Amazon аштрафавалі за працу ў анэксаваным Крыме

Офіс кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціў, што штрафуе кампанію Amazon больш як на 134 тысячы даляраў за парушэньні ёю санкцый ЗША і пастаўку тавараў і паслуг у акупаваны Расеяй Крым, а таксама ў Сырыю і Іран. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства фінансаў ЗША.

«Кампанія Amazon.com, Inc, зарэгістраваная ў горадзе Сіетл, штат Вашынгтон, якая забясьпечвае раздробны гандаль, электронны продаж і лічбавыя паслугі мільёнам кліентаў па ўсім сьвеце, пагадзілася заплаціць $134 523 для ўрэгуляваньня патэнцыйнай грамадзянска-прававой адказнасьці за відавочныя парушэньні некалькіх санкцыйных праграм OFAC», — гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама ў амэрыканскім ведамстве сказалі, што Amazon не паведаміў своечасова пра некалькі соцень транзакцый, якія падпадаюць пад абмежаваньні агульнай ліцэнзіі OFAC. Пры гэтым, як паведамляецца, парушэньні Amazon «былі невідавочнымі, а таксама былі добраахвотна раскрытыя самой кампаніяй», ад чаго сума штрафу стала параўнальна невялікай.

Раней Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі ў дачыненьні 7 чалавек і маскоўскай прыватнай чыгуначнай кампаніі за расейскія выбары ў акупаваным Крыме і пачатак чыгуначных зносін па Керчанскім мосьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: Расея павінна спыніць рэпрэсіі супраць тых, хто ў апазыцыі да акупацыі Крыму