Рэжысэрка-дакумэнталістка і грамадзянская актывістка Вольга Мікалайчык нечакана выйшла на волю 7 ліпеня — роўна празь месяц пасьля затрыманьня. Сумарна за розныя «несанкцыянаваныя акцыі» ёй прысудзілі 58 дзён арышту, зь якіх яна недабыла 28 дзён.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Вольгу Мікалайчык вызвалілі зь менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, што на 1-м завулку Акрэсьціна. Гэта пацьвердзіла Свабодзе яна сама. Вызваленьня не чакала, але днём 7 ліпеня яе проста адпусьцілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хутчэй за ўсё, яе да выбараў ня выпусьцяць». Вольгу Мікалайчык больш за два тыдні трымалі ў карцарыЗа месяц арышту Мікалайчык 22 дні была ў карцары 2х3 мэтры, дзе не было нават вады, бялізны. Падчас адбыцьця пакараньня яна захварэла, бо было вельмі холадна, у яе не было цёплых рэчаў. Яе патрабаваньні шпіталізаваць адміністрацыя турмы на Акрэсьціна не задаволіла — лекавалася антыбіётыкамі. У яе забралі акуляры і лекі, толькі на мінулым тыдні прынялі першую перадачу зь ежай.
Арышты палітычных актывістаў у часе выбарчай кампаніі яна назвала незаконнымі рэпрэсіямі і ўціскам грамадзянскай супольнасьці. Адміністрацыя ІЧУ, кажа Мікалайчык, імкнулася настроіць супраць палітычных вязьняў усіх астатніх. Спэцыяльна на дзень забіралі коўдры ў сукамэрнікаў. Але тыя не паддаліся і ставіліся да палітычных зьняволеных пазытыўна.
Вольгу Мікалайчык затрымалі 7 траўня каля Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзілі масавыя пікеты альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не даюць спаць, матрацы з вошамі, 5 сутак у карцары. Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.