У ГУУС Менгарвыканкаму пракамэнтавалі затрыманьне і зьбіцьцё карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча, які 15 ліпеня вёў жывы рэпартаж ад будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Пры затрыманьні Антону Трафімовічу зламалі нос; пасьля вызваленьня ён зьвярнуўся па мэдычную дапамогу, яму наклалі чатыры швы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падлога пада мной была ў крыві». Карэспандэнту Свабоды зламалі нос пры затрыманьніАфіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч сказала Свабодзе, што Антон Трафімовіч «аказаў непадпарадкаваньне».
«Грамадзянін аказаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі. У рамках адміністрацыйнага працэсу ён быў затрыманы і дастаўлены для разбору ў Заводзкі РУУС гораду Менску. Цялесныя пашкоджаньні, пра якія паведамляе малады чалавек, былі атрыманыя ім падчас непадпарадкаваньня. Па факце атрыманьня цялесных пашкоджаньняў матэрыял накіраваны ў падразьдзяленьне Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь для правядзеньня праверкі і дачы прававой ацэнкі», — сказала афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску схапілі журналістаў, у тым ліку карэспандэнта Свабоды Антона ТрафімовічаАнтон Трафімовіч сказаў, што ніякага непадпарадкаваньня супрацоўнікам міліцыі ён не чыніў.
«Ніхто не прадстаўляўся, проста падбеглі людзі ў цывільным, схапілі за рукі, выцялі па галаве, не сказаўшы, за што мяне цягнуць. Я не супраціўляўся. Я нават ня меў магчымасьці супраціўляцца, бо іх было чацьвёра, хто мяне цягнуў. Гэта было праз 10-15 хвілін пасьля стрыму. Тое, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі, я даведаўся толькі тады, калі мяне прывезьлі ў РУУС», — сказаў журналіст.
Антон Трафімовіч сьцьвярджае, што ніякага разбору ў Заводзкім РУУС не было.
«Нас там ніхто не апытваў, праз гадзіну нас выпусьцілі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адыдзі, тлустая карова!» Пасьля закрыцьця ЦВК адбыліся затрыманьні. ВІДЭА