ЗША асудзілі гвалт на армяна-азэрбайджанскай мяжы, заклікалі бакі спыніць агонь

Злучаныя Штаты самым рашучым чынам асуджаюць гвалт на міжнародна прызнанай мяжы паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Пра гэта сказана ў апублікаванай у панядзелак заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, перадае «Голас Амэрыкі».

«Мы настойліва заклікаем бакі неадкладна спыніць ужываньне сілы, выкарыстоўваць наяўныя беспасярэднія лініі сувязі, каб унікнуць далейшай эскаляцыі, і строга выконваць рэжым спыненьня агню», — агучыла заяву афіцыйная прадстаўніца замежнапалітычнага ведамства Морган Ортагус.

«Будучы сустаршынёй Менскай групы АБСЭ, Злучаныя Штаты па-ранейшаму цьвёрда адданыя дапамозе бакам у дасягненьні трывалага мірнага ўрэгуляваньня Нагорна-Карабаскага канфлікту. Мы будзем надалей актыўна ўдзельнічаць у намаганьнях для дасягненьня гэтае мэты», — падкрэсьлівае ведамства.

Дзяржаўны дэпартамэнт нагадвае, што ў рэгіён мусяць вярнуцца назіральнікі АБСЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія абвінавачваюць адно аднаго ў працягу гарматных абстрэлаў