Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка, які прадстаўляе ў парлямэнце фракцыю папярэдняга прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе праект пастановы аб звароце да Аляксандра Лукашэнкі і беларускага парлямэнту з заклікам забясьпечыць дэмакратычныя прынцыпы ў часе правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.
«Затрымалі ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Учора тысячы людзей выйшлі на беларускія вуліцы за дэмакратыю, за свабодную і незалежную Беларусь. Затрымалі больш як 200 чалавек. А гэта азначае, на жаль, што дэмакратычных выбараў у Беларусі ня будзе. Чаму гэта так важна для Ўкраіны? Таму што, папраўдзе, ад таго, што будзе зь Беларусьсю, вельмі шмат што залежыць і для нашай дзяржавы», — сказаў Аляксей Ганчарэнка сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Беларускім інфармацыйным цэнтры.
Паводле яго, галоўнай задачай міжфракцыйнага аб’яднаньня, створанага ў Вярхоўнай Радзе, зьяўляецца не ўмяшаньне ва ўнутраную палітыку Беларусі, а дапамога:
«Мы хочам зрабіць, што ў нашых сілах, каб выбар быў свабодным, каб у Беларусі была дэмакратыя, каб Беларусь пайшла эўрапейскім шляхам да цывілізаванага сьвету і каб яна не ператварылася на наступную ахвяру Пуціна. У нас супольны вораг сёньня — гэта Крэмль. Беларускі народ мусіць вырашыць, гэта будзе „Белоруссия“ ці „Беларусь“ — сапраўдная незалежная дэмакратычная краіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта горш, чым фарс». Інфармацыйны цэнтар у Кіеве зрабіў першыя ацэнкі беларускіх выбараўУ звароце, ініцыяваным Аляксеем Ганчарэнкам, прапануецца, каб парлямэнт канстатаваў, што ў Беларусі адбываюцца жорсткія палітычныя рэпрэсіі, і заклікаў беларускую ўладу вызваліць усіх палітычных вязьняў:
«Вярхоўная Рада Ўкраіны, кіруючыся эўрапейскім выбарам украінскага народу і цеснымі сувязямі паміж народамі Ўкраіны і Беларусі, заклікае прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку і Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь выконваць прынцыпы дэмакратычных выбараў, вызваліць усіх палітычных вязьняў, даць магчымасьць апазыцыйным СМІ і грамадзкасьці асьвятляць выбарчую кампанію і дазволіць кандыдатам ад апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 9 жніўня 2020 году».
Украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец дадаў, што і грамадзкі сэктар Украіны мусіць падтрымаць беларускае грамадзтва ў ягоным патрабаваньні справядлівых выбараў:
«Будзем сачыць і фіксаваць кожны рух. Бо, як бы там ні было, наш прэзыдэнт выбраны на дэмакратычных выбарах, і ўкраінскі выбар прызнаны міжнароднай супольнасьцю, а ў Беларусі пасьля выбараў 1994 году ніводныя выбары не былі прызнаныя дэмакратычнымі. Ужо больш як чвэрць стагодзьдзя людзі жывуць ва ўмовах аўтарытарызму».
Ад пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі ва Ўкраіне на ініцыятыву беларусаў і грамадзкіх украінскіх арганізацый адбылося некалькі акцый салідарнасьці.
3 ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень Рэспублікі, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь», пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі аб стварэньні Беларускага інфармацыйнага цэнтру, які ачоліў украінскі літаратар Аляксандар Ірванец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве ля амбасады Беларусі ва Ўкраіне патрабавалі вызваліць палітвязьняў