Зьменшыць штрафы і не павялічваць працэнты па выдадзеных крэдытах, — Нацбанк разаслаў лісты ў банкі

Нацыянальны банк 13 ліпеня разаслаў па банках лісты, у якіх рэкамэндуе не павышаць працэнты па выдадзеных крэдытах у аднабаковым парадку і зьменшыць пені за пратэрміноўку выплат, паведамляе БелТА.

У адпаведнасьці з Банкаўскім кодэксам крэдытадаўца ня мае права ў аднабаковым парадку павялічваць памер працэнтаў за карыстаньне крэдытам. Але ў некаторых дамовах такая ўмова прапісаная. Гэта незаконна, адзначае Нацбанк.

Раней Нацыянальны банк рэкамэндаваў зьнізіць памер працэнтаў за несвоечасовае вяртаньне крэдытаў. Аднак дзе-нідзе стаўка за нясплату крэдыту ў вызначаны час павялічваецца ў 2–3 разы. Плюс налічваецца пеня да 3% за кожны дзень пратэрміноўкі. А Нацбанк рэкамэндаваў не прымяняць два і больш віды штрафных санкцый адначасова.

На погляд Нацбанку, такая фінансавая нагрузка прыводзіць да таго, што атрымальнікі крэдытаў ня могуць выконваць свае абавязкі.

Аб зробленых захадах банкі мусяць даць справаздачу да 1 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ня так зь сюжэтам АНТ, дзе Бабарыку абвінавачваюць у хабары і адмываньні грошай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў Нацбанку займацца заробкамі і прадпрыемствамі. Гэта можа выклікаць дэвальвацыю, лічаць экспэрты