У «цукровай справе» зьявіўся чарговы затрыманы — намесьнік гендырэктара Скідзельскага цукровага камбінату Сяргей Кулікоўскі, паведамляе Tut.by. Ёй самой ужо паўгода. Глядзім, што стала з цукровай галіной пасьля гучных арыштаў.
У канцы студзеня ў Беларусі пачаліся затрыманьні па «цукровай справе». Былі затрыманыя:
- дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
- дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
- дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
- дырэктар Скідзельскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
- былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня,
- дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
- заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.
Затрымалі кіраўнікоў усіх буйных цукровых заводаў Беларусі.
КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» — да бізнэсоўцаў.
Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў. Узімку па БТ паказалі расьсьледаваньне, у якім паведамілі, што:
- Дробны расейскі бізнэсовец даваў хабар усім чатыром дырэктарам цукровых заводаў.
- Дырэктары адкрылі ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», каб рабіць упакоўку для цукру.
- Фірма набывала дарагую сыравіну ў расейскай фірмы «Полимер».
- Абедзьве фірмы «не сьвяцілі» свае даходы, а «дзялілі паміж сабой».
- Злачынную схему пакрываў былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня.
- Прыбыткі «цукровых кіраўнікоў» складалі мільёны даляраў, па іх яны езьдзілі ў офіс расейскай кампаніі «Полимер».
Што з цукрам цяпер
Глядзім, як крымінальная справа паўплывала на вытворчасьць цукру і ягоны экспарт.
Са студзеня па красавік Беларусь экспартавала цукру на 42 мільёны даляраў, гэта на 12 мільёнаў менш, чым за такі ж пэрыяд у мінулым годзе.
Пры гэтым удвая прасеў экспарт цукру ў Расею. За студзень-красавік 2019 году — 43 мільёны даляраў, а сёлета — 20 мільёнаў даляраў.
Больш цукру сталі пастаўляць у Казахстан, Таджыкістан, Грузію, Літву.
Больш цукру сталі закупляць у Расеі. Са студзеня па красавік Беларусь закупіла цукру на 9 мільёнаў даляраў, гэта ўдвая болей, чым за такі ж пэрыяд летась. Найбольш — у Расеі: сёлета на 9 мільёнаў, летась на 2,9 мільёна.
На 1 мільён даляраў Беларусь набыла і сыравіны для цукру, найбольш — у Расеі. Яшчэ на пачатку «цукровай справы» Свабода паведамляла, што на цукровым рынку лішак тавараў, і ў Расеі цукар аказаўся таньнейшы, чым у Беларусі. Бо там цэны дыктуе рынак, а ў Беларусі яны вызначаюцца дзяржавай.
Такім чынам, ад пачатку «цукровай справы» экспарт прасеў, а імпарт, наадварот, вырас: як сыравіны, так і гатовага прадукту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейскі цукар маглі завозіць, каб пагасіць страты». Пра якую махлярскую схему з цукрам казаў ЛукашэнкаШто вядома праз паўгода пра «злачынную схему»
У сюжэце БТ гаварылася пра фірму «Еўратарэкс», якую нібыта стварылі ў Беларусі адмыслова пад злачынную схему, пра што ў эфіры расказаў сьледчы КДБ Канстанцін Бычак (той самы, што нядаўна камэнтаваў справу «Белгазпрамбанку»). Згодна зь дзяржаўным рэестрам, гэтая фірма зьявілася 20 гадоў таму. Яе кіраўнік — Дзьмітры Сямашка.
Праз паўгода пра затрыманьні ў гэтай фірме не чуваць. Але адзіны тэлефон удзень 16 ліпеня ўвесь час заняты, згодна зь дзяржаўным рэестрам фірма працягвае працаваць.
Аляксандар Лукашэнка тады ж апісваў іншую схему, адрозную ад той, што паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі.
«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па стратных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарам раздавалі гэтым дырэктарам заводаў».
Як бачым са статыстыкі, цяпер з Расеі экспартуецца яшчэ больш цукру, чым летась.
24 чэрвеня намесьнік генпракурора Аляксей Стук паведамляў, што фігуранты «цукровай справы» «супрацоўнічаюць са сьледзтвам» і «прызналі факты крымінальнай дзейнасьці». На той момант яны былі пад вартай.
16 ліпеня ў КДБ, які расьсьледуе гэтую крымінальную справу, даведацца актуальную інфармацыю не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так з расьсьледаваньнем БТ пра «цукровую мафію». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параўноўваем: якія заробкі атрымліваюць прэзыдэнты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы здымаюць уклады. Разьбіраемся, як гэта зьвязана са справай «Белгазпрамбанку»