Які сапраўдны ўплыў папулярных тэлеграм- і ютуб-каналаў? Ці здольныя яны на мабілізацыю сваёй аўдыторыі? Чаму пракуратура выдала папярэджаньне пра недапушчальнасьць страйку? Галасы дзяржаўных журналістаў у абарону рэпрэсаваных — ці паказьнік гэта расколу ўладнай эліты?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі і палітоляг, дырэктар па дасьледаваньнях Цэнтру дасьледаваньняў эўрапейскіх краінаў у пераходны пэрыяд Андрэй Елісееў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Дракахруст:
Лукашэнка днямі заявіў: «Мне дакладваюць аб тых, хто там хайпуе і посьціцца. І калі мне прозьвішчы называюць, я пачынаю чухаць патыліцу і думаць: «А хто ж гэта такія?» Яны думаюць, што яны фармуюць меркаваньне як мінімум сталіцы нашай краіны. Гасподзь з вамі... Вас сваякі прыгадваюць гэтак жа доўга, як я, хто вы такія».
Зь іншага боку, варта прывесьці сьпіс блогераў, якія апошнім часам былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці з выразнай палітычнай подбіўкай — Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік. І гэта ўскоснае прызнаньне іх уплыву.
А паводле вашых ацэнак, наколькі ён вялікі?
Быкоўскі
- Інфармацыйны пухір, у якім знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка, вельмі адрозьніваецца ад таго, у якім знаходжуся я ці мае знаёмыя. Для кіраўніка дзяржавы больш важна, што паказваюць па ТБ і пішуць у папяровых газэтах, шмат хто зь людзей атрымлівае інфармацыю з многіх каналаў.
- Сёньня у Беларусі ютуб мае ўплыў, параўнальны з уплывам тэлебачаньня.
- Такія блогеры, як Пятрухін і Кабанаў, успрымаліся ў Берасьці як інстанцыя, куды можна прыйсьці паскардзіцца.
Елісееў
- Лукашэнка ў сваёй прамове ня толькі паблажліва выказаўся пра блогераў, але і фактычна параўнаў іх да злачынцаў.
- Ёсьць блогеры, у якіх дзясяткі і нават сотні тысячаў падпісчыкаў, гэта даволі сур’ёзныя лічбы.
- Я не выключаю, што рэпрэсіі могуць пашырыцца на традыцыйныя онлайн-СМІ, у тым ліку і на папулярныя парталы
Дракахруст:
Генпракуратура выдала папярэджаньне аб недапушчальнасьці агульнанацыянальнага страйку, да якога заклікаюць некаторыя Тэлеграм-каналы. Ці не атрымалася так, што для большасьці беларусаў менавіта пракуратура стала крыніцай інфармацыі пра гэтую ініцыятыву?
Быкоўскі:
- Я мяркую, што гэта была памылка генпракуратуры, яна стала асноўнай крыніцай інфармацыі пра дату і час мерапрыемства.
- Шмат хто са спасылкай на пракуратуру распаўсюдзіў гэтую інфармацыю далей
Елісееў
- Тое, што апублікавала пракуратура — гэта ня глупства, а спосаб застрашваньня
- У мінулым месяцы было заяўлена, што нават чытаньне навінаў на працоўным месцы можа мець прыкметы злачынства
- У нас адбываецца пераход ад пэрсаналісцкага рэжыму да пэрсаналісцка-вайсковага
Дракахруст:
Шэраг прадстаўнікоў афіцыйных СМІ апошнім часам выступілі з асуджэньнем рэпрэсіяў. За гэта яны былі адхіленыя ад сваіх праграмаў. Ці ёсьць гэта сымптомам расколу ўладнай эліты?
Быкоўскі:
- Яны праявілі неляяльнасьць, як гэта бачыцца ўладзе
- Адбываецца зьмена нашага гібрыднага рэжыму і гэтыя зьмены пачалі закранаць людзей, якіх раней не закраналі
- Гэта праявілася і ў пратэстах журналістаў афіцыйных СМІ, і ў тым, што многія сталі разглядаць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, як рэальную альтэрнатыву Лукашэнку
Елісееў:
- Чым меншы рэйтынг Лукашэнкі, чым менш падтрымка рэжыму, тым больш рэжым вымагае ад сваіх кліентаў
- Улада перасьцерагаецца, каб журналісты дзяржаўных тэлеканалаў, якія працуюць у жывым эфіры, не сказалі чаго непажаданага
- Наўпрост гэта пакуль не раскол уладнай эліты, паказьнікам расколу была б заява дзейнага чыноўніка, а не дзяржаўных журналістаў і адстаўных чыноўнікаў.