Нацыянальны цэнтар кібэрбясьпекі Вялікай Брытаніі абвінаваціў расейскіх хакераў у спробе выкрасьці інфармацыю пра распрацоўку брытанскай вакцыны ад каранавірусу новага тыпу. У паведамленьні гаворыцца, што хакеры амаль напэўна дзейнічалі пад кіраўніцтвам расейскай выведкі.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Паводле згаданага цэнтру, групоўка хакераў пад назвай APT29 атакуе арганізацыі, якія маюць дачыненьне да распрацоўкі вакцыны, у Вялікай Брытаніі, ЗША і Канадзе. Да аналягічных высноваў прыйшлі спэцслужбы і астатніх дзьвюх краін, падкрэсьліваецца ў паведамленьні. Якія канкрэтна арганізацыі ці асобы былі атакаваныя хакерамі — не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хакеры ўзламалі твітэр-акаўнты Гейтса, Маска, Абамы, БайдэнаНавукоўцы зь Вялікай Брытаніі першымі паведамілі пра старт выпрабаваньняў вакцыны ад каранавірусу новага тыпу на людзях — гэта адбылося яшчэ ў красавіку. Група распрацоўнікаў з Оксфардзкага ўнівэрсытэту лічыцца лідэрам у глябальнай гонцы, мэта якой — стварыць вакцыну.
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб паабяцаў, што Лёндан разам з саюзьнікамі будуць прыцягваць да адказнасьці тых, хто робіць такія кібэратакі. «Абсалютна недапушчальна, што расейскія спэцслужбы дзейнічаюць супраць тых, хто змагаецца з пандэміяй каранавірусу», — цытуе яго словы сайт брытанскага ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея актыўна ўмешвалася ў выбары 2016 году, — справаздача Сэнату ЗШАРасейскамоўная групоўка APT29 (вядомая таксама як Cozy Bear і Dukes) актыўная з 2014 году. Хакераў абвінавачвалі ва ўзломе Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША напярэдадні выбараў прэзыдэнта 2016 году і ў шматлікіх атаках на ўрадавыя ведамствы заходніх краін. Спэцслужбы ЗША зьвязваюць узлом з расейскай вайсковай выведкай.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ