«Я не адчуваю розьніцы паміж колішняй савецкай рэспублікай і цяперашнім нібыта сувэрэнітэтам. Ці то вобласьць, ці то губэрня — усё адно прыдатак да Масквы. Лукашэнка гаворыць па-расейску, з раніцы да вечара расейскія тэлеканалы, усё абвешана афішамі расейскіх выканаўцаў. Пра якую Беларусь гаворка?» Кампазытар Эдуард Ханок пра «халяўную псыхалёгію», якая давяла дзяржаву да краху.
«Сур’ёзныя людзі нясуць усялякую лухту, не разумеюць, што адбываецца»
Эдуард Ханок — народны артыст Беларусі, кампазытар, чые творы выконвалі зоркі першай велічыні савецкай эстрады. Таксама дасьледчык, аўтар уласнай тэорыі «творчых хваляў», згодна зь якой любая асоба пасьля дасягненьня піку папулярнасьці і паступовай страты інтарэсу трымаецца на «рэшткавым рэзэрве». Прычым тычыцца гэта ня толькі прадстаўнікоў шоў-бізнэсу, а таксама лідэраў грамадзка-палітычных працэсаў.
Ад пачатку нулявых музыка жыве на дзьве краіны — Беларусь і Расею, мае расейскае і беларускае грамадзянства. Сёлета адзначыў 80-гадовы юбілей, але, як прызнаецца, па-ранейшаму працуе 24 гадзіны на суткі. Акурат завяршае кнігу-споведзь, у якой «дастанецца ўсім», абяцае аўтар.
— Эдуард Сямёнавіч, для пачатку патлумачце: са сваім расейскім грамадзянствам ці можаце вы ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Беларусі?
— Як той казаў, «Здрасьце, я ваша цёця». Чаму ж не магу? Я калі заканчваю канцэрт, расказваю такую гісторыю. Калі мне ў амбасадзе давалі ганаровае грамадзянства, так жартам і дамовіліся: па цотных датах буду грамадзянінам Расеі, па няцотных — Беларусі. Так што нічога не замінае, у мяне два актуальныя пашпарты.
Дарэчы, нядаўна быў на запісе праграмы Андрэя Малахава пра культуру 1970-х. Гучалі мае песьні «Потолок ледяной» для Эдуарда Хіля, «То ли еще будет» для Алы Пугачовай. Але не пра гэта. Вы ж ведаеце, што ў Маскву няма ні самалётаў, ні цягнікоў. Давялося аўтобусам. Дык вось туды ехаў па расейскім пашпарце, назад — па беларускім. Шыкоўна, чыста, без шуму і пылу. Заходзіць кантралёр, бярэ сьпіс пасажыраў і пачынае правяраць. Расейскі пашпарт — усё ў парадку. Не — да пабачэньня. Адну дзяўчынку нават не пусьцілі на конкурс «Голас», хоць было афіцыйнае запрашэньне. Так што двайное грамадзянства рэальна дапамагае.
— Тады скажыце, ці ёсьць нейкія сымпатыі зь ліку прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду і як ацэньваеце перадвыбарную актыўнасьць?
— Вы ведаеце, мяне гэта мала хвалюе. Абсалютна шчыра скажу. Я не займаюся палітыкай. Я займаюся аналітыкай, а гэта яшчэ горш за палітыку, вельмі злая рэч. Ведаеце, чаму? Таму што палітыка — справа густу. Адзін кажа, што гэты кандыдат — сволач, другі запярэчыць, што найлепшы чалавек. Густаўшчына.
Аналітыка дае абсалютна праўдзівы, абгрунтаваны вынік. Я ведаю, што Беларусь чакае наперадзе, мне дастаткова, ня трэба нават гадаць. Таму проста з задавальненьнем назіраю за гэтым спэктаклем. Усё астатняе — балбатня. Нават гляджу, нібыта сур’ёзныя людзі, а нясуць усялякую лухту, не разумеюць, што адбываецца. Я зыходжу з таго, што законы прыроды падмануць нельга. Якраз тое і вывучаю.
«Бацька» гістэрыць, шуміць, грыміць, а насамрэч толькі злуе Крэмль»
— З гэтага месца падрабязьней... Паводле якіх законаў прыроды, на вашу думку, вось ужо больш за чвэрць стагодзьдзя хапаецца за ўладу цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка?
— Паўтаруся, такая дробязь мяне не цікавіць. Зусім іншы ўзровень гульні, найперш з боку Расеі. Прысуд Беларусі падпісаны, нічога ўжо ня зробіш. Тым больш Пуцін ідзе на бестэрміновае праўленьне, дастаткова мае часу, каб прыбраць Беларусь цалкам або разьдзярбаніць, як Украіну. Гэты чалавек не прывык вырашаць пытаньні пад дыктоўку. «Бацька» хваліцца, шуміць, грыміць, гістэрыць, а насамрэч толькі злуе Крэмль. Пуцін унутры помсьлівы, як Сталін. Ён вырашае свае мэты, прычым тут Лукашэнка?
Зьвярніце ўвагу: я не кажу, добра гэта ці кепска. Проста бачу, што ён паставіў стратэгічныя задачы. Пробны шар запусьціў і пакуль пакінуў. Як кот: злавіў мыш і то прыцісьне, то адпусьціць. Зразумейце, кіраўнікі дзяржаваў вырашаюць толькі свае праблемы. А паколькі Беларусь ня мае рэфармаванай эканомікі, краіна ў пазыках, і яшчэ Расея спыняе донарства, гэта фініш. Пэрспэктыва — застацца зь нікому не патрэбнай самастойнасьцю і падохнуць, бо неўзабаве жэрці ня будзе чаго. Усё проста. Астатняе — прыгожая дэмагогія: не аддамо, не нахілімся, не здамося.
— Паводле вашай лёгікі, пакуль іншыя постсавецкія краіны ўмацоўвалі незалежнасьць ад Масквы, Беларусь проста «паразытавала» на Расеі. І цяпер настаў час расплаты?
— Я даўно жыву ў Беларусі, проста ў сілу спэцыфікі шмат бываю за яе межамі. Дык вось я не адчуваю розьніцы паміж колішняй савецкай рэспублікай і цяперашнім нібыта сувэрэнітэтам. Ці то вобласьць, ці то губэрня — усё адно прыдатак да Масквы. Лукашэнка гаворыць па-расейску, усе ягоныя падначаленыя паўтараюць. З раніцы да вечара расейскія тэлеканалы, усё абвешана расейскім афішамі. Пра якую Беларусь гаворка?
Беларусь — гэта куды б ты не прыйшоў, усё на сваёй мове. Вы ў Чэхію прыяжджаеце, там усё па-чэску, правільна? У любую краіну. А ўявіце, што ў Польшчы ўсё па-расейску. Дык якая гэта Польшча? Таму за прыгожымі словамі пра незалежнасьць — хлусьлівая дэмагогія. Беларусь ніколі не была дзяржавай, і ня трэба спэкуляваць ВКЛ, не да месца. Няма ні досьведу, ні волі. А самае галоўнае, няма ўсьведамленьня этнасу, агульнасьці мэты, як у тых жа ўкраінцаў. Бяз гэтага сфармавацца ў нацыю вельмі цяжка. Тым больш з плянавай савецкай эканомікай. Пусты нумар.
«Каб рэфарматар зьняў з сыравіннай іголкі, можна было адраджаць нацыю»
— А каб у сярэдзіне 1990-х беларусы рушылі ня сьледам за захавальнікам плянавай эканомікі, а шляхам выпрацоўкі нацыянальнай ідэнтычнасьці, сучасная Беларусь была б іншай?
— Калі, зноў жа, з аглядкай на Расею, нічога не атрымалася б. Зразумела, што Масква адмовілася б дапамагаць «уцекачам», не было б ні нафты, ні газу. Іншая справа, каб прыйшоў рэфарматар і адвязаў краіну ад сыравіннай іголкі, пусьціў бы сюды бізнэс, разьвіваў эканоміку. З гэтага жылі б. Вось тады, у сытым грамадзтве, можна адраджаць нацыю. А проста на балбатні, ня маючы нацыянальнага багацьця, затое маючы самае страшнае — дзяржаўную савецкую эканоміку, нікуды ня выплывеш.
Як паказала практыка, такая сыстэма ня мае будучыні. Зь дзьвюх бедаў выбіраецца меншая. Не кажу, што капіталістычная мадэль ідэальная, але капіталізм грунтуецца на ўнутранай барацьбе, канкурэнцыі, у выніку дае большы эфэкт. Таму Швайцарыя, Нямеччына ды іншыя жывуць лепш, чым Беларусь ці Расея.
Нерэфармаваная эканоміка кшталту нашай не нясе нічога, яна мёртвая. Памятаеце, як у СССР жэрці не было чаго, суцэльны дэфіцыт, галеча. Вось і мяркуйце, ці да думак пра свабоду, калі жывот пусты.
— Выглядае, што вялізны прамежак часу папросту змарнаваны і пры цяперашняй сыстэме пэрспэктывы абсалютна цьмяныя?
— Гаварыць пра самастойнасьць немагчыма ўжо на той падставе, што мы маем пустыя нетры (калійных угнаеньняў на ўсё ня хопіць) і маральна састарэлую эканоміку. Тут хайпанеш, там хайпанеш — гэта нічога не дае. Беларусь столькі часу трымалася на чым? Нам Расея давала за бясцэнак нафту, а мы лішкі перапрацоўвалі і прадавалі ўжо па сусьветных цэнах. Стваралася ілюзія «беларускага цуду». Чаму Лукашэнка так узрываецца, тупае нагамі? Таму што ў яго забралі кармушку.
Простая аналёгія. Скажам, я займаюся кампазытарствам, мяне з розных прычынаў утрымлівае нейкі мільянэр, падкідвае грошай. І я жыву ў сваё задавальненьне. А потым ён сказаў: прэч адсюль, дармаед. І ўсё, я панік, засумаваў. Нібыта магу самастойна існаваць, але без аніякага толку, бо неплатаздольны. Асабліва калі творца не рэфармаваны, проста піша старамодныя песьні, якія ніхто не купляе. Так і ў палітыцы.
«Ня трэба быць сёньня такім тухлым, як маэстра Фінберг, болей жыцьця!»
— Эдуард Сямёнавіч, у сярэдзіне 1990-х вы нарабілі шмат шуму са сваёй тэорыяй «творчых хваляў», якой проста скінулі з п’едэсталаў «першыя нумары» савецкай, а пасьля расейскай, беларускай эстрады. Пугачова, Кіркораў, Антонаў... Пасыл зразумелы: зоркі «пасінелымі пальцамі» хочуць утрымаць час, хоць ён незваротна мінае. Сёньня гэта бачым ня толькі на прыкладзе творцаў.
— Я дзякуючы сваёй тэорыі спакойна іду па жыцьці. Хоць мяне і лупцуюць з раніцы да вечара зьверху, зьнізу, збоку. Але мяне гэта проста загартоўвае, бо я добра ведаю законы прыроды. Вось у чым сэнс. Калі мяне чарговым разам дастаюць пытаньнем, чаго вы ня пішаце новых песень, адказваю: таму што час зусім іншы. І меў рацыю, калі ня стаў чапляцца за ўчорашні дзень. Нават калі нейкія сучасныя песьні сьпяваю, сачыняць у такім духу ўжо не змагу. Для цяперашняга пакаленьня гэта натуральна, а для мяне штучна. Жыцьцё не стаіць на месцы, як бы ты таго ні хацеў.
Просты прыклад. Прыходзіць да мяне ўнучка: тыц-тыц у мабільніку — і наладзіла. А я гляджу і нічога не разумею. На кожную праблему ў кампутары трэба выклікаць аднаго, другога ўнука. Яны гэта робяць на раз-два. Не таму, што разумнейшыя, а таму што зусім іншы тэмп жыцьця. І ня трэба саромецца прызнаць, што твой час застаўся ў мінулым.
— У свой час вас дакаралі панэгірыкам «Таварыш прэзыдэнт», які, дзеля справядлівасьці, хутка зьнік з рэпэртуару і за які вам потым самому было няёмка. А як самі ўспрымаеце музыку новага часу?
— Што было, тое было, няма сэнсу займацца самабічаваньнем... Слухайце, я з абавязку прафэсіі ведаю сучасныя папулярныя рэчы. Мяне запрашаюць у моладзевыя аўдыторыі, я часта бываю ў лягерах на Чорным моры. І калі пачынаю дэклямаваць цяперашнія гіты, у іх вочы на лоб лезуць. Яны гэта слухаюць, а мне падвышае тонус. То бок ня трэба быць сёньня такім тухлым, як Фінберг. Калі ў адказ на пытаньне, ці ведаеце Ціму Беларускіх, чуеце «Ня ведаю і ведаць не хачу», гэта азначае, што маэстра час ужо займацца нечым іншым.
А як самі ведаеце сучасныя працэсы, тым самым падвышаеце аўтарытэт сярод моладзі. Застаяцеся ў трэндзе, умоўна кажучы. Вас за гэта маладыя паважаюць. Прыходзіш да іх Цюцькіным, а сыходзіш Магамаевым. Я, дарэчы, раблю хітра. Спачатку сьпяваю сучасныя гіты, а потым прызнаюся. Маўляў, усё дзеля таго, каб вы зразумелі: калі вашы бабулі, дзядулі, мамы, таты былі такія ж, як вы, яны гэтак жа гарлапанілі песьні, у тым ліку і мае.
«Зьбіраўся Саладуху прыцягнуць за паклёп, вельмі добры для яго артыкул»
— Некалькі гадоў таму вы пачалі судзіцца з шэрагам выканаўцаў і мэдыя, якія, з вашага гледзішча, беспардонна парушалі аўтарскі правы. Чым усё скончылася?
— Ведаеце, хутчэй за ўсё пастаўлю на паўзу. Неўзабаве выпушчу кнігу, там будзе пра ўсё падрабязна напісана. Я ў гэтай краіне быў і ёсьць ізгоем, не ўваходжу ні ў якія тусоўкі. Таму дзяржава прыняла бок парушальнікаў закону — Паплаўскай, Саладухі, Ярмоленкі ды іншых. І калі мяне забанілі, а іх, наадварот, прапагандуюць, то мой выйгрыш у судзе ня будзе мець ніякага значэньня. Гэта па-першае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эдуард Ханок перадумаў і ўсё ж падае ў суд на Ядвігу Паплаўскую і Анатоля ЯрмоленкуПа-другое, суды ў Беларусі не гатовыя да такіх размоваў, няма такой практыкі. Я ў тэлеканала АНТ выйграў амаль выпадкова. Усё ішло міма касы, бо суд, умоўна кажучы, нецывілізаваны. Разважаюць не паводле закону, а згодна з паняцьцямі, не разумеюць сэнсу маёй прафэсіі. Падумаеш — не аб’явілі аўтара. Да іх не даходзіць, што гэта грубае парушэньне закону. А так сапраўды, зьбіраўся і Саладуху за паклёп прыцягнуць, вельмі добры для яго артыкул. І Ярмоленку, і Паплаўскую. Зноў жа, не ў беларускім судзе. Тут нічога не даб’есься.
— Падчас публічных імпрэзаў 3 ліпеня побач з Аляксандрам Лукашэнкам нечакана апынуўся Аляксандар Саладуха. Дабразычліўцы пачалі строіць здагадкі, што, магчыма, аблашчаны сьпявак узьнікне на нейкай пасадзе. Як вам такая культуралягічная кансьпіралёгія?
— Сьмеяцеся ці што? Проста блеф. Мелькам бачыў, як побач прыстроіўся... Гэта чалавек, які ўсюды бяз мыла шчэміцца. У яго цяпер пэрыяд нетрыманьня, не разумее свайго месца. Людзі зь беспадстаўна завышанай самаацэнкай, як правіла, дрэнна сканчаюць. Мабыць, ніхто яго і не прасіў, каб ён там стаяў, сам нейкім чынам пралез. Адсутнічаюць тармазы. Вось яго панесла, і ён ужо ўяўляе сябе дзесьці вельмі і вельмі высока.
Дах зьнесла — ну што ж, здараецца. Час паправіць. Як той казаў, цяжарнасьць — зьява часовая. Так і зь ім. Таму я ня бачу ніякай кансьпіралёгіі, а тым больш кандыдата на міністра культуры. Ён нават асноўнай адукацыяй (мэдык. — РС) ня мае ніякага дачыненьня да культуры. Яго прызначылі старшынёй журы дзіцячага конкурсу, але да кар’ернага росту гэта ня мае ніякага дачыненьня.
«У мяне такія аўтарскія, што некалькі гадоў можна не працаваць увогуле»
— Эдуард Сямёнавіч, і пад канец раскажыце, як супрацьстаіце каранавірусу? Наколькі пацярпела ад навалы ваша творчасьць, ці парушыўся гастрольны графік?
— Пакуль Саладуха завіхаўся вакол прэзыдэнта, я адпрацаваў пяць канцэртаў у Магілёўскай вобласьці — ад раніцы і да позьняга вечара. Хто шукае, той і мае. Папраўдзе, я чалавек дастаткова заможны, і ў гэтым сэнсе каранавірус мяне не хвалюе зусім. Магу год ці нават два нічога не рабіць і спакойна жыць. З гэтым пытаньняў няма. Я ж у Расеі працую, не ў жабрацкай Беларусі, а там грошы іншыя. Не скажу, што казачна багаты, але ні ў чым патрэбы ня маю. Гэта першае.
Другое, у мяне добрыя аўтарскія. Цяпер паступленьні спыніліся, але да таго атрымаў такія сумы, што можна існаваць без праблемаў. Трэцяе, я працую 24 гадзіны на суткі, у тым ліку рыхтуюся да творчых сустрэч супольна з музычнымі тэатрамі Расеі, Беларусі, Украіны. Вось каранавірус скончыцца і, спадзяюся, ужо ад кастрычніка паедзем. Я ім рассылаю мінусовыя фанаграмы, а артысты рыхтуюць музычна-тэатральныя нумары. Пробны такі праект зрабілі ўвосень у Калінінградзе, але потым усё спынілася. Чакаем, калі межы адкрыюцца і можна будзе вярнуцца да звыклага рытму. Я працую круглыя суткі, няма калі замарочвацца рознымі вірусамі...
Эдуард Ханок нарадзіўся 18 красавіка 1940 году ў Кустанайскай вобласьці Казахстану ў сям’і кадравага вайскоўца. Яшчэ малым з бацькамі пераехаў у Берасьце, скончыў сярэднюю школу. Паступіў у дзяржаўную музычную вучэльню імя Глінкі ў Менску, іграў у рэстаране «Нёман». Пасьля вучыўся ў Маскоўскай кансэрваторыі імя Чайкоўскага, там пачаў пісаць першыя песьні. Ад 1973 году сябра Саюзу кампазытараў Беларусі.
Заслужаны дзеяч культуры БССР, народны артыст Беларусі. Працуе ў розных жанрах, найбольш плённа — у песенным. Яго творы ўваходзiлi у рэпэртуар савецкіх, расейскіх, беларускіх выканаўцаў — Алы Пугачовай, Эдуарда Хiля, Льва Лешчанкі, Людмілы Сенчынай, ансамбляў «Самацьветы», «Верасы», «Сябры», «Песьняры». Найбольш вядомыя песьні — «Зіма», «Песьня першаклясьніка», «Ты вазьмі мяне з сабой», «Малінаўка», «Вы шуміце, бярозы», «Два полі», «Я у бабушки живу», «Завіруха», «Жаўраначка» і г.д.
Аўтар трох кніг з сэрыі «Пугачоўшчына...», у якіх разьвівае ўласную тэорыю творчых хваляў прымяняльна да эстрадных зорак.
З жонкай Яўлаліяй Іванаўнай выгадавалі дачок Руслану і Сьвятлану, а таксама сына Аляксея. Цяпер знаходзяць аддушыну ва ўнуках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зінаіда Бандарэнка: Няма ў беларусаў «намаганьня да змаганьня», каб пастаяць за сваё ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі жадаеш дабра свайму народу, сыдзі!». Экс-журналістка прэзыдэнцкага пулу пра схіл эпохі Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як такое магчыма ў эўрапейскай краіне?» Былы кіраўнік «Альфа Радыё» пра выбары з пазыцыі сілы