Жыхар Менску, 34-гадовы бацька дваіх дзяцей Сяргей Лук’янаў расказаў «УКантакце» пра гвалтоўнае затрыманьне «людзьмі ў цывільным» у сваёй жа кватэры і пра штраф за «непадпарадкаваньне» і «абразу» праваахоўнікаў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Паводле Сяргея Лук’янава, 29 чэрвеня каля паўдня да яго ў кватэру пагрукалі «людзі ў цывільным» (ён піша, «ад 5 да 7 чалавек»), якія назваліся міліцыянтамі. Ён прачыніў дзьверы, тыя сталі «ламіцца» ў кватэру.
Цяжарная жонка спужалася, таму ён стаў прытрымліваць дзьверы, каб жонка пасьпела пайсьці ў іншы пакой, піша Лук’янаў. Ён паведаміў, што ў кватэры цяжарная жонка і малыя дзеці, але «людзі ў цывільным» усё роўна працягвалі «ламіцца», уварваліся ў кватэру, павалілі яго на падлогу, заламалі рукі, ужылі здушальны прыём.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі на вас нападаюць «людзі ў цывільным»?Жонцы стала кепска, дзеці заплакалі, але «людзі ў цывільным» не адразу пагадзіліся выклікаць «хуткую», а ў самога Лук’янава забралі тэлефон, піша ён. Лекары не пагадзіліся забраць разам з жонкай і дзяцей, тады яна адмовілася ехаць у лякарню, бо не было на каго іх пакінуць. Жонцы далі таблетку і паехалі, сьцьвярджае мужчына.
Як высьветлілася, піша Лук’янаў, «людзі ў цывільным» зьбіраліся правесьці ператрус, бо нібыта яму інкрымінавалі «заклік да гвалтоўнага зрынаньня ўлады» за ўдзел у Telegram-канале «Армия с народом» (на момант публікацыі ў тым канале няма такіх заклікаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад удзельнікаў браслаўскага тэлеграм-чату забіраюць кампутары і тэлефоныУ выніку мужчына, як ён сьцьвярджае, правёў дзень у ізалятары часовага ўтрыманьня і быў аштрафаваны на 1350 рублёў, застаўся без тэлефона і іншых сродкаў сувязі.
Да паста ён далучыў фота пастановы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Зь яе відаць, што судзьдзя Віктар Шаўцоў разглядаў справу аб абразе супрацоўніка ГУБАЗіК (упраўленьне барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю не адносіцца да міліцыі, якой назваліся «людзі ў цывільным») Р.Н. Кіжапкіна.
Лук’янаў, паводле той пастановы, быў затрыманы за абразу Кіжапкіна падчас «агляду месца здарэньня», але якога, не ўдакладняецца. Таксама Лук’янаў «адмовіўся ад правядзеньня агляду ягонага жытла на падставе пастановы, падаў на падлогу, выштурхаў з кватэры, хапаўся за адзеньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Зьмітра Паліенкі ператрус, на яго завялі крымінальную справуДзеяньні Лук’янава кваліфікавалі паводле артыкулаў 23.4 і 23.5 КаАП («непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» і «абраза службовай асобы»). На фота пратаколу відаць толькі, што па першым артыкуле выпісаны штраф у 675 рублёў, выраку паводле другога не відаць. Прычына ператрусу ў пратаколе ня згадваецца.
Tut.by адзначае, што раней яшчэ да аднаго менчука прыходзілі для ператрусу ў сувязі з падпіскай на канал «Армия с народом». Супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ў яго дома не ператрус, а «агляд», але забралі кампутар.
У сувязі з гэтым здарэньнем прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава адмовілася ад камэнтароў, заявіла толькі, што МУС праводзіць «маніторынг» інтэрнэт-рэсурсаў, у якіх заклікаюць да незаконных дзеяньняў, і паабяцала раскрыць падрабязнасьці на онлайн-брыфінгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра свабоду слова: «Тут мы навядзём парадак»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.