Улады ЗША вырашылі адмяніць абавязковае патрабаваньне для замежных студэнтаў пакінуць краіну, калі заняткі ў іх унівэрсытэтах і каледжах будуць цалкам пераведзеныя ў рэжым онлайн праз эпідэмію каранавірусу. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
У Белым доме пацьвердзілі, што адмовяцца ад гэтага пляну ў сувязі зь вялікай колькасьцю судовых пазоваў, пададзеных унівэрсытэтамі і ўладамі некалькіх штатаў.
Пазовы, у прыватнасьці, падалі Гарвард і Масачусэцкі тэхналягічны інстытут. Унівэрсытэты заяўляюць, што дзеяньні адміністрацыі незаконныя і адмоўна адаб’юцца на акадэмічным працэсе. Супраць высылкі замежных студэнтаў выступілі і 20 амэрыканскіх штатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму можа навучыць «старую» і «новую» апазыцыю Беларусі гісторык зь Ейльскага ўнівэрсытэтуПадчас судовага паседжаньня ў аўторак па пазове Гарвардзкага ўнівэрсытэту акруговы судзьдзя штату Масачусэтс Элісан Бэраўз заявіла, што адміністрацыя ЗША і два элітныя ўнівэрсытэты, якія падалі ў суд на Белы дом, прыйшлі да пагадненьня, якое адмяняе новыя правілы.
У амэрыканскіх ВНУ навучаецца больш за мільён замежных студэнтаў, і многія навучальныя ўстановы фінансава залежаць ад замежнікаў, якія плацяць за навучаньне дзясяткі тысяч даляраў.