Пра што сьведчаць падзеі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты — пратэсты па ўсёй краіне і падача скаргаў у ЦВК? Як далей будзе разьвівацца палітычны пратэст? Наколькі вялікія шанцы, што некалькі кандыдатаў здымуць свае кандыдатуры?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова і кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.
Ці мела рацыю каманда Бабарыкі, калі заклікала скардзіцца ў ЦВК, а не пратэставаць?
Касьцюгова: Я заўсёды лічыла, што голас у палітыцы належыць масам. Чым больш людзей уцягнута тым ці іншым чынам, тым больш у гэтых людзей шанцаў нечага дамагчыся. Далёка ня ўсе людзі гатовыя пратэставаць, сьвядома ісьці пад сілавыя рэпрэсіі.
Улада ня хоча нават прыкінуцца, што хоць крыху лічыцца з законам.
Любыя сродкі — чэргі ў ЦВК, паштоўкі палітвязьням, якія ўцягваюць як мага больш людзей, добрыя.
Вусаў: Праблема ў псыхалягічным партрэце людзей з штабу Бабарыкі. Там няма ні дасьведчаных апазыцыянэраў, ні рэвалюцыянэраў. Гэта штаб шоўмэнаў, але ня штаб людзей, гатовых да радыкальных палітычных дзеяньняў.
Віктар Бабарыка дэзарыентаваў і свой штаб, і выбарнікаў, кажучы, што няма фальсыфікацыяў і рэпрэсіяў.
Штаб Бабарыкі ня быў гатовы ані да яго арышту, ані да таго, што зрабілі з подпісамі, ані да зьняцьця яго кандыдатуры.
Гэтыя чэргі ў ЦВК не напалохаюць сыстэму.
Штаб Бабарыкі ня чуе, чаго патрабуе электарат, узьняты Бабарыкам. А ён патрабуе даволі радыкальных дзеяньняў, закліку выходзіць на пратэст.
Чаго хочуць масы?
Касьцюгова: Павал Севярынец, які цалкам гатовы да дзеяньняў, пра якія кажа Павал Вусаў, ня ў стане сабраць ініцыятыўную групу ў 10 тысяч чалавек.
Людзі ў масе сваёй прагматычныя, асьцярожныя. І далучыліся да Бабарыкі менавіта таму, што паверылі: паказаўшы, што іх большасьць, яны могуць дамагчыся нейкага выніку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адыдзі, тлустая карова!» Пасьля закрыцьця ЦВК адбыліся затрыманьні. ВІДЭАЯ чула ў стрымах з чаргі ў ЦВК, як людзі кажуць, што яны баяцца выходзіць на пратэсты. Стаяць у чарзе за Бабарыку — не баяцца, а выходзіць на пратэст — баяцца. Нават калі гэта проста гуляньне па горадзе, як учора.
Вусаў: Бабарыка стаў гэткім жа лузэрам, як і апазыцыя, якую ён папракаў лузэрствам.
Мы ведаем з гісторыі, што толькі масавым пратэстам, рэвалюцыяй можна зьмяніць сытуацыю ў аўтарытарнай краіне.
Тыя людзі, якія падтрымалі Ціханоўскага і Бабарыку, напачатку не былі гатовыя да пратэсту.
Людзі ніколі ня будуць гатовыя да пратэсту, гэта адбываецца спантанна, як гэта адбылося і 19 чэрвеня, і 14 ліпеня.
Бабарыка стварыў вельмі вялікую пратэставую масу, ёю трэба было скарыстацца.
Касьцюгова: Я ня згодная з Паўлам, што толькі пратэст можа зрынуць аўтарытарны рэжым. Мы ў 1980-я — на пачатку 1990-х бачылі, як чэргі ў крамы фактычна зрынулі нават таталітарны рэжым.
Калі штаб Бабарыкі не заклікае да пратэстаў, гэта ня значыць, што іх ня будзе і што ніхто іншы да іх не закліча.
У нас ужо некалькі гадоў розныя палітычныя сілы працуюць з рознымі сацыяльнымі групамі.
Ці здыме нехта з кандыдатаў сваю кандыдатуру?
Касьцюгова: Кожнага, хто прыцягвае да сябе ўвагу, адразу здымаюць з дыстанцыі. Ціханоўскі зьявіўся — ягоную групу нават ня сталі рэгістраваць. Зьявіўся Бабарыка — яго неўзабаве пасадзілі. Пасьля гэтага стаў больш заўважным Цапкала. Яму адмовілі ў рэгістрацыі.
У гэтых умовах мэтазгодна ўсім заставацца ў кампаніі, каардынуючы свае высілкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слабасьць Лукашэнкі: народная любоў мінула, засталася адна грубая сілаВусаў: Мы ведаем, чаму менавіта гэтыя кандыдаты зарэгістраваныя, абсалютна зразумела. Таму чакаць ад іх палітычных крокаў, якія ішлі б насуперак сцэнару ўладаў, не выпадае.
У ідэале трэба было б здымацца з гэтай гонкі, кансалідавацца з рэпрэсаванымі, у тым ліку і прэтэндэнтамі, і абвяшчаць байкот. І заклікаць да пратэстаў і страйку 9 жніўня.
Зараз мы маем трох фэйкавых кандыдатаў — гэта Чэрачань, Дзьмітрыеў і Канапацкая. Яны будуць рабіць тое, што заплянавала ўлада, здымацца яны ня будуць, кансалідавацца яны ня будуць.
Застаецца адзіны больш-менш незалежны гулец — гэта Сьвятлана Ціханоўская. Але яна ў вельмі цяжкой сытуацыі. На яе вельмі моцна ціснуць.
Яе зарэгістравалі, каб зьменшыць рэакцыю на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы.
І другая мэта — прыкрыць фэйкавых кандыдатаў.
Ва ўмовах, калі Ціханоўская ўдзельнічае, заклікаць да байкоту немагчыма.
Найлепшае, што яна можа зрабіць, — гэта зьняць сваю кандыдатуру.
Касьцюгова: Павал кажа, што штаб Бабарыкі ня ў стане заклікаць да пратэстаў, бо яны маркетолягі, а не палітыкі. Ён кажа, што Ціханоўская ня можа заклікаць да пратэстаў, бо яна на кручку — у яе муж сядзіць. Павал кажа, што тры іншыя кандыдаты — фэйкавыя. У мяне пытаньне — а хто можа заклікаць да пратэсту? Ад каго ўсе гэтыя людзі адцягваюць пратэставую актыўнасьць?
Вусаў: Я лічу, што мусілі заклікаць да пратэстаў тры штабы — Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай. Цапкала гэта зрабіў. Ад іх мусіў быць сыгнал бунтоўнаму электарату. Але я кажу, што яны ня могуць.
Калі б быў скансалідаваны заклік, памеры пратэстаў былі б большыя.