«Цяперашняй уладзе пасуе вядомы выраз: „Тое, што вы не седзіце, ня ваша заслуга, а наша недапрацоўка“. Я раней сьмяяўся, але папраўдзе гэта ня жарт: пасадзіць у Беларусі могуць любога і за што заўгодна. Асабліва ва ўмовах такой жорсткай, правакатарскай па сутнасьці сілавой вэртыкалі».
Першы прамоўтэр у незалежнай Беларусі Генадзь Шульман пра «фэадальную» сутнасьць Лукашэнкі, цынізм «тэатру Ярмошынай» і кайданы Ігнатовіча.
Генадзь Шульман — адзін зь першапраходцаў беларускага шоў-бізнэсу. З аслабленьнем ідэалягічных путаў у другой палове 1980-х выпускнік Менскага інстытуту культуры пачаў ладзіць выступы андэрграўндных калектываў з рок-клюбаў, якія самаарганізоўваліся па ўсім СССР: «Алиса», «Чайф», «Бригада С», «Калинов мост», «Чиж и К», ДДТ. Разам на сцэну выходзілі мясцовыя рокеры — «Бонда», «Мроя», «Отражение», «7 герц».
З абвяшчэньнем незалежнасьці ў 1991 годзе Генадзь заснаваў прадусарскі цэнтар «Кляс-Клюб» і атрымаў ліцэнзію № 1 на канцэртна-гастрольную дзейнасьць у Беларусі. Пачынаў з творчых сустрэч папулярных за савецкім часам артыстаў і бардаў на сцэне менскага Альтэрнатыўнага тэатру: Інакенція Смактуноўскага, Сяргея Юрскага, Ралана Быкава, Міхаіла Жванецкага, Булата Акуджавы, Аляксандра Разэнбаўма.
Паступова тэматычнае кола пашыралася: «Вечарыны джазу», «Клюб постэлітарнага кіно», «Рок-абанэмэнты», «Дыска-клюб». Аднак у 1996 годзе цэнтар пазбавіўся пляцоўкі. Спачатку ўвайшлі ў структуру «Радыё Бі-Эй», а налета заключылі партнэрскае пагадненьне зь фірмай «Джаз-Крафт».
Спакушэньне Джо Кокерам
Абноўлены «Кляс-клюб Джаз-Крафт» актыўна далучыўся да беларускіх ініцыятываў. З выдавецка-канцэртнай кампаніяй «Каўчэг» Юрыя Цыбіна далі старт сэрыі фэстываляў: «Рок на вакацыях», «Рок супраць рэвалюцыі», «Будзь разам з намі». Там набіралі дывідэнды N.R.M., «Крама», «Палац», «Уліс», «Новае неба», «Тарнада». Запачаткавалі легендарную «Рок-каранацыю» — пасьля згортваньня праекту аналягу так і ня ўзьнікла.
У канцы 1990-х выйшлі на новы ўзровень — пачалі «пастаўляць» іншаземных зорак. Пробным каменем у 1998 годзе стала француская сьпявачка Патрысія Каас. Сьледам мэляманы атрымалі магчымасьць пабачыць куміраў з буйнакалібэрнай абоймы: Deep Purple Motorhead, Nazareth, Scorpions, Smokie, Withe Snake, лідэр Led Zeppelin Робэрт Плант, былы ўдзельнік Black Sabbath Роні Джэймс Дыё, голас Accept Уда Дыркшнайдэр, Гары Мур, Крыс дэ Бург, Ванэса Мэй, Дзьмітрый Хварастоўскі ды многія іншыя.
У 2009 годзе нечакана для ўсяго шоў-бізнэсу Генадзя Шульмана затрымалі і абвінавацілі ў махлярстве. Заяву напісалі асобы, якія давалі яму грошы, а той іх не вяртаў. Як тлумачыць сам прамоўтэр, трыма гадамі раней ён пазычыў празь сябра, які, у сваю чаргу, прыцягнуў іншых «інвэстараў», 100 тысяч даляраў на перадаплату канцэрту Джо Кокера. На «выгадную справу» скідваліся ахвотна, супраца давала добры працэнт з прыбытку.
Аднак ні ў 2006-м, ні ў 2007-м, ні налета артыст не прыехаў. Крэдыторы занэрваваліся, пачалі патрабаваць вярнуць укладаньні.
«Джо Кокер ня склеіўся, я пачаў разьлічвацца па даўгах, — згадвае Генадзь у гутарцы са Свабодай. — І хоць за тры месяцы вярнуў значную суму — прыкладна 27 тысяч даляраў — крэдыторы вырашылі заяву зь міліцыі не забіраць. Я спачатку падумаў, што проста хочуць „падушыць“, каб паскорыць працэс, але толькі пазьней, на судзе, зразумеў: былы сябра, як аказалася, грошы клаў сабе ў кішэню. Да іншых адрасатаў яны проста не даходзілі».
Нягледзячы на тое, што Шульман вяртаў пазыкі, а з 11 пацярпелых у справе засталіся 5, суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу і прысудзіў 6 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Прадусар адседзеў увесь тэрмін: у сьледчых ізалятарах Менску і Жодзіна — паўтара года, у калёніі Шклову — 3 гады, на вольным пасяленьні ў Дзятлаве — 8 месяцаў, на «хіміі» у Амсьціславе — 7 месяцаў. На ўласныя вочы бачыў, як шчэмяць фігурантаў Плошчы-2010 ды фізычна зьнішчаюць былога спэцназаўца Валера Ігнатовіча, абвінавачанага ў забойстве тэлежурналіста Зьмітра Завадзкага.
Пуцінскі праклён даваеннай мапы
У чэрвені Генадзь Шульман адзначыў 60-гадовы юбілей. Як выйшаў на волю, была спроба вярнуцца ў справу, але безвынікова. Неўзабаве пераехаў у Маскву, дзе пасьля прысуду ў 2010-м калегі прапанавалі працу ягонай жонцы Сьвятлане і сыну Аляксею. За гэты час сям’я пашырылася, зьявілася любіміца — унучка Міраслава.
Пачынаў у сфэры івэнт-індустрыі, цяпер займаецца арганізацыяй канцэртаў, піша кнігі пра 1990-я і сваю турэмную эпапэю, друкуецца ў «тоўстых» часопісах. Штомесяц наведваўся ў Менск, але ад пачатку пандэміі каранавірусу ад роднага гораду адрэзаны.
«У мяне там засталася старэнькая мама, ёй 86 гадоў, а я не магу прыехаць, — наракае суразмоўца. — Нават з пандэміяй Лукашэнка ўмудрыўся паставіць сябе па-за адзінай сусьветнай сыстэмай. І незразумела, што далей. Паступова адкрываюць межы, але тая ж Расея не сьпяшаецца ісьці на такі крок. Ці адкрыецца для Беларусі Эўропа ды астатні сьвет — яшчэ пытаньне. Ня тое што па максымуме, па мінімуме не было рашэньня аб супрацьстаяньні каранавірусу. Людзі самаарганізаваліся, а гэты дзяяч прымушае мэдыкаў пісаць у дыягназе „двухбаковае запаленьне лёгкіх“».
Нягледзячы на фізычную дыстанцыю, Генадзь Шульман працягвае існаваць у беларускай інфармацыйнай прасторы. Сочыць за палітычнымі баталіямі, суперажывае затрыманым і хоча верыць у станоўчыя зьмены для грамадзтва, якое іх заслужыла.
«Ва ўсіх сэнсах варта памяняць кіраўніка краіны, — перакананы ён. — Зразумела, чаму Лукашэнка ня хоча аддаваць уладу: як толькі выберуць некага іншага, на наступны дзень яго проста „закрыюць“. Уся аўтарытарная сыстэма рухне: кагосьці пасадзяць надоўга, кагосьці на меншы тэрмін. — Ты ж паглядзі, хто цяпер ля карыта, зьнізу даверху — гэта ж ганьба! Але ўзьнікне пытаньне № 2. Добра, калі на правах выбару — з кім ты, Беларусь? На жаль, усё інакш. Як вырашаць пытаньне з Крамлём? Былі пад акупацыяй аднаго чалавека, але ж застаецца небясьпека акупацыі Расеяй».
Сёньня настроі ў Расеі такія, што Беларусь — «спрадвек руская зямля», а «вяртаньне ў родную гавань», як здарылася з Крымам, — толькі справа часу, дзеліцца Генадзь уласнымі назіраньнямі. Прычым такое перакананьне як на ўзроўні вышэйшых асобаў, так і ў грамадзтве.
«Умоўна кажучы, 9 жніўня беларускі народ можа перамагчы. Але гэта яшчэ ня кропка. Беларусь апынулася паміж Захадам і Расейскай імпэрыяй. І калі з Эўразьвязам збольшага зразумела, Масква адназначна марыць прыбраць „братнюю рэспубліку“ да рук. Гэта не сакрэт. Ад імя „русского мира“ ў інтэрвію Гардону пра тое казаў ідэоляг „Новороссии“ Гіркін, і нават ускосна — сам Пуцін. Іх мэта — вярнуцца да даваеннай мапы 1941 году, сабраць землі „да кучы“. Таму любой новай уладзе трэба выпрацаваць стратэгію, як супрацьстаяць гэтым апэтытам».
Прыклад азіяцкіх «нэафэадалаў»
Маштаб перадвыбарных рэпрэсій Генадзя Шульмана засмучае, асабліва што тычыцца неадэкватнай жорсткасьці амапаўцаў. Але гвалт адбываецца не ўпершыню. Ён ужо сядзеў у СІЗА, калі пачалі «пакаваць» затрыманых удзельнікаў акцый супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.
Апошні дзень зьняволеньня. Амсьціслаў, верасень 2015 году:
Your browser doesn’t support HTML5
Адзіная розьніца — большасьць трапляла за краты ўжо пасьля дня галасаваньня, а не напярэдадні. Але боязь страціць пасаду заканчваецца адным і тым жа — інакш улада ўжо ня ўмее, дадае ён.
«Нават цяпер, калі змагаецца не з сыстэмнай апазыцыяй, а са звычайнымі людзьмі... У сьнежні 2010-га, калі я быў на Валадарцы, прымалі ў „хаты“ палітычных. З кімсьці там пазнаёміўся, з кімсьці ў лягеры, як з Міколам Статкевічам.
У 2012-м пад ціскам міжнароднай супольнасьці Лукашэнка выдаў указ аб памілаваньні. Але тыя, хто быў у сьпісах, падпісвацца адмаўляліся. У прэамбуле ўказваліся крымінальныя артыкулы, а яны сябе крымінальнікамі не лічылі. У рэжымнікаў, „ссучаных“ зэкаў куча спосабаў, як праціскаць інтарэсы адміністрацыі. Не падпісаў — 10 сутак „шыза“. Упарты — на яшчэ 10. Ну і падпісалі, акрамя Статкевіча».
Чаго сёньняшнія ўладары не ўлічылі — дык гэта кардынальных зьменаў у грамадзтве, кажа Генадзь Шульман. Тое, што можна было надзейна схаваць у турэмных нетрах яшчэ 10 гадоў таму, з распаўсюдам інфармацыйных тэхналёгій зрабіць таямніцай немагчыма — любое парушэньне становіцца набыткам галоснасьці ў прасторы, аб’яднанай сыстэмай сацыяльных камунікацый.
І ўжо поўным цемрашальствам выглядаюць спробы афіцыйнай прапаганды дыскрэдытаваць непасрэдных удзельнікаў выбарнай кампаніі — як у выпадку з арыштаваным экс-банкірам Віктарам Бабарыкам. Мала таго, што агідна, дык яшчэ і незаконна, — так рэагуе Генадзь Шульман на «спэцрасьсьледаваньні» дзяржаўных тэлеканалаў.
«Гэтай уладзе пасуе выраз: „Тое, што вы не седзіце, ня ваша заслуга, а наша недапрацоўка“. Я раней сьмяяўся, але папраўдзе гэта ніякі ня жарт. Асабліва ва ўмовах такой жорсткай структурнай сілавой вэртыкалі. Сам бачыш, якія ўжываюцца мэтады. Паказаны на АНТ кавалак допыту Бабарыкі цэнзурнымі словамі не пракамэнтуеш. Нават у Расеі такога няма! Запускаюць журналістаў з камэрамі, або гэта апэратыўныя здымкі, ня важна. Як інакш успрымаць, калі не парушэньнем Канстытуцыі, Крымінальнага кодэксу? Проста ні ў якія рамкі ня лезе».
Генадзь Шульман сачыў у жывым эфіры за тым, як Цэнтарвыбаркам адбракоўваў Віктар Бабарыку і Валера Цапкалу. Уся дзея падалася яму «дрэнным і агідным спэктаклем». «Цынізм цётачкі проста зашкальвае», — ахарактарызаваў ён паводзіны Лідзіі Ярмошынай.
Зрэшты, ці магло быць інакш пры такім гаспадары, задаецца Шульман рытарычным пытаньнем. Стыль уладараньня Лукашэнкі суразмоўца параўноўвае з азіяцкім «нэафэадалізмам».
«Гэткая фэадальна-рабаўласьніцкая дзяржава на чале з ханам. Падабаецца яму гэты ўсходні шык, угноены абсалютнай уладай. І каб не эўрапейская лякацыя, было б нашмат горш, чым цяпер. І нават пры гэтым навязаў беларусам савок, плянавую эканоміку, калгасны лад. Зьдзіўляюся, як яшчэ на сьцяг сярпа і молата не начапіў. Бээсэсэраўскую сымболіку вярнуў, толькі „шанцавага інструмэнту“ не хапае. Цалкам паралеліць сябе з савецкім часам. Глупства, якое прывяло да поўнай эканамічнай недзеяздольнасьці», — канстатуе суразмоўца.
Кайданы вязьня Ігнатовіча
Стаміўшыся ад патрыярхальнай дураты, Генадзь напаўжартам ініцыяваў першую ў сьвеце жаночую ўладную вэртыкаль. На сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» заклікаў галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую і ў выпадку яе перамогі сфармаваць каманду з прыгожых, разумных і дасьведчаных прафэсіяналак.
Партфэлі раздаў наступным чынам. У Міністэрства інфармацыі — Сьвятлану Калінкіну, культуры — Юлію Чарняўскую, замежных спраў — Натальлю Каляду, адукацыі — Ганну Севярынец, гандлю — Вольгу Пракоп’еву, юстыцыі — Юлію Байко, спорту — Меліціну Станюту, а ў прадстаўніцтва ААН — героя Беларусі Дар’ю Домрачаву. Сілавыя пасады засталіся вакантнымі, папрасіў дапамогі. Але не чакаў, што разгарацца такія гарачыя абмеркаваньні.
«Апошнім часам сапраўды амаль ні пра што іншае не магу думаць, перажываю за Беларусь, проста ня ведаю, чым дапамагчы. Пішу вершыкі, вось сьцебануўся пра «жаночы кабінэт міністраў». Нават ня думаў, што выкліча такі рэзананс — ад падтрымкі жарту да нянавісьці за «гендэрную перакошанасьць». Проста хацеў разварушыць гэтую сытуацыю, паказаць, што некаторыя мужыкі занадта загуляліся ва ўладу. Так, у любым жарце ёсьць доля праўды. Але некаторыя ўспрынялі занадта блізка да сэрца і пачалі ганіць за «няправільную канцэпцыю», — сьмяецца ён.
Як не памяняй вяршыню піраміды, горш ужо ня будзе, мяркуе Генадзь Шульман. Але хоць беларусы ў сваім характары мірныя і адыходлівыя, што немагчыма дараваць дзейнай уладзе — гэта нэўтралізацыю апанэнтаў ды спробу зьвярнуць адказнасьць на іншых. Як у выпадку зь відэаапэратарам Зьмітром Завадзкім, з моманту зьнікненьня якога нядаўна мінула 20 гадоў.
«На шклоўскай зоне бачыў Ігнатовіча — яго абвінавацілі ў забойстве Завадзкага. Наша санчастка была прымацаваная да магілёўскай турмы, дзе ён сядзеў у адзіночцы. Выстраіліся на пляцы перад працай і якраз яго вялі. Гэта быў шок. У кайданах, ледзь перасоўвае ногі, проста шкілет. Наогул да чалавека не падобны, вязень Дахаў. Як у кіно паказваюць. Даводзяць, каб самаліквідаваўся. Ён жа так і не прызнаў віны. Таму зачынілі, каб ні з кім не кантактаваў, ня дай Божа яшчэ вылезе інфармацыя, журналісты напішуць... Нікому ўжо нічога не раскажа і ня дасьць інтэрвію».
Былі спадзяваньні, што штуршком стануць гучныя леташнія прызнаньні былога СОБРаўца Юрыя Гараўскага пра сплянаваную ліквідацыю Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага. Але ў самой Беларусі палямантавалі і сьціхлі, а міжнародная супольнасьць прадэманстравала поўную абыякавасьць, засмучаны Генадзь Шульман.
«Ня толькі мы зьмірыліся, Захад у некаторых выпадках паводзіць сябе проста подла са сваёй
„талерантнасьцю“, інакш ня скажаш, — кажа ён. — Замест таго, каб жорстка адказаць на рэпрэсіі, гвалт, арышты, зьнікненьні, дасылаюць рэжыму грошы, фінансуюць праграмы. Эўропа вельмі доўга думае, мабыць, ня хоча моцна ўлазіць, маўляў, сваіх праблем хапае. Таму адной рукой забіраюць, а другой даюць. Вось 300 мільёнаў эўра ідзе на будаўніцтва дарог, крэдыт ад ЭБРР. Ёсьць што расьпілоўваць і працягваць пасінелымі пальцамі трымацца за ўладу».
Лішні чалавек Моніч
Найбольшае расчараваньне ад сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі — мэтанакіраваны перасьлед за выказваньне ўласнай пазыцыі журналістаў, шоўмэнаў, музыкаў. Сярод апошніх, хто трапіў пад раздачу, — знакавая асоба беларускай музэйнай справы Мікіта Моніч. Балазе, той выпадак, калі бяз працы чалавек не застанецца, упэўнены Генадзь Шульман.
«Такіх маладых, прасунутых мастацтвазнаўцаў у краіне, мабыць, ня так і шмат. Ён проста перарос сыстэму. Мы добра знаёмыя, кантактуем. Летась я дапамагаў Дзіму Папову і Вользе Кліп зрабіць у Маскве выставу графікі Сальвадора Далі, запрасілі Мікіту адкрыць экспазыцыю.
Выдатныя ўражаньні. Я паважаю яго, нават па-бацькоўску люблю, ён вельмі добры і цікавы чалавек. Выявілася, яшчэ і сапраўдны грамадзянін. Проста дзіву даюся, як раскідваюцца кадрамі. Але можа і як блогер зарабляць, бо шмат народу на ім закручана, і ў прафэсіі без праблемаў знойдзе вакансіі».
Цікаўлюся ў Генадзя, чаму пасьля адбыцьця пакараньня ён не паспрабаваў вярнуцца да стану колішняга «Кляс-клюбу», а зьехаў у Расею? Па яго словах, нечаканы ўдзел у ягоным жыцьці ўзяў былы саліст «Верасоў», народны артыст Беларусі, сьветлай памяці Аляксандар Ціхановіч: хадзіў па ўладных кабінэтах, хадайнічаў, каб узяць на парукі.
«Я і сам не чакаў, як цяжка будзе вярнуць статус. Пасьля вольнага пасяленьня першыя месяцы быў на „хіміі“ ў Менску. Неяк прыехаў Саша Ціхановіч і пачаў клікаць да сябе. Як адмовіць? Ён атакаваў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў: пісаў лісты, хадзіў на прыёмы. Здавалася, куды я падзенуся? Але, як у таго Жванецкага: ёсьць такія людзі, якім дрэнна, калі іншым добра.
Не дазволілі. Хацелі сплавіць у якую-небудзь „вяндлярню“ на МТЗ, хоць па стане здароўя не падыходзіў у гарачыя цэхі. І тады выправілі ў Амсьціслаў. Я пачаў працаваць адміністратарам у прадусарскім цэнтры дыстанцыйна, нават удалося заключыць кантракт з П’ерам Рышарам».
Па вяртаньні ў верасьні 2015 году Генадзь Шульман паспрабаваў сабраць аскепкі клясклюбаўскай каманды, але двойчы ступіць у адну раку не атрымалася — 6 гадоў па-за справамі даліся ў знакі. Апусьціцца да статусу «насельніка рынкавых нішаў», як кажуць маркетолягі, не дазволіў гонар. Год яшчэ патузаўся, а затым ад’ехаў да сям’і ў Маскву.
«Сьвятлана — галоўны адміністратар у кампаніі, якая валодае франшызай на пастаноўкі брадвэйскіх м’юзыклаў „Кошкі“, „Мама мія“, „Прывід опэры“ і іншых. Я некалькі гадоў адпрацаваў з хлопцамі, якія разьвівалі івэнт-індустрыю, а другім напрамкам быў шоў-бізнэс. Але настолькі захапіўся івэнтамі, што ня стала жаданьня займацца шоў. Летась пайшоў на свой хлеб і выдатна сябе адчуваю. Зьявілася натхненьне пісаць. Пачаў у „Фэйсбуку“, стужкавым сябрам спадабалася. Падтрымалі прафэсіяналы. Так зьявілася першая кніжка. Абклаў каранавірус — думаю, чаго сядзець? Напісаў другую. І вось пачаў трэцюю».
Як кажа Генадзь, грошай такая дзейнасьць не прыносіць, але і ўкладаньняў таксама не вымагае. А для душы працягвае займаецца арганізацыяй канцэртаў. Ёсьць некалькі касавых калектываў, якімі ён апякуецца. Праўда, цяпер і гэтая дзейнасьць збольшага на паўзе. Прынамсі да восені.