Відэа з кадрамі мёртвых цялятаў і гразі ў калгасе зьявілася ў сеціве і выклікала рэзананс. Гаворка ідзе пра гаспадарку «Агра-Слабада» ў вёсцы Конкавічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Свабода даведалася, што там адбываецца.
Конкавічы — вялікая вёска, цэнтар сельсавету. Аўтар роліка, зьнятага меркавана 4 ліпеня, паказаў, што фэрму затапіла, а ў гразі ляжаць параненыя і мёртвыя цяляты.
На тэлефанаваньне ў сельсавет адказалі, што зьвязацца з калгаснай канторай можна толькі па адным нумары, але ён быў недасяжны. Паводле прадстаўніка мясцовай улады, акурат з 7 ліпеня ў гаспадарцы зьмяніўся кіраўнік, але хто менавіта ўзначаліў калгас, у сельсавеце ня ведалі.
Аказалася, што пасьля рэзанансу кіраўнік упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Петрыкаўскага райвыканкаму Мікалай Місюра асабіста паехаў у Конкавічы, каб высьветліць, што здарылася, і навесьці парадак у гаспадарцы. Раённы чыноўнік, калі зьняў слухаўку, якраз быў у «Агра-Слабадзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каровы як індыкатар грамадзкага здароўя пры Лукашэнку«Дзікія сабакі ды ваўкі парвалі цялятаў. Тут побач пойма Прыпяці, апошнім часам вада пачала прыбываць, і сабакі пайшлі сюды. Учора і сёньня ўжо знайшлі і адстралялі чатырох сабак. Гэты ролік зьнялі самі даглядчыкі — гэта іх жа скаціна, яны адказваюць за яе. Так, сабакі вінаватыя, але ж іх не пакараеш. Загадчык фэрмы, заатэхнік, лекар пакараныя. А зараз ваўкі будуць пачынаць прыходзіць — штогод яны нападаюць на цялятаў. Таму просім паляўнічых, каб ваўкоў адстрэльвалі», — сказаў Мікалай Місюра.
Паводле кіраўніка ўпраўленьня, лужыны і бруд зьявіліся на тэрыторыі гаспадаркі пасьля моцных дажджоў.
Мікалай Місюра заявіў, што ў «Агра-Слабадзе» няма прыкметаў безгаспадарнасьці — кашару ўжо пачысьцілі, навялі парадак.
Пры гэтым чыноўнік адзначыў, што гаспадарка праблемная, тут даўно ня могуць знайсьці сталага кіраўніка. Таму выканаўцы абавязкаў дырэктара часта зьмяняюцца.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Што да падзяжу жывёлы, то разборкі будуць жэстачайшыя» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Экстраная сытуацыя». Мы даведаліся, што стала з каровамі, жорсткія здымкі якіх шакавалі сацсеткі