураў, па праблемах камплектаваньня і гэтак далей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рузвэльт, Ельцын, Назарбаеў і іншыя. 20 прэзыдэнтаў, якія не служылі ў войску

— Як бы вы ацанілі паводзіны сілавых структураў падчас акцыяў пратэсту за апошнія месяцы? Бо паводзіны былі вельмі неаднолькавыя — ад спакойных да несправакавана брутальных. Калі зьмяніўся міністар унутраных спраў, замест сумнавядомага Шуневіча прыйшоў Караеў — гэта нешта зьмяніла ў міліцыі?

— Насамрэч нічога новага гэтыя акцыі пратэсту не паказалі. МУС застаецца рэпрэсіўнай машынай, якой яно было ўсе гады кіраваньня Лукашэнкі. Прынцыповых зьменаў тут няма. Безумоўна, мы назіраем спробу неяк патынкаваць фасад ведамства, палепшыць ягоны імідж. За першыя 4 месяцы на 57 працэнтаў зьнізілася колькасьць прыцягненьняў да адміністрацыйнай адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 115 менчукоў склалі пратаколы за акцыі пратэсту 14 ліпеня

МУС знаходзіцца ў вельмі жорсткіх рамках, яны могуць ісьці насустрач грамадзянам да таго пункту, пакуль гэта не чапае палітыкі. Трансфармацыя гэтага ведамства ў нешта больш гуманнае ў межах гэтай сыстэмы немагчымая.