Як тры беларускія сям'і жывуць у пандэмію. Рэальныя гісторыі пра COVID-19

Сьвятлана і Ігар Вайсковіч, архіўнае фота

Сьвятлана Вайсковіч зь Віцебску, Віктар Дучак з Горадні і шматдзетная сямʼя Мякшынавых з Гомля — героі спэцпраекту Радыё Свабода. На працягу некалькіх месяцаў мы сочым, як беларусы перажываюць эпідэмію COVID-19.

1 лютага 📅

Сьвет закрывае межы для турыстаў з Кітаю, бо там ад каранавірусу загінулі ўжо больш за 300 чалавек. Расея адмяняе бязьвізавы рэжым з Кітаем.

Беларусь накіроўвае ў Кітай самалёт з мэдыкамэнтамі. Кітай дзякуе Беларусі, дзе ніхто пакуль не захварэў. Улады ніяк не выказваюцца пра новую хваробу.

1 сакавіка 📅

У Беларусі першы завозны выпадак каранавірусу. Станоўчы тэст мае студэнт з Ірану, які навучаецца ў БНТУ.

Унівэрсытэт адразу пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне. Міністэрства аховы здароўя Беларусі заяўляе аб узмацненьні мераў кантролю на мяжы і праводзіць штодзённыя прэс-канфэрэнцыі. На павышаную тэмпэратуру правяраюць грамадзян Ірану, Кітаю, Паўднёвай Карэі і Італіі.

Лукашэнка сказаў, што «межы зачыняць ня трэба». З аптэк зьнікаюць сродкі асабістай засьцярогі: антысэптыкі, маскі.

ВІЦЕБСК

Сьвятлана Вайсковіч. «У яго знайшлі пнэўманію, у мяне — не»

40-гадовая Сьвятлана Вайсковіч жыве ў Віцебску

У сакавіку гэты горад з больш як 350 тысячамі насельніцтва называлі беларускім каранавірусным «Бэргама». Кажуць, што першымі захварэлі супрацоўнікі абутковай фабрыкі, якія выяжджалі па справах у Італію. Тут жа зафіксавалі першыя сьмерці ад каранавірусу. Сытуацыя была такая цяжкая, што пад хворых з COVID-19 перапрафілявалі большасьць мясцовых клінік. Тых, хто кантактаваў з хворым, але ня меў сымптомаў хваробы, зьмясьцілі ў санаторыі.

Сярод соцень беларускіх ахвяраў COVID-19 — Сьвятланін каханы, яе муж Ігар.

«Я невядома чым перахварэла»

«Гэта было ў панядзелак, 6 красавіка. У яго знайшлі пнэўманію, у мяне — не. Ігар не хацеў класьціся ў шпіталь. Казаў, што ня вернецца адтуль. Хто б мог падумаць... Мы селі ў машыну і паехалі ў шпіталь. Машына так і стаіць там на стаянцы. Я дрэнна сябе адчувала. Правяла яго да ўваходу і пайшла на тралейбус.

Пазьней стала вядома, што тэст на каранавірус станоўчы», — піша Сьвятлана 17 красавіка. Гэта дзень, калі хавалі яе мужа. Ігар згарэў менш як за два тыдні. Пахаваць яго Сьвятлана не змагла, бо сама ляжала ў шпіталі.

«Я невядома чым перахварэла, мне дыягназ „каранавірус“ не паставілі, — кажа Сьвятлана. — Роўна два тыдні я там праляжала».

Сьвятлана і Ігар у музэі-сядзібе Ільлі Рэпіна Здраўнёва

Сьвятлана кажа, што дактары ім трапіліся «клясныя». «Яны прыходзяць, бачаць цябе першы раз у жыцьці, але адразу ўсё разумеюць», — тлумачыць яна.

Але па ўмовах каранавірусны беларускі шпіталь быў «мясарубкай»:

«У чарзе, каб трапіць у шпіталь, сядзяць ня менш як 50 чалавек. Сядзяць хворыя і здаровыя, усе разам, у масках і без, у пальчатках і без. Хто не хварэў, той захварэе, адназначна, — апісвала гэта жанчына. — Санітаркам, мэдыцынскім сёстрам не хапае экіпіроўкі. Яны надзяваюць пампэрсы, наверх — адзеньне, а яшчэ наверх, як я кажу, „парнік“ (засьцерагальны касьцюм. — РС). У такім адзеньні цяжка нават проста хадзіць, ня тое што працаваць. Гэта рэаліі».

Віцебскія шпіталі былі перапоўненыя. Сьвятлана ляжала ў трохмеснай палаце. Ва ўсіх быў адмоўны тэст на COVID-19. Пасьля да іх зьмясьцілі яшчэ дзьвюх жанчын, і ў некаторых тэсты зрабіліся станоўчымі.

«Дома раўла так, што на 9-м паверсе было чуваць»

«Наконт таго, што перахварэюць усе, то гэта праўда», — кажа Сьвятлана. Яе выпісалі 24 красавіка. З тэмпэратурай.

«Прыехала дамоў, адна, мазгі набакір, шчыра скажу, — згадвае Сьвятлана. — Раўла, напэўна на 9-м паверсе было чуваць. Адразу мне ежы пад дзьверы прынесьлі. Нават не прасіла нікога. Проста што веруючыя людзі», — кажа яна.

Сьвятлана працуе ў каталіцкай царкве. Кажа, што падтрымка сяброў па веры была вельмі моцная. Яна таксама ўдзячная калегам мужа, якія годна яго пахавалі.

«На бальнічным ніхто ня хоча цябе трымаць. Выйшаў са шпіталя — хоць адразу на працу ідзі», — кажа яна. Хоць выпісвалі яе на ўмовах самаізаляцыі. Яшчэ тры тыдні яна правяла дома на бальнічным.

«Мільён людзей хутчэй выпісваюць, і яны чапляюць хваробу другім наваратам і трапляюць у шпіталь. Я такіх людзей рэальна ведаю. Навошта іх тады выпісвалі? — абураецца жанчына. — Мне доктарка кажа: „Прыйдзіце, я вам закрыю бальнічны, здымак нармальны, кроў нармальная, можна закрываць“. Я абалдзела, бо па стане здароўя я ніякая была. Як мне бальнічны закрываць?»

Канчатковы дыягназ Сьвятланы — двухбаковая полісэгмэнтарная пнэўманія. Тэст на COVID-19 даў адмоўны вынік.

25 чэрвеня Сьвятлана здала тэст на антыцелы да COVID-19, і ён паказаў іх наяўнасьць. Гэта азначае, што каранавірус у яе ўсё ж быў.

Як толькі Сьвятлана паправілася сама, пачала дапамагаць іншым.

«Людзі расслабіліся, ходзяць бяз масак. Я цяпер займаюся тым, што падтрымліваю іншых людзей, якія ў такую сытуацыю трапілі. Ёсьць сямʼя, дзе муж у адным шпіталі, а жонка ў другім, — кажа Сьвятлана — 20 дзён чалавек быў дома, ужо і бальнічны закрывалі. Кампутарную тамаграфію проста так ня выбіць, трэба крычаць, патрабаваць».

Сын Сьвятланы сёлета скончыў школу. Яшчэ на вясновых вакацыях, да сваіх хваробаў, Сьвятлана і Ігар пасьпелі адправіць яго да Сьвятланіных бацькоў у Мёры. Там ён і правёў апошнія месяцы. Але іспыты, выпускны — у чэрвені ўсё ў Віцебску праходзіла як звычайна: уручэньне атэстатаў, урачыстасьці, канцэрт. Адмаўляцца ад гэтага ва ўмовах эпідэміі ніхто ня стаў.

«Так і памёр паміж каталіцкім Вялікаднем і праваслаўным»

«Жылі мы разам з 2012 году, — расказвае Сьвятлана пра Ігара. — Я прыйшла дахаты пасьля анкалёгіі з апэрацыі, і ён да мяне прыехаў. Гэта наш другі шлюб, і ад першых шлюбаў у нас ёсьць дзеці».

«Ён хадзіў са мной у касьцёл, хоць ён праваслаўны чалавек, — расказвае пра мужа Сьвятлана. — У касьцёле ён шмат чаго рабіў. Хто паставіць ялінку? Ігарок паставіць. Хто цвік увабʼе? Ігарок увабʼець. Хто паедзе па вярбу? Ігарок паедзе па вярбу. Ён вельмі хацеў, каб мы былі разам».

«Так і памёр паміж каталіцкім Вялікаднем і праваслаўным», — кажа пра мужа Сьвятлана.

«Мне яго не хапае. Я сёньня стаю ў краме, закупляюся прадуктамі, што мяне ў шпіталь прасілі, і разумею, што машынальна бяру прадукты, якія любіць Ігар, — расказвае яна. — Яго няма, ніхто іх ня будзе есьці, бо гэта любіў толькі ён. Так гэта ўсё цяжка. Але і не прысьніўся мне ні разу. Аднойчы нейкая карцінка была, што я стаю дома, у сябе ў Мёрах, ён сьпінай да мяне стаіць, і я руку кладу яму на плячо, і ён адчыняе дзьверы, выходзіць у іх, а там такое сонца яркае-яркае. І ўсё. Я прасіла яго, каб прысьніўся, сказаў хоць бы што. Але не».

Сьвятлана кажа, што як веруючы чалавек ня можа тлумачыць сабе, чаму такое гора выпала на яе долю.

«Калі мне было 32 гады, я трапіла ў анкалёгію, — расказвае яна. — Я маладая, толькі хату пабудавала, пераехала, сын малы. Я была ў шоку. І мне пастаянна мучыцца — за што? Зь цягам часу я зразумела, што ня варта такое пытаньне задаваць. Бог ад нас гэтага ня хоча, проста ты павінен узяць свой крыж і ісьці далей».

Сын Сьвятланы хутка стане студэнтам. Хоча вывучаць гісторыю ў Віцебскім унівэрсытэце. Пра эпідэмію ў Віцебску Сьвятлана кажа, што хварэюць ужо менш, шпіталі вяртаюцца да звычайнай працы.

Сёлета арганізаваную пілігрымку адмянілі. У Будслаў Сьвятлана зьезьдзіла сама. Бязь Ігара, але так, як рабілі разам зь ім.

1 красавіка 📅

У Беларусі 157 хворых на каранавірус і два сьмяротныя выпадкі. Міністэрства аховы здароўя найперш правярае кантакты кожнага, хто захварэў.

Шмат якія прыватныя кампаніі сыходзяць на рэжым самаізаляцыі і пераводзяць супрацоўнікаў на працу з дому. Дзяржаўныя кампаніі працуюць звычайным парадкам.

Межы ўлады не зачыняюць, карантын ня ўводзяць, хоць на карантын ідуць усе суседзі Беларусі.

Лукашэнка кажа, што «можа ўвесьці карантын у любы час», а каранавірус раіць лекаваць «лазьняй, трактарам і гарэлкай».

ГОРАДНЯ

Віктар Дучак: «На офісе я вешаю шыльдачку Closed»

Віктар Дучак

Гарадзенец Віктар Дучак упершыню ў жыцьці застаўся фактычна бяз працы. Бізнэс, які ён будаваў сем гадоў на памежжы, можа закрыцца, а сам Віктар разважае, як працаваць ва ўмовах пандэміі.

Віктар валодае візавай агенцыяй kolybri.by. Ягоная фірма дапамагае беларусам, расейцам, украінцам рабіць візы, кансультуе па пытаньнях эміграцыі. Асноўныя кірункі — Польшча, Літва, ЗША. Віктар узяўся за візавае пасярэдніцтва адным зь першых, як толькі зьявіўся попыт.

Гэта нестабільная сфэра, мяркуе гарадзенец. Перамены ў ёй адбываюцца амаль штомесяц: зьмяняюцца правілы, забароны, дакумэнты. Праз гэта вагаецца колькасьць кліентаў.

Аднак у такой складанай сытуацыі, як цяпер, бізнэсовец яшчэ ня быў. Проста ў адзін момант перасталі паступаць заяўкі. Гэта адбылося ў сярэдзіне сакавіка, калі многія суседнія краіны закрылі межы і свае амбасады для прыёму візавых дакумэнтаў.

У адзін момант перасталі паступаць заяўкі ад кліентаў

«Людзі тэлефануюць, пытаюцца, калі гэта ўсё скончыцца, калі можна атрымаць візу, калі можна будзе выехаць. Шмат пытаньняў „калі“. На гэтыя пытаньні мы ня ведаем адказу. Ніхто ня ведае», — прызнаецца Віктар.

Раней у малую фірму зьвярталася да 150–200 чалавек кожны месяц, цяпер ніводнага.

«Калі мы не працуем — мы не зарабляем»

Віктару 32 гады. Па адукацыі інжынэр-энэргетык. Пасьля ўнівэрсытэту нядоўга працаваў у электрасетках. Расчараваўся ў дзяржаўнай сыстэме і адкрыў сваю справу.

Фірма Дучака з 18 сакавіка сышла на дыстанцыйную працу. Паўтара месяца яна ня мае даходу. Фірма складалася з трох чалавек разам з дырэктарам. Аднаго супрацоўніка Віктар звольніў, другому плаціць мінімальны заробак са старых запасаў.

«Мы не дзяржаўная арганізацыя. Калі мы не працуем — мы не зарабляем», — тлумачыць бізнэсовец.

Бізнэс Віктара ня мае даходу

Даводзілася вяртаць грошы кліентам, якія пасьпелі аплаціць замову, але так і не атрымалі візу. Арандадаўца пайшоў насустрач і зьменшыў кошт арэнды на бліжэйшы час у два разы.

Віктар прызнаецца, што калі суседнія краіны не адкрыюць межы цягам некалькіх месяцаў, то яму, імаверна, давядзецца мяняць кірунак дзейнасьці.

«Часам я думаю: калі карантын працягнецца да канца лета, ніхто нікога нікуды ня пусьціць, нікуды не паедзе, то ўсё. На офісе я вешаю шыльдачку „Closed. Званіце па гэтым тэлефоне. А лепей не званіце“», — усьміхаецца Віктар.

«Баюся, тое, што будавалі доўгія гады, зруйнуецца ў нікуды»

Куды пайсьці ў выпадку нэгатыўнага сцэнару, Віктар пакуль ня ведае. Не выключае, што давядзецца зьехаць за мяжу. Хоць пакідаць Беларусь ня хоча, бо тут радзіма, бацькі, месцы, у якіх вырас, тут яму добра.

«Баюся, тое, што будавалі доўгія гады, бізнэс, дзелавыя сувязі зруйнуецца ў нікуды», — прызнаецца суразмоўца.

«Столькі ўжо гэтых было: эбала, шмэбала, птушыны грып»

У дакаранавірусныя часы Віктар некалькі разоў на год езьдзіў у падарожжы за мяжу. Апошні раз сёлета ў другой палове лютага пасьпеў наведаць Азэрбайджан. Каранавірус тады яшчэ не прызналі пандэміяй.

«У лютым гэта [каранавірус] было недзе ў Кітаі, да Эўропы яшчэ не дайшло. Тут пра гэта ніхто не гаварыў. Ведаеце, столькі ўжо гэтых было: эбала, шмэбала, птушыны грып. Ніхто гэтаму асабліва ўвагі не ўдзяляў», — тлумачыць суразмоўца, чаму яны не пабаяліся падарожнічаць.

Па падліках Віктара, яны маглі вяртацца на тым жа самалёце, што і студэнт з Ірану, які стаў першым афіцыйным пацыентам з COVID-19 у Беларусі. Здаць тэст на каранавірус у сваёй паліклініцы Віктар ня змог, бо прыляцеў не зь «небясьпечнай» краіны. Але тады ўсё абышлося.

Раней Віктар шмат падарожнічаў

1 траўня 📅

У Беларусі амаль 15 тысяч пацьверджаных выпадкаў захворваньня на каранавірус. Ад хваробы памерла 93 чалавекі. Карантын так і не ўвялі, межы адчыненыя.

Міністэрства аховы здароўя час ад часу публікуе статыстыку, у якой ніхто ня можа зразумець, колькі чалавек захварэлі і колькі памерлі.

Барацьбу з каранавірусам бяруць на сябе прыватныя кампаніі і бізнэс. Ініцыятыва #bycovid19 зьбірае грошы на сродкі абароны для мэдыкаў і развозіць іх па ўсёй краіне. Кампанія Symbal.by пачынае шыць маскі і ахоўныя сродкі. Улада праводзіць парад на 9 траўня, супраць якога выступае Сусьветная арганізацыя здароўя.

«Я баюся за сваіх родных»

Віктар стараецца менш кантактаваць зь людзьмі, аднак поўнай самаізаляцыі не прытрымліваецца. У кватэры жыве адзін. Ягоныя бацькі ў вёсцы, за 15 кілямэтраў ад Горадні. Яны ў групе рызыкі па ўзросьце і стане здароўя: у бацькі цукровы дыябэт. Сястра зь сямʼёй і малымі дзецьмі таксама жывуць непадалёк.

«Я баюся за сваіх родных»

Мужчына працягвае наведваць родных, але зрэдку. Яны карыстаюцца маскамі, стараюцца захоўваць дыстанцыю. На вёску сын можа прыехаць на паўдня ў выходны: прывезьці прадукты, дапамагчы па гаспадарцы. Баіцца, што можа стаць пераносчыкам вірусу безь відавочных сымптомаў.

«Я баюся за сваіх родных. У мяне старыя бацькі. Хочаш ня хочаш, да іх прыяжджаеш. За сябе я не баюся. Сябе я лічу здаровым, займаюся спортам. Ня думаю, што са мной гэта можа здарыцца. У сталых людзей імунітэт не як у маладых... Я думаю, дастаткова няўдалага чыху — і ўсё [каб заразіцца]», — тлумачыць Віктар.

Па працы ён амаль зусім не камунікуе зь людзьмі. Па-ранейшаму ходзіць у крамы.

Увесну адмовіўся ад басэйну і лазьні, дзе раней бываў рэгулярна. Бадай што самае шматлюднае месца, якое ён цяпер наведвае, — гэта спартовыя трэніроўкі на адкрытым паветры ў Румлёўскім парку. Віктар зь сябрамі зьбіраюцца разам, каб пабегаць, пазаймацца на турніках.

«Цяпер ужо прыняцьце адбылося, мне здаецца, у большасьці людзей. Людзі з гэтым жывуць. Ёсьць гэты каранавірус і нікуды ўжо не падзенецца. Людзі пад гэта падстройваюцца і стараюцца жыць разам з гэтым», — мяркуе Віктар.

Сёлета малады чалавек меўся далей будаваць свой дом. Аднак празь фінансавую сытуацыю мусіў адкласьці будоўлю.

«У нас прывыклі, што за нас заўжды думаюць»

Віктар мяркуе, што жорсткі карантын — гэта гамон, бо цяжка псыхалягічна. Ён параўноўвае яго са штрафным ізалятарам у турме, ад якога можна зварʼяцець. Да таго ж думае, што карантын пагоршыць эканамічнае становішча беларусаў. Яшчэ больш людзей застануцца бяз працы.

Віктар супраць масавых мерапрыемстваў, але не падтрымлівае жорсткі карантын

«Я баюся, што будзе крызіс, мы згалеем. Людзі стануць беспрацоўнымі, страцяць цікавасьць да жыцьця. Але людзям трэба нешта есьці. Павялічыцца колькасьць суіцыдаў, павялічыцца злачыннасьць. Гэта ўсё вельмі страшныя рэчы. Адна справа — заразіцца ці не заразіцца, памерці ці не памерці, а другая — калі група маладзёнаў, поўных сіл і энэргіі, якія ня маюць працы, ня могуць зьехаць за мяжу, вырашаць, ці не абрабаваць ім кагосьці. Гэта страшна», — разважае Віктар.

Аднак таго, што сёньня адбываецца ў Беларусі, суразмоўца таксама не падтрымлівае. Ён думае, што спартовыя і іншыя масавыя мерапрыемствы варта паадмяняць. На ягоную думку, варта, каб мэдыя, асабліва дзяржаўныя газэты і тэлеканалы, у якіх вялікая аўдыторыя сталых людзей, гаварылі пра небясьпеку каранавірусу, неабходнасьць дыстанцыі, масак, самаізаляцыі. Каб выступалі лекары, экспэрты ў гэтай галіне.

«Потым людзі скажуць, што іх падманулі»

«Каб у людзей было пачуцьцё асабістай адказнасьці за гэтыя рэчы. У нас кажуць: гэта ўсё лухта, ні на што не ўплывае, гэта дзесьці там прыдумалі, разьдзьмулі. І людзі думаюць тады: напляваць, са мной нічога ня здарыцца. А калі ты захварэеш, або твае бацькі, або нехта памрэ, як ты сябе пасьля гэтага будзеш адчуваць?

Потым людзі скажуць, што іх падманулі, ім не сказалі. Часткова гэта будзе праўда. Але ў нас прывыклі, што за нас заўжды думаюць, нам вырашаць нічога ня трэба. Я думаю, што кожнаму чалавеку варта думаць, што ён робіць. Калі ён можа пазьбегнуць кантактаў, сустрэчаў, то лепш іх пазьбегнуць прынамсі на некалькі месяцаў», — эмацыйна кажа Віктар.

Віктар спадзяецца, што афіцыйныя лічбы па каранавірусе праўдзівыя. Шкадуе, што ў краіне няма незалежнай агенцыі, якая магла б даць сваю статыстыку.

«Калі ў нас ёсьць людзі, якія маюць права слова, то ім варта казаць, што рабіць, чаго не рабіць. Калі вы пайшлі на такі адважны ўчынак, што ня ўводзіце карантын, то давайце рэкамэндацыі людзям. Зьехаць на лецішча, менш хадзіць па крамах, хай туды ходзяць маладзейшыя сваякі. Думаю, многія гэта разумеюць. Але варта, каб зразумелі ўсе», — мяркуе суразмоўца.

«Я мару, каб хутчэй гэта ўсё скончылася»

Ён верыць, што неўзабаве складаная сытуацыя скончыцца.

«Я мару, каб хутчэй гэта ўсё скончылася, каб усе ўздыхнулі: „А, было і было, перажылі“. Каб мы сталі на нармальныя рэйкі», — кажа ён.

1 чэрвеня 📅

У Беларусі 43 403 выпадкі захворваньня на каранавірус, 240 чалавек памерлі. Ініцыятыва #bycovid19 сабрала і накіравала на дапамогу мэдыкам некалькі сотняў тысяч даляраў.

Каранавірус выяўляюць нават на БелАЭС, а мэдыкі бʼюць трывогу пра небясьпеку захворваньня і ўсё часьцей кажуць, што трэба заставацца дома.

«На плято ўжо знаходзімся, па заявах урачоў. Я, праўда, ня так аптымістычны ў сілу сваіх забабонаў», — выказваецца Лукашэнка пра інфэкцыю.

Пры гэтым, па афіцыйнай статыстыцы, прырост новых выпадкаў кожны дзень ужо два месяцы — нешта каля 900 чалавек. Афіцыйнага карантыну няма, межы адчыненыя. Па новых выпадках Беларусь абганяе ўсе суседнія краіны, апроч Расеі.

ГОМЕЛЬ

Мякшынавы: Шэсьць дзяцей, падзеньне прыбыткаў, недабудаваны дом

Жыхары Гомля Аляксандар і Кацярына Мякшынавы гадуюць шасьцярых дзяцей. Малодшаму Сьцяпану — два гады, старэйшай Маі — 12. Паміж імі — 10-гадовы Макар, 8-гадовы Сава, 6-гадовы Пеця, 4-гадовая Паўла.

Пандэмія зьмяніла іх штодзённыя звычкі, унесла няўпэўненасьць, пазбавіла стабільнага прыбытку, «замкнула» дома дзяцей.

Аляксандар — індывідуальны прадпрымальнік. З пачаткам пандэміі прыбытак сямʼі рэзка пайшоў у мінус — ад 2–2,5 тысячы рублёў да 700 у месяц.

Востра стаіць пытаньне пра штомесячныя выплаты за аўтамабіль, які бралі ў лізінг.

Дом пакуль недабудаваны.

Сямʼя падумвае, каб з гараджан перакваліфікавацца ў вяскоўцаў. Свае куры-памідоры могуць дапамагчы стабілізаваць «харчовую бясьпеку». Як мінімум.

Дом. Блага, што недабудаваны. Добра, што цяпер ёсьць чым заняцца

Мякшынавы пачалі будаваць дом у 2015 годзе. Каб атрымаць крэдыт для шматдзетных, яны мусілі збудаваць падмурак. Зрабілі. Але мясцовыя ўлады адмовіліся дапамагчы з крэдытам. Сказалі: «Нафта патаньнела, няма грошай».

«Мне адказалі: ты ж прадпрымальнік, каб працаваў на заводзе — мы б вам далі інтэрнат», — заўважае Аляксандар.

Яны паехалі ў Менск — на прыём да міністраў эканомікі, архітэктуры і будаўніцтва. «На той момант — 2015 год — міністрам архітэктуры і будаўніцтва быў Анатоль Чорны. Ён уважліва выслухаў нас і абяцаў дапамагчы. І хутка ўсё заварушылася», — кажа Аляксандар.

Цяпер у іх засталося шэсьць месяцаў, каб асвоіць крэдытныя сродкі. Натуральна, крэдыту не хапае на будаўніцтва.

«Па сутнасьці, крэдыту хапае на палову дому. Добра тое, што 80% прац па будаўніцтве мы робім удвох з маім татам. Грошай дабудаваць дом наўрад ці хопіць — трэба яшчэ і газ цягнуць, і ўнутраныя працы рабіць. Але добра тое, што цяпер, калі ў мяне практычна няма замоў — ёсьць шмат часу на будоўлю дому. Дах рве ў гэты час менавіта тады, калі няма занятасьці. На будоўлі столькі працы! Прыяжджай і працуй», — разважае жыхар Гомля.

Недабудаваны дом за горадам — вялікі плюс для дзяцей. Для іх проста сьвята, калі сямʼя едзе сюды.

«Яны нудзяцца ў гарадзкой кватэры. У школу і садок цяпер жа ня ходзяць. Тут ім вольны прастор, гульні», — кажа Кацярына.

Перад «пандэмічным крызісам» сямʼя ўзяла аўто ў лізінг. Калі мелі даход 2–2,5 тысячы рублёў — то можна было выплаціць лізінг у 700 рублёў. Цяпер ўвесь месячны даход роўны такой суме.

«Але сьвет не бяз добрых людзей. Уявіце, што мы напісалі ліст генэральнаму дырэктару гэтай канторы, папрасілі, каб дазволіў нам на тры месяцы плаціць па мінімуме, патлумачылі сытуацыю — і ён пагадзіўся!», — з захапленьнем кажа Каця.

Праца. Продажы ўпалі на 70%. Затое больш часу на сямʼю

Аляксандар гандлюе дзьвярамі і вокнамі. «Да пандэміі» сэзон пачынаўся ў сакавіку-красавіку. Сёлета — не пачаўся. Ні ў сакавіку, ні ў красавіку.

«Па-першае, у людзей няма грошай. У многіх фірмы былі „завязаныя“ на Ўкраіне, Расеі, Польшчы. Нават на дзяржаўных прадпрыемствах людзей адпраўляюць за свой кошт. Цяпер людзі думаюць, як ежы набыць, а ня дзьверы паставіць. Многія засталіся бяз працы. Я пытаўся ў калегаў — у іх аналягічная сытуацыя, продажы ўпалі недзе на 70%. Цяжкавата, канечне. Ёсьць надзея, за якую трымаемся, што летам сытуацыя зьменіцца да лепшага. Ну некалі ж павінна гэта здарыцца», — разважае жыхар Гомля.

За першыя тыдні лета з працай у Аляксандра сапраўды стала трохі лепш.

Прадукты. Менш ласункаў — больш уменьняў і навыкаў

Кацярына кажа, што новых рэчаў даўно ўжо не набывалі, абыходзяцца тым, што ёсьць. Некаторымі прадуктамі ў цяжкі час дапамагаюць сёстры Маці Тэрэзы (каталіцкі ордэн, які дзейнічае ў Гомлі. — РС). Таксама пачалі наведваць краму «Дзьве гусі» (папулярная ў Гомлі сетка з адносна таннымі таварамі. — РС).

«Раней я не любіў «Дзьве гусі» — там тлумна, натоўпы, тым больш цяпер, у час каранавірусу. Цяпер даводзіцца хадзіць. Маску надзеў і пайшоў. Гляджу — ужо і на «джыпах» людзі пачалі езьдзіць у «Гусі», — сьмяецца Аляксандар.

Праз пандэмію і падзеньне прыбыткаў дарослыя пачалі пячы хлеб, дзеці навучыліся рабіць грэнкі і блінцы. «На рознае смакоцьце цяпер не заўсёды ёсьць грошы. Таму дзеці асвоілі выпечку бліноў, смажаць грэнкі. Новыя ўменьні і навыкі», — кажа Аляксандар.

Дзеці. Дома з шасьцю цяжка. Але весела на сумесных дыскатэках

Двое дзяцей Мякшынавых ходзяць цяпер у прышкольны летнік. Звычайна ў ім каля 100 чалавек, а цяпер — 12–15. Аднаго малога адправілі да бабулі, а іншыя дома.

Дзеці Мякшынавых ужо з пачатку пандэміі не хадзілі ў школу і садок. «Мы палічылі, што так будзе лепш. Дзяцей жа не пракантралюеш у школе, а там, дзе шмат людзей — лягчэй заразіцца. Мы і на вуліцу гуляць выходзім з кватэры толькі тады, калі ў двары няма нікога. З вакна глядзім, што цяпер такога няма, каб натоўпы дзяцей гулялі ў двары. Раней, канечне, там усё гуло», — кажа Аляксандар.

Каця сьмяецца, што яна ў самаізаляцыі ўжо 12 гадоў — ад нараджэньня Маі.

«Але ў кватэры зь дзецьмі цяжка, гэта праўда. Дзеці патрабуюць шмат увагі, цярпеньня, і я ўжо адчуваю віну, што я ня так іх люблю, ня так цярплю, як бы мне хацелася. Мне часам не хапае ні сіл, ні энэргіі. Са школьнікамі займаемся ўрокамі — нам іх дасылаюць праз Viber. З малодшымі ладзім нейкія гульні. Вечарамі ладзім дыскатэкі — набылі такі адмысловы шар, як у клюбах. Дзеці прывезьлі моду на дыскатэкі з санаторыю. Мы таксама танцуем — а што рабіць?» — сьмяецца Каця.

Касьцёл онлайн. Затое вастрэй адчуваеш рэдкае наведваньне імшы

Аляксандра прыгнятае няпэўнасьць з працай. Ён мяркуе, калі летам сытуацыя не палепшыцца — «то ўсё гэта будзе праблемай». Псыхалягічна яму дапамагае праца на будоўлі дома і падтрымка з боку іншых вернікаў-каталікоў.

«Але не хапае таго, каб нармальна схадзіць на імшу. Цяпер мы ходзім вельмі рэдка і паасобку. Раней, калі мы хадзілі ў касьцёл, дзяцей глядзелі нянькі. Гэта былі мэдсёстры. Цяпер яны цяжка працуюць, дый небясьпечна ўсё-ткі, яны самі папярэдзілі», — кажа Каця.

Аляксандру не хапае «жывой» імшы, і ён сумуе па братах-каталіках, зь якімі ня бачыцца.

«Онлайны мы глядзім, але гэта, натуральна, ня тое. Бо глядзім на кухні, а дзеці то папіць, то паесьці, то ўжо нехта некага пачынае таўчы за рогам. Ці сам машынальна возьмеш пячэньне ды пачнеш жаваць у час імшы», — жартуе Аляксандр.

Каця дадае, што ў сьпіс грахоў можна дадаць: «Глядзеў імшу і піў каву. Глядзеў імшу ў піжаме».

Яны пагаджаюцца, што за час ізаляцыі засумавалі па касьцёле, пачалі вастрэй адчуваць і імшу, і сустрэчу з братамі-каталікамі.

Лепшая статыстыка — назіраньне за тым, што адбываецца вакол

Інфармацыю пра каранавірус Кацярына і Аляксандар знаходзяць у недзяржаўных СМІ. Пра давер ці недавер да афіцыйнай статыстыкі Аляксандар разважае так: «А якая розьніца, праўду яны кажуць ці не? У нас ёсьць знаёмы, які нядаўна памёр ад каранавірусу. Ёсьць знаёмыя лекары, дый ня толькі ў нас, і мы ведаем, што насамрэч робіцца цяпер у шпіталях».

На будоўлі дому працуе тата Сашы. Ён дабіраецца сюды на дызэлі.

«Бо дызэль ходзіць практычна пусты, там у вагоне можа ехаць два чалавекі. Назад я яго завожу. Прашу нідзе не хадзіць без патрэбы. Натуральна, мы карыстаемся маскамі, антысэптыкамі, беражомся», — кажа Аляксандар.

Сямейная пара толькі аднойчы за апошнія 12 гадоў была ўдваіх у адпачынку — «вырваліся» ў Эгіпет. У ранейшыя гады іх адпачынкам былі каталіцкія пілігрымкі ў розныя краіны. Цяпер, як межы зачыненыя, то наўрад ці магчыма будзе трапіць у Польшчу ці Італію да сьвятых месцаў.

«Будзем тут, каля дома, адпачываць. Тут Іпуць недалёка, дзецям тут надта падабаецца. Мы думалі недзе летам у Беларусі адпачыць — але пакуль грошы не дазваляюць пра гэта думаць», — кажа Аляксандар.

Пандэмія паўплывала і на сямейныя сьвяты. У траўні ў дваіх дзяцей Мякшынавых — дні нараджэньня. «Але такога адзначэньня, як раней — ці ў кавярні, ці з запрашэньнем аднаклясьнікаў — адназначна ня будзе. Хіба толькі сямейным колам», — кажа Каця.

На Новы год яны маюць мару: усяліцца ў свой дом.

1 ліпеня 📅

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 1 ліпеня ў Беларусі агулам 62 424 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр); 398 памерлі.

Колькасьць новых выпадкаў захворваньня на каранавірус, паводле афіцыйнай статыстыкі, зьніжаецца — у межах некалькіх сотняў новых выпадкаў за дзень. Пры гэтым у дзень канстатуюць па 5–6 сьмерцяў ад каранавірусу.

Усё больш людзей спыняюць самаізаляцыю і вяртаюцца да звычайнага жыцьця. Усе менш людзей носяць маскі. Мэдыкі і спэцыялісты папярэджваюць, што каранавірус нікуды не падзеўся. Але Лукашэнка кажа пра «правільны шлях», які Беларусь абрала ў барацьбе з эпідэміяй.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня трэба чакаць пандэміі, каб зрабіць тое, пра што марылі». Фатографка Тацяна Ткачова — пра каранавірус і праект аб таемных рашэньнях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вусьцішна, усе хаваюцца за маскі». Як зьмяніліся Бялынічы за месяц масачнага рэжыму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мятуць, малююць, рамантуюць. Як выглядае Віцебск перад «Славянскім базарам». ФОТА