Суд у ЗША дазволіў пракурорам праверыць фінансы Трампа

Дональд Трамп

Вярхоўны суд ЗША пастанавіў перадаць пракурорам у Нью-Ёрку падатковыя дэклярацыі прэзыдэнта Дональда Трампа. У Кангрэс інфармацыю пра даходы кіраўніка Белага дому накіроўваць ня будуць.

Трамп — першы за паўстагодзьдзя прэзыдэнт, які не апублікаваў інфармацыю аб сваіх даходах. 50 гадоў таму ананімны супрацоўнік падатковай службы перадаў журналістам дакумэнты Рычарда Ніксана. Тады высьветлілася, што Ніксан недаплаціў у бюджэт Злучаных Штатаў каля 400 тысяч даляраў.

Адвакаты Трампа раней заяўлялі, што дзейны прэзыдэнт валодае імунітэтам ад расьсьледаваньня і крымінальнага перасьледу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпер Канье Ўэст напісаў у твітэры, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты ЗША

Права выняць дакумэнтацыю Трампа атрымаў пракурор акругі Мангэтан Сайрус Вэнс. Падатковыя дэклярацыі і дадзеныя аб іншых фінансавых апэрацыях за апошнія дзевяць гадоў павінны выдаць нью-ёрская бухгальтарская фірма, Deutsche Bank і амэрыканскі банк Capital One. Яны ўжо заявілі, што выканаюць рашэньне Вярхоўнага суду.

Вэнс вядзе расьсьледаваньне аб магчымых таемных выплатах дзьвюм жанчынам, якія, паводле іх словаў, мелі сувязь з Трампам і атрымалі ад яго грошы за маўчаньне. Пракурор лічыць, што фінансавыя дакумэнты прэзыдэнта дапамогуць расьсьледаваньню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп заявіў пра пагрозу «леварадыкальнага фашызму»

Яшчэ адзін пазоў да Трампа падавалі тры камітэты Кангрэсу. Яны патрабавалі ад прэзыдэнта раскрыць фінансавую інфармацыю. Аднак Вярхоўны суд адмовіў заканадаўцам і перадаў права прыняць рашэньне судам ніжэйшых інстанцый. Гэта азначае, што да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў лістападзе сёлета Кангрэс з падатковымі дэклярацыямі Трампа не азнаёміцца.

Трамп назваў рашэньне суду «палітычным перасьледам». Прэзыдэнт напісаў у твітэры, што яму «трэба будзе змагацца з палітычна карумпаваным Нью-Ёркам».

У чэрвені 2015 году, перад вылучэньнем на пасаду прэзыдэнта, Трамп заявіў, што яго капітал складае амаль 8 мільярдаў 800 мільёнаў даляраў. Аднак часопіс Forbes тады ацаніў багацьце Трампа як удвая меншае.

У красавіку 2020 году Forbes ацаніў капітал прэзыдэнта ў два мільярды адзін мільён даляраў, на адзін мільярд менш у параўнаньні з кастрычнікам 2019 году.