8 ліпеня адбыўся разгляд скаргі абаронцы блогера і адміністратара Telegram-каналу «Беларусь головного мозга», фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка на прымяненьне да яго меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.
У задавальненьні скаргі адмоўлена, паведамілі ў Тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга», які вёў Ігар Лосік да затрыманьня. Блогер застаецца ў СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рамках крымінальнай справы блогера Ігара Лосіка дапыталі яго жонкуНа адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальную справу паводле артыкулу за арганізацыю масавых беспарадкаў.
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны канал «РБ головного мозга» падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі вакол сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі, у тым ліку апошнія затрыманьні падчас «ланцуга салідарнасьці» ў Менску і іншых гарадах 18 і 19 чэрвеня.
На гэтых акцыях людзі патрабавалі вызваліць з-пад варты патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, а таксама кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі за чатыры дні затрымалі больш як 360 чалавек.
Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палізвязьнем.