«Лукашэнка напалохаўся, што ніхто за яго не прагаласуе», — шасьціразовы чэмпіён сьвету Ігар Жалязоўскі пра рэпрэсіі ў Беларусі

Ігар Жалязоўскі

«26 гадоў Лукашэнка з трыбуны прамаўляе адно, а робіць зусім іншае. Таму сёньня ўсё залежыць ад людзей, найперш маладых, якім тут жыць: ад іх мужнасьці, стойкасьці, вытрыманасьці». Самы ўганараваны беларускі канькабежац, шасьціразовы чэмпіён сьвету, алімпійскі прызэр Ігар Жалязоўскі адрэагаваў на сілавы сцэнар, выбраны беларускімі ўладамі падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Незапатрабаваны на радзіме, былы спартовец даўно пераехаў у Расею, займаецца там бізнэсам. Кажа, што з прычыны празьмернай занятасьці не атрымліваецца засяродзіцца на нюансах і раскладзе палітычнай кампаніі, але выклікае засмучэньне, што ўсё часьцей навіны зь Беларусі нагадваюць «франтавыя зводкі з крымінальным адценьнем» — пералік арыштаваных прэтэндэнтаў і чальцоў іх камандаў, ператрусы і спэцапэрацыі сілавікоў, разгон мірных акцый і нават чэргаў у краму ці ЦВК.

«Каб утрымаць уладу, даводзіцца дзейнічаць усё больш брутальна»

Паводле Ігара Жалязоўскага, асабліва цяжка было стрымаць эмоцыі, калі пасьля адмовы Цэнтарвыбаркаму зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу сілавікі брутальна «вінцілі» па ўсёй Беларусі як удзельнікаў спантанных акцый, так і выпадковых мінакоў. Хіба што ў Расеі, якой таксама далёка да стандартаў дэмакратыі, абыходжаньне з пратэстоўцамі такое ж жорсткае, кажа ён.

Ігар Жалязоўскі, архіўнае фота

«На жаль, нічога новага Лукашэнка не прыдумаў, так заўсёды было, — гаворыць Ігар Жалязоўскі Свабодзе. — Магу памыліцца, але яшчэ ніводная кампанія за 20 апошніх гадоў не заканчвалася мірна. Адзінае, з кожным разам толькі брутальней, бо ўсё цяжэй утрымаць уладу. Вось, відаць, і напалохаўся, што рэальна ніхто не прагаласуе, бо да гэтага ўсё ішло. Плюс пастарэў, адстаў у тэхналёгіях. Цяпер штосьці сфальсыфікаваць нашмат складаней, чым нават 5 гадоў таму: усе сталі блогерамі, пішуць пасты, выкладаюць відэа. Нешта схаваць ня тое што цяжка, а немагчыма. Таму такая ваяўнічая рэакцыя».

Галоўная праблема Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што, ізаляваўшыся ва ўмоўных Драздах, ён страціў сувязь з рэальнасьцю, лічыць Ігар Жалязоўскі. Уявіў сябе мэсіяй, безь якога краіна зойдзе ў тупік, а народ разгубіцца, застаўшыся бяз «бацькі-пастуха».

«Ведаючы нашага кіраўніка, складана чакаць сумленнай барацьбы, — працягвае ён. — Асабіста для мяне было абсалютна прадказальна, што будуць выбраныя менавіта такія мэтады — дыскрэдытацыя апанэнтаў, пасадкі канкурэнтаў, жорсткія разгоны і суды пад капірку. І яго не хвалюе, што тым самым толькі больш настройвае людзей супраць сябе, адштурхоўвае нават тых, хто некалі яго падтрымліваў. Пляваць на ўсіх, паверце. Для яго галоўнае — застацца пры ўладзе, бо ведае, што інакш магчымыя наступствы. Ну а навошта рызыкаваць, калі можна падоўжыць тэрмін яшчэ на 5, а то і на 10 гадоў? Тым больш здароўе дазваляе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Жалязоўскі: Стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс мэдаль сваёй краіне

«Думалі, супраць Канстытуцыі ня пойдзе, а ён яе перапісаў пад сябе»

Ігар Жалязоўскі пасьмейваецца з заяваў Аляксандра Лукашэнкі, які ўжо пачаў неарыгінальна паўтарацца пра адсутнасьць намеру трымацца за ўладу «пасінелымі пальцамі». Бо на справе дэманструе абсалютна іншае, канстатуе суразмоўца, — «мёртвую хватку».

«Адна справа — „езьдзіць па вушах“, і зусім іншае — даказаць свае намеры ў рэальнасьці. Трэба ж ацэньваць учынкі, а ня словы. Правільна людзі гавораць: 26 гадоў Лукашэнка з трыбуны прамаўляе адно, а на справе робіць абсалютна іншае. У гэтым сэнсе я з народам цалкам салідарны. Таму сёньня ўсё залежыць ад саміх беларусаў, найперш маладых, якім тут жыць: ад іх мужнасьці, стойкасьці, вытрыманасьці. Калі нічога не рабіць, то ўсё закансэрвуецца і будзе працягвацца вечна. На жаль, у свой час недаацанілі, думалі, супраць Канстытуцыі прэзыдэнт дакладна ня пойдзе. А ён яе проста прыстасаваў пад свае патрэбы».

Колішні спартовец аб’езьдзіў практычна ўвесь сьвет і сумняваецца, што дзесьці ёсьць яшчэ такая краіна, у якой кожныя прэзыдэнцкія выбары суправаджаюцца масавымі пасадкамі апанэнтаў.

«Лукашэнка так падпарадкаваў сабе сыстэму ўладнай вэртыкалі, што грамадзянская супольнасьць практычна ня ў стане на нешта паўплываць. Захацеў некага пасадзіць, не пасьпеў прыгразіць — чалавек ужо сядзіць.

Толькі падумаў, што было б добра зьняць суперніка з выбараў — канкурэнт ужо на ўзбочыне. Безумоўна, гэта ненармальна для цывілізаванай краіны, але факты гавораць самі за сябе. З гледзішча ягонай бясьпекі і плянаў на будучыню так і павінна быць, тут нічога дзіўнага. Дзіўна толькі для ўсяго астатняга сьвету, які за гэтым тэатрам абсурду назірае», — падсумоўвае Ігар Жалязоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я супраць таго, каб палітыкі лезьлі ў спорт». Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі пра жыцьцё паміж выбарамі

«Хто б ня быў ва ўладзе, гістарычныя атрыбуты кранаць нельга»

Прозьвішча Жалязоўскага ў вялікім спорце стала сынонімам неверагодных магчымасьцяў. Ён адзін з наймацнейшых канькабежцаў-спрынтэраў свайго часу. З агульных 88 стартаў на этапах Кубку сьвету 54 разы ўздымаўся на подыюм, зь іх 30 — на найвышэйшую прыступку.

Беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі на Чэмпіянаце сьвету-1985

Тры гады запар перамагаў у агульным заліку Кубку сьвету (1991–1993). Шасьціразовы чэмпіён сьвету (1985, 1986, 1989, 1991, 1992, 1993) — гэтае дасягненьне ўключылі ў Кнігу рэкордаў Гінэсу. Пяць разоў прызнаваўся найлепшым беларускім спартоўцам (1985, 1986, 1989, 1991, 1993).

Не атрымалася ў прафэсійнай біяграфіі толькі паставіць кропку ў выглядзе алімпійскага золата. Тым ня меней стаў першым у гісторыі атлетам, хто здабыў алімпійскі мэдаль для незалежнай Беларусі — срэбра Лілегамэра ў 1994 годзе (шасьцю гадамі раней бронзу ў Калгары за зборную СССР).

Беларускі канькабежац Ігар Жалязоўскі і ягоны першы трэнэр Мікалай Гапеенка

У Нарвэгіі Ігар Жалязоўскі мог адзначыцца двойчы: як сьцяганосец зборнай Беларусі, якая на Гульнях-1994 дэбютавала самастойнай камандай, і як аўтар першай узнагароды для маладой краіны. Удалося напалову. У апошні момант дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг даручылі біятляністу Яўгену Рэдзькіну — мэдалёвага канькабежца вырашылі паберагчы. Крок апраўдаўся, хоць не ў максымальным варыянце: замест заплянаванага залатога дажджу толькі аднойчы здарылася срэбра.

Ігар Жалязоўскі

Тым ня менш Жалязоўскі назаўсёды застанецца сярод тых нешматлікіх беларускіх спартоўцаў, у гонар якіх на спаборніцтвах найвышэйшага рангу ўздымаўся нацыянальны сьцяг. Яшчэ за год да таго, у 1993-м, ён выйграў чэмпіянат сьвету ў Японіі і ў «ведамасьцях» ужо праходзіў як «бел-чырвона-белы» беларус. Таму цяперашняе варожае стаўленьне да гістарычнай сымболікі з боку ўладаў яму незразумелае.

«Я стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс золата сваёй краіне, — успамінае Ігар Жалязоўскі. — Праз год — срэбра ў Лілегамэры. Наш гістарычны сымбаль, навошта ад яго адмаўляцца? Гэта якраз і ёсьць спрадвечны сьцяг беларусаў. Мы зь ім паўтысячы гадоў, як можна ігнараваць? Якая б ні была палітыка, хто б ні быў ва ўладзе, гістарычныя атрыбуты кранаць нельга. Ну што цяперашні чырвона-зялёны? Толькі як напамін пра СССР, паводле шаблёну намалявалі ўсім рэспублікам. Але ж гэта не пачатак Беларусі. Няўжо нехта сур’ёзна лічыць, што для нас усё пачалося толькі ў 1917-м?»

«Калі маеш уласны погляд на палітыку, працаваць не дадуць»

У 30-гадовым узросьце, акурат пасьля Лілегамэру, Ігар Жалязоўскі абвясьціў пра заканчэньне кар’еры. Перайшоў на адміністрацыйную працу, стаў дарадцам міністра спорту. Верыў, што здольны скіраваць беларускі спорт у бок разьвіцьця. Аднак агульнай пазыцыі з кіраўніцтвам ведамства знайсьці не ўдалося.

У сярэдзіне 1990-х пачалося стварэньне Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Беларусі, ініцыятыўнага функцыянэра адправілі на «падвышэньне». Узначальваў арганізацыю цягам 1996–2001 гадоў, аднак ва ўмовах дзяржаўнага дыктату разгарнуцца так і не ўдалося. Паралельна амаль 10 гадоў кіраваў Беларускім саюзам канькабежцаў, у рамках якога таксама адказваў за падрыхтоўку фігурыстаў і майстроў шорт-трэку.

Ігар Жалязоўскі, архіўнае фота

Быў сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, на пачатку нулявых выведзены зь яго складу. Фармальнай прычынай стала тое, што праігнараваў алімпійскі сход з удзелам прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. «Прагул» тлумачыць тым, што пачаў спрабаваць сілы ў бізнэсе і ня мог зьявіцца «на першы пстрык пальцаў» — тэрміны да таго ня раз пераносіліся.

Аднойчы адважыўся паспрабаваць сябе ў дзяржаўным жыцьці. Дакладней, выкарысталі як прынаду, бяздумна пагадзіўся, удакладняе Жалязоўскі. У 2000 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў з пасады старшыні Паралімпійскага камітэту. Як і іншы славуты спартовец, шматразовы чэмпіён сьвету і Алімпійскіх гульняў у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч.

Для Жалязоўскага тая кампанія нічым ня скончылася, а Парфяновіч хоць і стаў дэпутатам, але за апазыцыйную рыторыку страціў усё — пасаду на чале Беларускай фэдэрацыі веславаньня, бізнэс, права на працу ў Беларусі.

«Пытаньні палітыкі ў Беларусі ўспрымаюцца надзвычай востра, — кажа ён. — Калі маеш уласную думку, не дадуць нармальна працаваць. То бок кожны можа апынуцца ў скуры Валодзі Парфяновіча. Я ніякіх амбіцый ня меў, на працы зацыкліліся: давай сунем у дэпутаты! Ну і ўгаварылі. Якраз былі Паралімпійскія гульні ў Сыднэі, нават быў вымушаны раней адляцець на другі тур. Але як толькі ўвязаўся ў авантуру, адразу зразумеў, што займаюся абы-чым. Езьдзіш па прадпрыемствах, нясеш лухту. У выніку выйграў дырэктар аршанскай школы, я ўздыхнуў з палёгкай. Пра той досьвед нават не ўспамінаю».

«Сытуацыя ў Расеі няпростая, і ня толькі ў эканоміцы»

Адсутнасьць інтарэсу да рэфармаваньня паралімпійскай галіны з боку дзяржаўнага кіраўніцтва і ўсё большы вал крытыкі ў адрас «праўдаруба» прымусілі пакінуць пасаду. У беспрацоўнай паўзе малодшы брат Валер прапанаваў далучыцца да свайго бізнэсу, зьвязанага з пастаўкамі ў Расею прадукцыі менскага «Кераміну» — пліткі, умывальнікаў, унітазаў. Авансам атрымаў пасаду гендырэктара, стаў кіраваць падразьдзяленьнем у Маскве.

Стваралі тэрмінальныя склады, лягістычныя цэнтры, якія забясьпечвалі дастаўку беларускай прадукцыі па ўсёй Расеі. А з часам пачалі будаваць свае керамічныя заводы. Першы зьявіўся ў Санкт-Пецярбургу, другі — у «закрытым» горадзе Сьнежынску Чалябінскай вобласьці, трэці — у Балабанаве пад Калугай. Да «Кераміну» гэтыя суб’екты ніякага дачыненьня ўжо ня мелі.

Цяпер у склад АТА «Фрылайт» уваходзяць прамысловыя магутнасьці пад гандлёвымі маркамі «Ўральскі граніт» і «Кераміка будучыні». Прадукцыя сярэдняга і найвышэйшага цэнавага сэгмэнту мае скласьці канкурэнцыю замежным для Расеі брэндам, у тым ліку і «Кераміну». Галаўны офіс Ігара Жалязоўскага ў Сьнежынску, дзе месьціцца адзін з заводаў.

А ці паўплывалі нейкім чынам на сямейны бізнэс братоў абмежаваньні ў зьвязку з пандэміяй каранавірусу?

Ігар Жалязоўскі

«Натуральна, стала нашмат горш — і з вытворчасьцю, і са збытам, — наракае Жалязоўскі-старэйшы. — Грошай у людзей больш не становіцца, многія вытворчасьці, дзе яны занятыя, прыпынілі ці скарацілі. Адпаведна, прыватнае будаўніцтва, рамонт адкладзеныя да лепшых часоў. Плюс у нас ня самая танная прадукцыя.

Камэрсанты таксама прыціхлі, няма актыўнасьці. Таму цяжка нават параўноўваць з дакаранавірусным часам. Аб’ектыўна складана, бо агулам сытуацыя ў Расеі няпростая, я ня толькі пра эканоміку. Але будзем працаваць, каб неяк з гэтай прорвы выкараскацца, іншага выйсьця няма».

Славуты канькабежац мае траіх дзяцей і дзьвюх унучак. Сын жыве і працуе ў ЗША, абедзьве дочкі ў Менску — спробы перасяліцца ў Санкт-Пецярбург аказаліся бясплённымі. Ніхто зь дзяцей спартовым шляхам бацькі не пайшоў.

Сам ён паміж службовымі выправамі рэгулярна наведваўся ў Беларусь, але пандэмія ўзьвяла непераадольныя бар’еры на «саюзнай мяжы». Засесьці пасьля прыезду на два тыдні ў карантын ён сабе дазволіць ня можа.