Раніцай 7 ліпеня аб’яднаньне «Кримська солідарність» паведаміла пра ператрусы расейскімі сілавікамі ў дамах крымскіх татараў у Бахчысарайскім раёне. Пазьней стала вядома аб ператрусах у іншых раёнах паўвострава.
Як паведамляюць Крим.Реалії, у выніку затрымалі 6 чалавек.
Прычыны ператрусаў не паведамляюцца, расейскія сілавыя структуры акупаванага Крыму сытуацыі не камэнтуюць.
Адвакат Ісьлям Веліляеў паведаміў, што яго не дапусьцілі ў будынак актывіста Эміля Зіядзінава ў пасёлку Акцябрскае (Біюк-Анлар) Краснагвардзейскага (Курманскага) раёну Крыму, дзе раніцай 7 ліпеня расейскія сілавікі праводзілі ператрус.
"Ператрус пачаўся а 4-й раніцы, паводле відавочцаў. Супрацоўнікі ФСБ уварваліся ў дом, дзе быў сам Зіядзінаў, ягоная сямʼя, у тым ліку чацьвёра непаўналетніх дзяцей і старыя бацькі. На мае патрабаваньні дапусьціць мяне да майго падабароннага і прысутнічаць пры ператрусе, супрацоўнікі ФСБ узялі маю візытоўку і сказалі чакаць. Права на абарону парушана, мяне не дапусьцілі да правядзеньня ператрусу", расказаў Ісьлям Вілеляеў.
У Зіядзінава забралі два кампутары, сыстэмны блёк і агульнадаступную літаратуру.
Жонка Зіядзінава паведаміла, што яе мужу інкрымінавалі стварэньне альбо ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі. Паводле яе, сілавікі прапанавалі Зіядзінаву прызнаць віну і пайсьці на супрацоўніцтва ўзамен на зьмяншэньне пакараньня аж да хатняга арышту.
У анэксаваным Расеяй Крыме працягваюць парушаць правы чалавека, уключна з прымяненьнем катаваньняў і абмежаваньнем свабоды слова, заявіла 2 ліпеня Вярхоўная камісарка ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: Расея павінна спыніць рэпрэсіі супраць тых, хто ў апазыцыі да акупацыі Крыму