Эўразьвяз прафінансуе тры беларускія праекты ў межах праграмы супрацы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны

Ілюстрацыйнае фота. Белавеская пушча

Супольны маніторынгавы камітэт праграмы Эўразьвязу «Трансьмежавая супраца Польшча — Беларусь — Украіна» вызначыў для фінансаваньня 26 міні-праектаў у кірунку «Спадчына» агульнай вартасьцю 1,47 мільёна эўра. Зь іх сукупна амаль 180 тысяч эўра будуць выдаткаваныя на тры беларускія праекты.

Праз горадзенскае аддзяленьне Рэспубліканскага турыстычна-спартовага саюзу будзе прафінансаваны праект «Мэлёдыі Тызэнгаўза». На стварэньне музычна-выканаўчай традыцыі для папулярызацыі агульнай гісторыка-культурнай спадчыны беларускай Горадні і цяпер польскай Саколкі будзе выдаткавана 59 355 эўра.

Ідэалягічны аддзел Пружанскага райвыканкаму атрымае амаль 60 тысяч эўра на праект «Культура Белавескага лесу».

На ажыцьцяўленьне праекту «Вэктар у мінуўшчыну. Разьвіцьцё традыцыйнай культуры як рухавіка павелічэньня турыстычнага патэнцыялу» 59 922 эўра атрымае ідэалягічны аддзел Маларыцкага райвыканкаму. Эўразьвяз прафінансуе 90% агульнага кошту гэтых міні-праектаў, іншыя выдаткі мусіць забясьпечыць бэнэфіцыяр. Праекты мусяць быць рэалізаваныя цягам 6 месяцаў.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце праграмы, яшчэ два беларускія праекты вызначылі як рэзэрвовыя для магчымага фінансаваньня ў будучыні — «Кунштат Антонія Тызэнгаўза» (адраджэньне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны каралеўскіх мануфактур XVIII стагодзьдзя ў Горадні і Саколцы, бэнэфіцыяр — горадзенскае аддзяленьне Рэспубліканскага турыстычна-спартовага саюзу) і «Трансьмежавая музыка аркестраў на працягу стагодзьдзяў» (бэнэфыцыяр — Берасьцейскае абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацый).

Праграма Эўразьвязу «Трансьмежавая супраца Польшча — Беларусь — Украіна» з 2004 году фінансуе праекты ў памежных раёнах трох краін. Яе агульны бюджэт за ўсе гады дзейнасьці склаў 380,8 мільёна эўра. Фінансавая дапамога ажыцьцяўляецца ў чатырох кірунках — спадчына, бясьпека, даступнасьць і межы.