6 ліпеня кіраўнік праўладнай «Белай Русі» і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька заклікаў «адваяваць інтэрнэт-пляцоўку ў ворагаў беларускай дзяржаўнасьці». Свабода праверыла, хто «акупаваў» тую пляцоўку.
Паводле дадзеных глябальнага аналітычнага сэрвісу SimilarWeb, пяцёрка лідэраў беларускіх навінавых парталаў у інтэрнэце выглядае наступным чынам:
- Tut.by (незалежны беларускі партал)
- Onliner.by (незалежны беларускі партал)
- Sputnik.by (частка расейскай агенцыі Russia Today)
- Belnovosti.by (беларускі праўладны партал — агрэгатар навінаў)
- Naviny.by (беларускі незалежны партал агенцыі БелаПАН)
Беларусы таксама актыўна чытаюць навіны на расейскіх шматпрофільных парталах-агрэгатарах Yandex.ru, Mail.ru і амэрыканскім Google. Памерамі беларускай аўдыторыі першыя два перавышаюць усе згаданыя вышэй навінавыя рэсурсы, апроч Tut.by.
Як бачым, у пяцёрцы лідэраў няма ніводнага дзяржаўнага беларускага СМІ, але ёсьць расейскі рэсурс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура нагадала, што абразы ў інтэрнэце перасьледуюцца законам. У часе выбараў іх шмат
Паводле Baltic Internet Policy Initiative, за тыдзень з 22 па 28 верасьня самыя буйныя парталы, а гэта Mail.ru, Onliner.by, Tut.by, Yandex.by, Youtube.com, наведала 85,5% беларускай інтэрнэт-аўдыторыі.
У выбарцы Baltic Internet Policy Initiative беларуская аўдыторыя розных парталаў з рознай формай уласнасьці выглядае наступным чынам (узрост — ад 15 да 74 гадоў, лічыліся заходы са стацыянарных кампутараў — дэсктопаў):
- Tut.by — 1,5 мільёна (уся аўдыторыя — 3,5 мільёна, або 67% байнэту)
- Onliner.by — 971 тысяча
- Sputnik.by — 261 тысяча
- Belta.by — 249 тысяч
- Sb.by (партал выданьня «СБ: Беларусь сегодня») — 207 тысяч
- Tvr.by (сайт Белтэлерадыёкампаніі) — 187 тысяч
- Regnum.ru (расейскі праўладны рэсурс) — 152 тысячы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўпецкая раёнка выдаліла артыкул, у якім блогераў і незалежныя СМІ абвінавачвалі ў хлусьні
Хто наведвае дзяржаўныя СМІ
Партал галоўнай газэты адміністрацыі прэзыдэнта «СБ: Беларусь сегодня», паводле SimilarWeb, за апошні месяц мае 5,4 мільёна заходаў. Але зь Беларусі — толькі 66% трафіку, з Расеі — 19%.
5,5 мільёна заходаў за апошні месяц мае і дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА. Сярод іх зь Беларусі толькі 47% трафіку, з Расеі — 40%.
Няўжо людзям з Расеі цікавыя навіны пра Лукашэнку і беларускіх чыноўнікаў? Насамрэч не, у БелТА ёсьць рубрыка «Калейдаскоп», дзе пішуць пра ўсясьветных і расейскіх зорак, гэтыя навіны трапляюць у агрэгатар публікацый «Яндекс.Дзен», а адтуль аўдыторыя трапляе на БелТА.
Асноўны сайт Белтэлерадыёкампаніі Tvr.by за апошні месяц мае 2,4 мільёна заходаў, у тым ліку зь Беларусі — 66%, з Расеі — амаль 16%.
Сайт «Сталічнай тэлевізіі» Ctv.by мае крыху больш за 1 мільён візытаў за апошні месяц. Зь Беларусі — 58%, з Расеі — 35,7%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З горыччу і болем гляджу за тым, што адбываецца на тэлевізіі». Былая прэс-сакратарка ОНТ падтрымала Бабарыку
Што з расейскімі СМІ?
Не сакрэт, што расейскія навінавыя рэсурсы маюць уплыў у Беларусі. Напрыклад, беларуская аўдыторыя расейскага «Рэгнума», паводле SimilarWeb, — гэта 527 тысяч заходаў за апошні месяц, або 2,5% ад усёй аўдыторыі.
Сайт расейскага тэлеканалу НТВ мае 453 тысячы заходаў зь Беларусі за апошні месяц. Гэта 2,65% ад усёй аўдыторыі.
У такіх выразна прарасейскіх рэсурсаў у Беларусі, як Imhoclub і «Віцьбіч», аўдыторыя настолькі малая, што SimilarWeb нават ня мае пра яе дадзеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маніторынг БАЖ: Дзяржаўныя СМІ падаюць апанэнтаў Лукашэнкі як дэструктыўную сілу
А што з сацсеткамі?
Згодна з Baltic Internet Policy Initiative, Youtube уваходзіць у чацьвёрку самых папулярных рэсурсаў у беларусаў. Дзяржаўная агенцыя тэленавінаў АТН мае на сваім канале ў гэтай сацсетцы 119 тысяч падпісчыкаў. А Радыё Свабода — 131 тысячу.
Тэлеканал СТВ мае 392 тысячы падпісчыкаў, а Tut.by — больш за 1 мільён. Старонка БелТА на Facebook мае 24 тысячы ўпадабаньняў, а naviny.by — 41 тысячу.
Прадзяржаўны канал у Telegram «Пул первого», які дае сьвежыя навіны пра паездкі і заявы Лукашэнкі, мае 31 тысячу падпісчыкаў, а ў блогера Nexta такіх падпісчыкаў 331 тысяча. І гэта толькі на адным канале.
Кароткі аналіз паказвае, што ў сацыяльных сетках усе дзяржаўныя мэдыя прайграюць і блогерам, і незалежным СМІ. Паводле Baltic Internet Policy Initiative, сёлета ў першым паўгодзьдзі памер беларускай дэсктопнай (у адрозьненьне ад мабільнай. — РС) аўдыторыі інтэрнэту — да 2,5 мільёна чалавек узростам ад 15 да 74 гадоў.
9 ліпеня Аляксандар Лукашэнка паабяцаў «навесьці парадак са свабодай слова». Ён заявіў, што «свабода слова ў любой дзяржаве абмежаваная законам». Міжнародныя арганізацыі і так лічаць беларускае заканадаўства ў сфэры мэдыя адным з самых абмежавальных у Эўропе.