Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сваім указам пазбавіў Ганконг спэцыяльнага статусу, які забясьпечваў свабодны гандаль паміж ЗША і Ганконгам і супрацоўніцтва ў іншых галінах: фінансавай, навукова-тэхнічнай, праваахоўнай.
Аб падпісаньні адпаведнага ўказу Дональд Трамп паведаміў у аўторак падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Белым доме:
«Ганконг пазбаўляецца асаблівых прывілеяў, асаблівых эканамічных стасункаў, забараняецца экспарт высокіх тэхналёгій, — заявіў прэзыдэнт Трамп. — З гэтага часу да Ганконгу будзе стаўленьне, як да мацерыковага Кітаю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША асудзілі атаку Пэкіна на дэмакратыю ў Ганконгу
Паводле прэзыдэнта, гэта адказ на «рэпрэсіўныя» дзеяньні кітайскіх уладаў у дачыненьні да Ганконгу, так званага спэцыяльнага адміністрацыйнага раёну, які да 1997 году быў брытанскай калёніяй.
Нагодай для гэтай меры стала ўвядзеньне ў дзеяньне ў Ганконгу новага закону аб нацыянальнай бясьпецы, мэта якога — абмежаваньне права на пратэсты і іншыя асабістыя свабоды жыхароў тэрыторыі, гарантаваных Пэкінам у рамках кітайска-брытанскай дамовы аб перадачы Ганконгу Кітаю.
Дональд Трамп таксама падпісаў закон аб увядзеньні санкцый супраць замежных грамадзян і банкаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў і свабодаў жыхароў Ганконгу.
Пазбаўленьне Ганконгу асаблівага статусу ў дачыненьнях са Злучанымі Штатамі можа паставіць пад пытаньне ролю Ганконгу як аднаго зь вядучых сусьветных фінансавых цэнтраў.