Баку і Ерэван абвінавацілі адзін аднаго ў абстрэле памежных тэрыторый.
У Міністэрстве абароны Азэрбайджану заявілі, што ўзброеныя сілы Армэніі, «груба парушыўшы рэжым спыненьня агню» на азэрбайджана-армянскай дзяржаўнай мяжы, «абстралялі нашы пазыцыі з гарматаў».
«Ёсьць страты з абодвух бакоў», — гаворыцца ў заяве Азэрбайджану.
Міністэрства абароны Армэніі, у сваю чаргу, абвінавачвае Азэрбайджан у гарматным абстрэле пазыцыяў армянскага войска на мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь паміж Армэніяй і Азэрбайджанам«Азэрбайджанскія ўзброеныя сілы зь незразумелых для нас прычын на машыне УАЗ паспрабавалі парушыць дзяржаўную мяжу Армэніі ў напрамку вобласьці Тавуш. Пасьля папярэджаньняў армянскага боку азэрбайджанскія вайскоўцы, пакінуўшы машыну, вярнуліся на свае пазыцыі. Пасьля гэтага вайскоўцы Азэрбайджану зноў паспрабавалі захапіць армянскую пазыцыю, абстраляўшы яе з гарматаў», — гаворыцца ў заяве вайсковага ведамства Армэніі.
Пра страты з армянскага боку армянскія ўлады не паведамляюць.
Апошні раз сур’ёзныя ўзброеныя сутыкненьні паміж армянскімі і азэрбайджанскімі войскамі адбываліся ў красавіку 2016 году ў Карабаху.