Symbal.by аштрафавалі больш як на 2000 рублёў за перавозку маек «Псіхо3%» без дакумэнтаў

Эканамічны суд Менску аштрафаваў 16 ліпеня краму Symbal.by больш як на 2000 рублёў.

У Эканамічным судзе ў адзін дзень адбылося некалькі паседжаньняў, зьвязаных з крамай:

  • адміністрацыйная справа супраць кампаніі «Сымбаль бай» і такая ж справа супраць ейнага дырэктара Паўла Белавуса за перавозку без суправаджальных дакумэнтаў 416 цішотак «Псіхо3%»;
  • прэтэнзія МНС наконт парушэньня пажарнай бясьпекі і эксплюатацыі кабінэта кіраўніцтва не паводле праектнай дакумэнтацыі.

Паводле галоўнай бухгальтаркі крамы Ксеніі Мілашэўскай, курʼер забыўся на дакумэнтацыю перад выездам. Суд пастанавіў аштрафаваць краму на 45% ад кошту тавару — на 1360 рублёў. Дырэктара кампаніі аштрафавалі за тое самае на 675 рублёў.

Наклад цішотак каштаваў краме 3022 рублі, агульная сума штрафу за перавозку іх без дакумэнтаў — 2035 рублёў.

МНС настойвае на прыпыненьні дзейнасьці крамы. Наступнае паседжаньне ў гэтай справе пройдзе 27 ліпеня.

Бізнэсовец Павал Белавус абвясьціў пра закрыцьцё офлайн-крамы Symbal.by з 29 чэрвеня. Раней прыпыніла сваю працу онлайн-крама.​Паводле Белавуса, праверкі супраць крамы не спыняюцца, іх робіцца толькі больш.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.