Дональд Трамп упершыню зьявіўся на публіцы ў масцы

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп упершыню за час эпідэміі каранавірусу зьявіўся на публіцы ў масцы.

Трамп надзеў маску, калі прыехаў у Нацыянальны вайскова-мэдычны цэнтар у прыгарадзе Вашынгтона, каб наведаць параненых салдатаў і мэдыкаў, якія даглядаюць хворых на COVID-19.

«Я ніколі ня быў супраць масак, я проста лічу, што для ўсяго ёсьць свой час і месца», — сказаў прэзыдэнт.

«Я думаю, што калі вы знаходзіцеся ў шпіталі, асабліва ў гэтай канкрэтнай абстаноўцы, калі вы размаўляеце зь вялікай колькасьцю салдатаў, людзей, якія ў шэрагу выпадкаў толькі што былі на апэрацыйным стале, гэта выдатная рэч — надзяваць маску», — цытуе Трампа BBC.

Раней Дональда Трампа ніколі ня бачылі ў масцы.

Як піша Associated Press, кіраўнік Белага дому выказваўся пра маскі неадназначна. Ён прызнаваў, што было б дарэчна надзяваць маскі ў памяшканьнях, дзе людзі знаходзяцца блізка адзін да аднаго. Але ў той жа час абвінавачваў журналістаў у тым, што яны носяць маскі толькі для таго, каб выглядаць паліткарэктнымі.

Па колькасьці заражэньняў каранавірусам і сьмерцяў ад COVID-19 ЗША першыя ў сьвеце. 10 ліпеня там зарэгістравалі новы рэкорд колькасьці захварэлых за суткі — 66 528. Усяго хворых на каранавірусную інфэкцыю ў Штатах больш як тры мільёны. Памерлі больш за 134 тысячы чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня трэба чакаць пандэміі, каб зрабіць тое, пра што марылі». Фатографка Тацяна Ткачова — пра каранавірус і праект аб таемных рашэньнях