Перасьлед экс-прэзыдэнта Ўкраіны: адну справу закрылі, ад арышту ў іншай адмовіліся

Пятро Парашэнка перад судовым паседжаньнем

Сьледчыя ў справе супраць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі адмовіліся ад свайго патрабаваньня абмежаваць ягоныя перамяшчэньні па краіне ў адной справе, а другую справу ўвогуле закрылі.

«Пакінуць хадайніцтва абвінавачаньня без разгляду», — паведаміў сёньня судзьдзя Сяргей Воўк.

Адпаведнае хадайніцтва Пячэрскі раённы суд Кіева разглядаў зь сярэдзіны чэрвеня, калі пракуратура анансавала, што будзе патрабаваць арышту Пятра Парашэнкі з альтэрнатывай унясеньня закладу 10 мільёнаў грыўняў (амаль 400 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Пытаньне выбару папярэдняй меры стрыманьня для Пятра Парашэнкі разглядалі ў межах справы аб нібыта «злачынным загадзе» і ціску на кіраўніка Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны, каб прызначыць ягоным намесьнікам Сяргея Сямочку, чыя сям’я мела грамадзянства Расеі і вяла бізнэс у анэксаваным Крыме.

Але ўжо на першым пасяджэньні пракуратура вырашыла зьмякчыць свае патрабаваньні — замест арышту сьледчыя прапанавалі «падпіску пра нявыезд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваахоўныя органы Ўкраіны перадумалі арыштоўваць Парашэнку. Суд перанесьлі на ліпень

Суд тройчы праводзіў паседжаньні ў гэтым пытаньні. Для ўдзелу ў іх Пятро Парашэнка вымушаны быў перанесьці пахаваньне свайго бацькі Аляксея Парашэнкі, які памёр 16 чэрвеня. Кожнае судовае паседжаньне суправаджалася масавымі акцыямі падтрымкі экс-прэзыдэнта — пад суд прыяжджалі ягоныя шматлікія прыхільнікі з розных рэгіёнаў Украіны.

«Сёньня на судовым паседжаньні ўстаноўленыя факты фальсыфікацыі крымінальнай справы Генэральнай пракуратурай, таму надзвычай важна, каб суд абвясьціў перапынак на працяг збору доказаў у гэтым пляне», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня ў судзе, калі абвінавачваньне адмовілася ад сваіх патрабаваньняў.

Пазьней Пятро Парашэнка зьвярнуўся да сваіх прыхільнікаў і назваў гэтае судовае рашэньне «першай, маленькай перамогай».

Якую справу закрылі

У сваю чаргу, ягоны адвакат Ільля Новікаў паведаміў, што пракуратура закрыла справу па факце продажу акцый заводу «Кузня на Рибальському». Пры гэтым, паводле інфармацыі юрыста, сьледчы Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР) у гэтай справе скардзіўся на ціск з боку генэральнага пракурора.

Адвакаты і аднапартыйцы Пятра Парашэнкі перакананыя, што ўсе справы, распачатыя ў дачыненьні да экс-прэзыдэнта, сьведчаць пра палітычны перасьлед. І гэта можа нэгатыўна адбіцца на міжнародным іміджы Ўкраіны.

«Спадар Зяленскі! Мне здаецца, што гэта поўнае вар’яцтва, калі цягам аднаго тыдня кіраўніцтва Нацбанку заяўляе пра найвышэйшы ціск, калі сьледчыя ДБР заяўляюць пра найвышэйшы ціск, калі Антыманапольны камітэт абвяшчае пра найвышэйшы ціск. Можа ўжо спыніцеся? Можа ўжо пачняце ціснуць на Расейскую Фэдэрацыю, каб яна пакінула ў спакоі Ўкраіну і забрала адсюль свае войскі, а ня ціснуць на апазыцыю і незалежныя органы ўлады?» — заявіла сустаршыня фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Ірына Герашчанка.

У запасе ў пракуратуры засталіся яшчэ 23 справы

10 чэрвеня генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава паведаміла, што супраць Пятра Парашэнкі пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады было заведзена 24 справы — у тым ліку аб дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай. Сярод абвінавачаньняў —

• арганізацыя праходу караблёў праз Керчанскую затоку,
• ухіленьне ад сплаты падаткаў, умяшаньне ў працу судоў,
• незаконнае прызначэньне Ўладзімера Гройсмана прэм’ер-міністрам,
• незаконнае завалоданьне зямельным участкам і маёмасьцю, ды іншыя.

Сам Парашэнка адмаўляе ўдзел у любых супрацьзаконных дзеяньнях.

Паводле Канстытуцыі Ўкраіны прэзыдэнт карыстаецца правам недатыкальнасьці толькі на час выкананьня паўнамоцтваў. Званьне ж прэзыдэнта Ўкраіны захоўваецца за ім пажыцьцёва, калі толькі ён ня быў адхілены ад пасады ў парадку імпічмэнту.