Памочніцы Віктара Бабарыкі ў Белгазпрамбанку Алене Карагачавай сёньня выставілі абвінавачваньне. Паводле адваката, на якога спасылаецца партал TUT. by, яе падазраюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.
Алена адмаўляе сваю віну. Пра гэта паведаміў яе адвакат Уладзімер Сазанчук. Іншыя падрабязнасьці расказаць абаронца ня змог, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Алену затрымалі вечарам 1 ліпеня, як мяркуецца, каля крамы ў Каменнай Горцы ў Менску. Паводле словаў яе мужа, яна прапрацавала ў Белгазпрамбанку больш за 20 гадоў, апошнія два гады была памочнікам Віктара Бабарыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі асабістую асыстэнтку Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку»
— Яна і яшчэ адзін спэцыяліст працавалі ў сакратарыяце ў старшыні праўленьня. І толькі гады два таму яе зрабілі памочніцай старшыні праўленьня — рэферэнтам. Яна складала плян працы для Віктара Бабарыкі на дзень-два, арганізоўвала камандзіроўкі, заказвала авіябілеты, жыльлё. Яна добра ведае ангельскую мову, скончыла МДЛУ — расказаў парталу TUT. by муж Алены.