«Свабоды вам і вашай Бацькаўшчыне». Украінцы пішуць лісты беларускім палітвязьням. ФОТА

Кіеў, 13 ліпеня 2020. Ліст Паўлу Севярынцу піша Валянцін Дзясятнік

У цэнтры Кіева, на Майдане Незалежнасьці, беларускія і ўкраінскія актывісты зладзілі пікет «Напішы ліст беларускім палітвязьням».

«Мы заклікаем украінцаў падтрымаць зьняволеных у Беларусі — Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча, усяго больш як 20 затрыманых. Украінцы могуць выказаць салідарнасьць ня толькі з тымі, каго затрымалі ў часе сёлетняй выбарчай кампаніі, але і з тымі, каго палітычна перасьледуюць, як, напрыклад, з Тарасам Аватаравым, які змагаўся добраахвотнікам за Ўкраіну і цяпер адбывае пакараньне, Сьвятаславам Барановічам, якога праваабаронцы яшчэ не прызналі палітвязьнем», — сказаў Свабодзе прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Алег Аўчыньнікаў.

Алег Аўчыньнікаў

Паводле яго, усе гэтыя лісты перададуць у Беларусь, а ўжо там перашлюць зьняволеным у месцы іх знаходжаньня: «Мы будзем намагацца зрабіць усё, каб лісты дайшлі да адрасатаў».

Украінцаў прасілі пісаць лісты па-расейску, баючыся, што ўкраінамоўныя лісты зьняволеным не перададуць.

«Калі мы стаялі на Майдане і зьяўлялася інфармацыя пра падтрымку замежных украінцаў і грамадзян зь іншых краін, гэта было вельмі прыемна — нібыта вырасталі крылы. Мы ўсе былі разам і перамаглі. Таксама мы абавязаныя падтрымаць нашых братоў у іхнай барацьбе, бо свабода — наша рэлігія, і гэты мэсыдж мы перадаём у Беларусь», — сказаў Свабодзе Валянцін Дзясятнік.

У сваім лісьце да Паўла Севярынца ўкраінскі актывіст напісаў: «Знаходзячыся на сьвятым для нас месцы, зычым вам хутчэйшага вызваленьня. Гэтага ж жадаем і вашай Бацькаўшчыне».

За апошнія некалькі тыдняў у Кіеве адбыліся чатыры акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. 3ь ліпеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень незалежнасьці, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны каля 20 дэпутатаў стварылі міжфракцыйнае аб’яднаньне «За дэмакратычную Беларусь», пазьней грамадзкія актывісты абвясьцілі аб стварэньні Беларускага інфармацыйнага цэнтру, які ачоліў украінскі літаратар Аляксандар Ірванец.