У Менску схапілі журналістаў, у тым ліку карэспандэнта Свабоды Антона Трафімовіча

Антон Трафімовіч падчас трансьляцыі 15 ліпеня

У Менску ў раёне Нямігі невядомыя схапілі карэспандэнта Радыё Свабода Антона Трафімовіча і пазаштатную карэспандэнтку агенцтва БелаПАН Віялету Саўчыц.

Абноўлена: а 20:34 журналістаў вызвалілі з Заводзкага РУУС.

Сьведка паведаміла, што журналістаў схапілі людзі ў цывільным і пасадзілі ў мікрааўтобус. Пазьней высьветлілася, што гэта была міліцыя.

Перад затрыманьнем Антон Трафімовіч вёў жывы рэпартаж ад будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адыдзі, тлустая карова!» Пасьля закрыцьця ЦВК адбыліся затрыманьні. ВІДЭА

Пасьля закрыцьця ЦВК а 19-й гадзіне на вуліцы Мясьнікова АМАП пачаў затрымліваць людзей з чаргі, вуліцу перакрылі аўтазакамі і сілавікамі. Таксама адбыліся затрыманьні каля гатэлю «Менск». Колькі менавіта людзей затрымалі на момант публікацыі невядома.

Як паведамляў Антон Трафімовіч, «зачыстка» пачалася а 19:09. Людзі ў цывільным пачалі затрымліваць выпадковых людзей, якія разыходзяцца з чаргі, і забіраць іх у аўтазакі. Людзі не разьбягаліся, а працягвалі спакойна разыходзіцца. Зачыніліся станцыі мэтро «Плошча Перамогі» і «Кастрычніцкая».​

Здымачную групу Свабоды АМАП хацеў пасадзіць у свой аўтобус, але пабачыўшы дакумэнты, адпусьцілі. Аднак пазьней Антона Трафімовіча схапілі людзі ў цывільным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску закрылі тры станцыі мэтро ў цэнтры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга да ЦВК расьцягнулася больш як на кілямэтар