Ліз Тросэл, прэсавая сакратарка Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, выступіла з адмысловай заявай наконт масавых затрыманьняў удзельнікаў акцыяў пратэсту ў Беларусі:
Напрыканцы тыдня, падчас якога адбыўся чарговы масавы арышт удзельнікаў дэманстрацый у Беларусі, мы заклікаем улады забясьпечыць поўнае захаваньне правоў на свабоду выказваньня меркаваньняў, мірных сходаў і асацыяцыяў.
Паводле інфармацыі розных НДА і СМІ, больш за 300 чалавек, у тым ліку дзясятак журналістаў, якія асьвятлялі акцыі пратэсту, былі затрыманыя міліцыяй падчас акцый пратэсту 14 і 15 ліпеня.
Дэманстрацыі ў Менску і шэрагу іншых гарадоў прайшлі пасьля адмовы выбарчай камісіі зарэгістраваць двух апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах, якія павінны прайсьці 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША «глыбока занепакоены» затрыманьнямі актывістаў і журналістаў у БеларусіЗ канца траўня некалькі сотняў чалавек, у тым ліку праваабаронцы, журналісты і блогеры, а таксама мінакі, былі арыштаваныя падчас мірных сходаў па ўсёй краіне, часта амапаўцамі з выкарыстаньнем непатрэбнай ці празьмернай сілы. Дэманстранты заклікалі да свабодных і сумленных выбараў.
Беларусь абавязаная спрыяць мірным сходам і адстойваць права на свабоду перакананьняў і выказваньня меркаваньняў, у тым ліку тых, хто выказвае альтэрнатыўныя погляды і падтрымлівае апазыцыйных кандыдатаў. Акрамя таго, журналістам, якія хочуць асьвятляць акцыі пратэсту, нельга перашкаджаць у іх працы і практыкаваць адвольныя арышты і затрыманьні, улічваючы важную ролю, якую яны адыгрываюць у перадачы інфармацыі па пытаньнях, якія прадстаўляюць грамадзкі інтарэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста Свабоды Антона Трафімовіча зноў забралі ў міліцыю, склалі пратакол за непадпарадкаваньнеМы заклікаем вызваліць усіх затрыманых проста за ажыцьцяўленьне правоў чалавека і правесьці справядлівы суд адносна любой крымінальнай ці адміністрацыйнай справы, якая можа быць распачатая супраць іх.
Мы нагадваем уладам, што неабгрунтаваныя абмежаваньні правоў на свабоднае выказваньне меркаваньняў, мірных сходаў і асацыяцыяў могуць падарваць давер да будучага выбарчага працэсу.