«Калі пабачылі відэа на ўсіх сайтах, ставіліся да мяне мякчэй», — віцяблянін, якога затрымалі з роварам

Belarus - Ruslan Akhrymchuk, Member of the initiative group of Svyatlana Tsikhanouskaya, 7Jul2020

Сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Руслана Ахрымчука затрымалі 28 чэрвеня ў Віцебску падчас роварнага шпацыру. Відэа затрыманьня шырока разышлося па інтэрнэце. Ахрымчука асудзілі на сем сутак арышту за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і за непадпарадкаваньне міліцыі. Днямі ён выйшаў на волю і расказаў, якім для яго быў апошні тыдзень.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Спачатку яны спрабавалі на мяне псыхалягічна ціснуць»

Для Руслана Ахрымчука гэта першае затрыманьне падчас сёлетняй выбарчай кампаніі.

«Я стараўся быць асьцярожным. З дому да месца збору подпісаў і пікетаў заўсёды ехаў роварам — ведаў, што будуць адсочваць і лавіць», — кажа Руслан.

Вечарам 28 чэрвеня Руслан выехаў на велашпацыр. Ягоны маршрут ляжаў паўзь бізнэс-цэнтар «Марка-сіці», пляцоўку перад якім сёлета адвялі для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

«Гэта была нядзеля. Кожныя выходныя іх (міліцыянтаў) зганяюць да „піраміды“ (так у Віцебску называюць „Марка-сіці“, пабудаваны ў выглядзе пірамід. — РС). Яны ўсе ў цывільным — я іх у твар ужо ведаю, — узгадвае падзеі Руслан. — Я быў у майцы з надпісам „Краіна для жыцьця“. Я ехаў на ровары, а за мной ехаў мікрааўтобус. Калі я спыніўся недалёка ад гатэлю „Ветразь“, мікрааўтобус таксама спыніўся. Астатняе вы бачылі».

Руслана разам з роварам павезьлі ў Чыгуначны РАУС.

«Спачатку яны спрабавалі на мяне псыхалягічна ціснуць, — кажа суразмоўца. — Але я паказаў, што такія жарты са мной не праходзяць. Калі хтосьці да мяне зьвяртаўся, патрабаваў паказаць пасьведчаньне ў адкрытай форме да поўнага азнаямленьня. Усю інфармацыю я перапісваў, асабліва прозьвішчы, каб яны разумелі, што я не дзіця».


Руслан кажа, што ўсе рэчы ў яго адразу забралі. Тэлефон ён пасьпеў выключыць, але адзін зь міліцыянтаў паспрабаваў дастаць з апарата сім-карту. Пазваніць родным і сябрам Руслану таксама не дазволілі, абгрунтаваўшы рашэньне тым, што ён затрыманы і ня мае на гэта права.

«Асабліва з роварам у міліцыі ня ведалі, што рабіць, — узгадвае Руслан Ахрымчук. — У іх такіх выпадкаў раней не было. Глядзець за роварам — дадатковая адказнасьць. Калі мяне перавезьлі ў ізалятар, супрацоўнікі сабраліся на нараду і пачалі абмяркоўваць, дзе яго пакінуць».

У ізалятар часовага ўтрыманьня Руслана прывезьлі каля паловы на дванаццатую ночы. Там ён правёў амаль суткі да суду.

«Судзьдзя сядзіць бяз маскі і кажа пра тое, што каранавірус»

29 чэрвеня Руслана праз скайп судзілі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня, а таксама за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

«Судзьдзя патлумачыла гэта эпідэмічнай сытуацыяй, — камэнтуе Руслан. — Суд адкрыты. На паседжаньні шмат людзей. Судзьдзя сядзіць бяз маскі — і кажа пра тое, што каранавірус. Гэта няправільна. Да таго ж скайп маральна састарэў. Калі размаўляеш па відэасувязі, дрэнна ўсё бачыш, яшчэ горай чуеш».

Сумарна Руслан атрымаў сем сутак арышту.

«Я трапляў у падобную сытуацыю ў 2011 годзе ў Менску, — узгадвае Руслан. — Тады праходзіла акцыя маўчаньня. Мяне затрымалі і трымалі ў Жодзіне 15 сутак. Умовы там былі горшыя — ня столькі камэра, колькі адносіны супрацоўнікаў».

Са слоў суразмоўцы, самымі складанымі былі першыя дні.

«Начальнік ІЧУ аказваў ціск, кшталту поўнага вобшуку. Гэта калі цябе адводзяць у асобнае памяшканьне, здымаюць зь цябе ўсё і прымушаюць некалькі разоў прысядаць, — кажа Руслан. — Альбо прасілі сфатаграфаваць татуіроўкі. А на пытаньне, навошта, адказвалі — для сябе».

Паводле суразмоўцы, стаўленьне да яго зьмянілася, калі міліцыянты дазналіся, што ў сеціва трапіла відэа зь яго затрыманьнем.

«Калі яны зразумелі, што відэа на ўсіх сайтах, ставіліся да мяне мякчэй. Заўсёды можна было папрасіць прыкурыць, праветрыць, бо сьпякотна ў камэры».

Руслан Ахрымчук кажа, што першы дзень да суду ён правёў у камэры, дзе было восем чалавек — у асноўным «выпівохі». Пасьля суду перавялі ў камэру ўдвая меншую. Некалькі апошніх дзён ён быў у камэры з маладым чалавекам, асуджаным за дробнае хуліганства. Усе сем дзён Руслана «ратавала кніга».

«З гэтымі судамі бессэнсоўна змагацца. Але ёсьць сэнс заваліць іх папяровай валакітай»

Руслан Ахрымчук ня лічыць сябе вінаватым і ня згодны з вынесеным яму прысудам.

«З гэтымі судамі бессэнсоўна змагацца. Але ёсьць сэнс заваліць іх папяровай валакітай, — упэўнены ён. — Я абскардзіў прысуд і падаў дакумэнты ў абласны суд, каб ён разглядзеў рашэньні судзьдзі Алены Грабянчук, якая мяне судзіла».

Руслан кажа, што будзе больш дэталёва вывучаць матэрыялы сваёй справы, у якой шмат хібаў. Да прыкладу, няма прозьвішчаў тых, хто затрымліваў, хто пісаў рапарт аб затрыманьні.

«Хацелася б, каб абласны суд быў непрадузяты, — кажа Руслан. — Каб адмянілі рашэньне гэтага суду, прызналі судзьдзю прафэсійна непрыдатнай і пасадзілі за краты за такія рашэньні. Незаконна мяне затрымліваць. Паводле Канстытуцыі я маю права выказваць свае думкі. Як жа свабода слова? У нас жа краіна для жыцьця. Чаму мяне затрымліваюць за тое, што не падабаецца аднаму чалавеку?»

«Цяпер пачуцьцё страху перамяшалася з пачуцьцём рызыкі»

Сукамэрнікі, кажа Руслан, папярэдзілі, што цяпер за ім будуць сачыць. Калі ў дзень вызваленьня Руслан вяртаўся дадому, заўважыў незнаёмых, але пазнавальных людзей у цывільным непадалёк.

«Няма такіх людзей, якія не баяцца, — кажа суразмоўца. — Цяпер пачуцьцё страху перамяшалася з пачуцьцём рызыкі. Гэта нармальна».

Руслан кажа, што да 2010 году не цікавіўся палітыкай, але ведаў, што Лукашэнка — «няправільны прэзыдэнт», і ніколі за яго не галасаваў. Пераломны момант адбыўся, калі ён убачыў, колькі людзей выйшла на плошчу дзесяць гадоў таму.

Сёлета Руслан далучыўся да ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай.

«Я — за Сяргея Ціханоўскага, — кажа ён. — Я бачу ў ім чалавека. Ён паказвае недахопы. Каб жыць у добрай краіне, трэба, каб іх не было. І ён стараецца гэта зрабіць. Не паказуху, як робіць Аляксандар Рыгоравіч».

«Складаюць падобныя пратаколы, справы шыюць белымі ніткамі. Як кажуць — быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца, — камэнтуе Руслан „справу Ціханоўскага“. — Рэпрэсіі. Ад гэтай рэпрэсіўнай сыстэмы варта пазбаўляцца. І ўжо даўно трэба было гэта зрабіць. Я аб’езьдзіў шмат краін, і калі вяртаюся сюды, мне крыўдна».

Руслану 36 гадоў. Ён хоча перамен, каб перадусім дзеці і маладое пакаленьне жылі ў лепшай краіне.

«Будзем трымацца да ўпору», — кажа ён.

Гэта публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У іх быў доўгі сьпіс». Да айцішніка прыйшлі сьледчыя, бо напісаў міліцыянту, які затрымліваў Ціханоўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я спужаўся. Вельмі спужаўся». Што расказвае чалавек, якога міліцыя прымусіла выбачыцца на відэа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вошы, літар вады на суткі, месяц бяз душу». Вольга Мікалайчык расказала пра турму на Акрэсьціна