У былога адміністратара тэлеграм-чата «Браслав для жизни» Канстанціна Далецкага 8 ліпеня прайшоў ператрус, забралі кампутар і два тэлефоны. Падставай для гэтага стала заява браслаўскага інспэктара, асобу якога актыўна абмяркоўвалі ў чаце.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У дом Канстанціна Далецкага ў Муражах пад Браславам з вобшукам прыехалі раніцай 8 чэрвеня. Зь яго словаў, прысутнічалі шасьцёра: два ўчастковыя інспэктары, два панятыя, а таксама двое мужчын, якія адмовіліся назвацца. Канстанцін мяркуе, што гэта супрацоўнікі КДБ зь Віцебску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяцёра ўжо за кратамі. Што стала з блогерамі і палітыкамі, якіх Ціханоўскі пахваліў за дзень да арыштуУ гаспадара забралі кампутар, два тэлефоны — працоўны і стары. Калі Далецкі сеў выдаляць паролі, яго прысьпешвалі і пагражалі, што гэтыя дзеяньні будуць разглядацца як непадпарадкаваньне міліцыі. Тэхнічныя характарыстыкі кампутара ў пратакол аб канфіскацыі міліцыянты заносіць ня сталі.
Канстанцін кажа, што ягоную тэхніку забіралі паводле акту канфіскацыі на месцы ўчыненьня правапарушэньня — нібыта яна можа быць зьвязаная з паклёпам на ўчастковага інспэктара Мікалая Іванова.
Далецкага ўжо арыштоўвалі
29 чэрвеня Канстанціну Далецкаму прысудзілі пяць сутак арышту за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Канстанцін быў адміністратарам тэлеграм-чату «Браслав для жизни». Пасьля ягонага арышту быў створаны новы тэлеграм-чат https://telegram.me/Braslavforlife пад такой самай назвай. І Канстанцін цяпер не адміністратар, а яго шараговы ўдзельнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго запрашалі як сьведку, а пасьля затрымалі». Жонка адміністратара чату «Браслаў для жыцьця» пра затрыманьне мужа«Пасьля таго як мяне выпусьцілі, я назваў „герояў“, якія мяне падманным шляхам прывялі ў РАУС. Што і як было, — камэнтуе Канстанцін Далецкі. — Пасьля гэтага ў чаце зьявілася фота інспэктара Мікалая Іванова, які на мяне складаў пратакол. Нейкі чалавек падпісаўся „найлепшым участковым інспэктарам“, паставіў фота Іванова сабе на аватарку і пачаў яго троліць. Капітальна».
Гэта стала падставай, каб выклікаць Канстанціна на допыт. Туды ён пайшоў разам з адвакатам.
«З улікам таго, што я прыходзіў з адвакатам, нам паказалі заяву ўчастковага Іванова, што нейкі чалавек, які падпісваецца яго прозьвішчам і выкарыстоўвае яго фатаздымак у абмундзіраваньні, няславіць гонар яго мундзіра», — кажа Канстанцін.
Суразмоўца патлумачыў, што больш не адмініструе чат і ня ведае, хто гэты чалавек, які хаваецца за аватаркай з асобай інспэктара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністратару чату «Браслаў для жыцьця» прысудзілі пяць сутак арышту
Тэхніку забіраюць і ў іншых удзельнікаў чата
Паводле Канстанціна Далецкага, на допыт выклікалі яшчэ некалькіх актыўных удзельнікаў чату. Цяпер у іх адбываецца вобшук на працоўным месцы — канфіскуюць працоўную тэхніку і асабістыя тэлефоны.
«Міліцыянты канфіскуюць тэхніку, каб людзі не маглі пісаць, — разважае ён. — Але яны не разумеюць, што ў чаце было менш за пяцьсот чалавек. А цяпер пра гэта будуць гаварыць усе. Яны толькі горш сабе робяць. Калі людзі ня могуць адкрыта нідзе нічога выказваць, яны зьбіраюцца ў чатах і абмяркоўваюць свае думкі. Нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзікае паляваньне на блогераў. Чаму і навошта ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 тысяч падпісчыкаў, да 3 гадоў калёніі. Што яшчэ трэба ведаць пра затрыманых уладамі блогераў