У Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заявілі, што несвоечасовае запрашэньне назіральнікаў на выбары ў Беларусі парушае прынятыя краінай абавязацельствы, паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі.
У сумеснай заяве старшыні камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях Кірыякаса Хаджыані, яго намесьніка Майкла Георга Лінка і дакладчыка камітэту Кары Хенрыкс падкрэсьліваецца, што ўсе дзяржавы — удзельніцы АБСЭ абавязаны ў адпаведнасьці з Капэнгагенскім дакумэнтам АБСЭ 1990 году садзейнічаць назіраньню за выбарамі з боку іншых дзяржаваў-удзельніц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назіральнікаў ад АБСЭ на выбарах у Беларусі ня будзе, бо іх не запрасілі«Той факт, што Беларусь да гэтага часу не змагла запрасіць АБСЭ для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня, фактычна перашкодзіў назіраньню за ключавымі этапамі выбарчага працэсу, такімі як фармаваньне выбарчых камісій і рэгістрацыя кандыдатаў.
Хоць Парлямэнцкая асамблея не плянавала накіроўваць назіральнікаў з прычыны пандэміі COVID-19, мы вельмі шкадуем аб тым, што адсутнасьць запрашэньня ў нашых партнэраў па БДІПЧ перашкодзіла ім праводзіць якія-небудзь мерапрыемствы па назіраньні за выбарамі. Народ і дзяржаўныя інстытуты Беларусі выйгралі б ад дадатковай празрыстасьці, забясьпечанай назіраньнем за выбарамі з боку АБСЭ», — падкрэсьлілі ў заяве.
Таксама ў ёй выказваецца заклапочанасьць затрыманьнямі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і перасьледам актывістаў апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС заявілі, што накіравалі запрашэньне назіральнікам АБСЭ 15 ліпеня, як і плянавалі першапачаткова15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ абвясьціла, што ня будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня не дазваляе правесьці паўнавартаснае назіраньне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу.
Увечары 15 ліпеня МЗС Беларусі паведаміў, што накіраваў запрашэньні міжнародным назіральнікам «дакладна ў дзень пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, у поўнай адпаведнасьці з раней зробленымі публічнымі заявамі МЗС».
Парлямэнцкая асамблея АБСЭ 7 ліпеня паведаміла, што ня будзе накіроўваць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, бо ў яе «няма плянаў назіраць за выбарамі да восені як мінімум з прычыны пандэміі COVID-19».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.