Сямейныя каштоўнасьці ад уладных вычварэнцаў

Сямейныя каштоўнасьці — бяздонная тэма для маніпуляцый. Па-першае, дакладнага азначэньня гэтага тэрміну няма, а па-другое, для ўладаў яны становяцца то важнымі, то састарэлымі, то зноўку надзвычай істотнымі. Карацей, усё складана.

Складана настолькі, што мець пазашлюбнае дзіця для прэзыдэнта краіны — гэта норма, служба пратаколу, якая складаецца зь юных жанчын і наўпрост асацыюецца з эскортам, таксама ня лічыцца нечым заганным, а вось для дыскрэдытацыі праціўніка пойдуць і згадкі пра жанчын у прастытуцыі, і размовы пра набыцьцё нямецкай спэрмы, і нават відэа, дзе гэты праціўнік нібыта займаецца сэксам адразу зь дзьвюма жанчынамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Проста я хачу вярнуць свае грошы». Бізнэсовец пра сваю заяву на Валера Цапкалу

У гэтай сытуацыі ня так і істотна, ці рабіў Валер Цапкала тое, у чым яго абвінавачваюць. Нашмат важней, чаму такія аргумэнты ўвогуле могуць зьяўляцца. Няўжо грамадзтва ў нас рэзка зьмянілася і набыцьцё сэксу пачалі асуджаць як эксплюатацыю людзей? І няўжо разьлік быў на тое, што мы масава пашкадуем жанчын, чыё інтымнае відэа стала публічным?

Не, нам проста спрабуюць выдаць чалавека як амаральнага — таго, хто жыве не ў адпаведнасьці з так званымі сямейнымі каштоўнасьцямі.

Зь сямейнымі каштоўнасьцямі так заўжды бывае — яны то важныя, то не, і ступень важнасьці ў канкрэтны момант залежыць выключна ад таго, што выгадна асобна ўзятаму чалавеку. Хочацца сэксу, але ня хочацца разводзіцца — ну і ладна, каго хвалююць гэтыя паперкі і пячаткі. Трэба зрабіць з палітычнага апанэнта амаральнага вычварэнца — пазашлюбны сэкс адразу становіцца ледзь не крымінальным злачынствам. Хочацца выглядаць у нечых вачах добрым бацькам — вось ёсьць падрыхтаваныя прамовы пра сьвятасьць працягненьня роду. Ня хочацца плаціць алімэнты пасьля разводу — для гэтага таксама знойдзецца ідэалягічнае абгрунтаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль узяліся сацыёлягі, якія налічылі 76 працэнтаў падтрымкі Лукашэнкі

І невядома, што будзе ў гэтай выбарчай кампаніі далей: у якіх грахах будуць абвінавачваць іншых кандыдатаў. Відавочна адно: уся цяперашняя барацьба за мараль ня мае з маральнасьцю ўвогуле нічога агульнага. Гэта проста чарговая тэма, каб ачарніць праціўнікаў. З такім жа посьпехам маглі б пачаць ціснуць на жорсткае абыходжаньне з жывёламі, хатні гвалт ці яшчэ нейкую тэму, на якую звычайна дзяржаве пляваць, але зь якой можна выціснуць сякія-такія дывідэнды.

На фоне «амаральных вычварэнцаў» Лукашэнка чарговым разам спрабуе намаляваць сабе вобраз добрага сем’яніна і бацькі. Праўда, атрымліваецца ня вельмі. З гэтай справы адусюль тырчаць белыя ніткі, а верыць у тое, што цяперашнія ўлады сур’ёзна заклапочаныя маральнасьцю паводзінаў... было б ну зусім наіўна.

Улады, якія пагражаюць адбіраць дзяцей за грамадзянскую актыўнасьць і палітычную пазыцыю, намякаюць на нечую амаральнасьць у сэксуальным жыцьці? Такі «кампрамат» не пракоціць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі ня спыніць выбарчую кампанію. ВІДЭА

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.