Ва Ўкраіне затрымалі чалавека, які можа стаць адным з ключавых сьведак у справе MH17. Так лічаць у групе расьсьледаваньня Bellingcat, якая ўжо некалькі гадоў займаецца катастрофай над Данбасам, пішуць журналісты спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «Донбас Реалії».
Новага фігуранта справы МН17 затрымалі на днях. Украінскія сілавікі імя не раскрываюць. Застаюцца таямніцай нават месца і час выбраньня меры стрыманьня. Прычыны тлумачаць каротка — тайна сьледзтва.
У той жа час у СБУ заяўляюць, што апошнія шэсьць гадоў гэты чалавек быў адным з куратараў кіраўніцтва групоўкі «ДНР» і пазаштатным супрацоўнікам ГРУ Ўзброеных сіл Расеі.
«Гэтаму чалавеку паведамлена пра падазрэньне менавіта ў гэтай крымінальнай справе — расьсьледаваньні падзеньня самалёта MH17. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні і кіраўніцтве «выведвальнага ўпраўленьня» «Данецкай народнай рэспублікі», — кажа пракурор Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны Аляксандр Баньнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нідэрлянды падаюць у Эўрапейскі суд пазоў супраць Расеі ў справе зьбітага над Данбасам самалётаСБУ апублікавала перахопленыя тэлефонныя размовы затрыманага. Сярод яго частых суразмоўцаў адразу два чалавекі, якім сьледзтва ў Нідэрляндах ўжо выставіла афіцыйныя абвінавачаньні ў справе MH17. Першы — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Дубінскі, вядомы таксама пад пазыўным «Хмуры». Другі — адзіны грамадзянін Украіны сярод чатырох абвінавачаных, Леанід Харчанка.
«Гэта будзе крыніца інфармацыі. Ён меў цесныя зносіны з ключавымі абвінавачанымі. І ён прынамсі ведаў, што адбываецца ў адносінах з элітай ў Маскве. Наколькі ён вырашаў і ўплываў на рашэньні, гэтага мы яшчэ ня можам сказаць. Магчыма, ён проста выкарыстоўваў свае кантакты. Але важны сам факт, што і Дубінскі, і Харчанка размаўляюць зь ім, як быццам ён нейкі ўплывовы чалавек. Таму, у любым выпадку, гэта ключавы сьведка, які дасьць інфармацыю аб тым, што называецца „ланцужком улады“. Гэта значыць ён павінен быць чалавекам, які ў курсе, як прымаліся рашэньні і на пэрсанальным, і на структурным узроўні», — камэнтуе затрыманьне журналіст-дасьледчык групы Bellingcat Хрыста Грозеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго судзяць і чаго чакаць ад суду ў справе зьбітага «Боінгу»