Актывіст АГП Мікалай Маслоўскі днямі выйшаў на волю пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што вёў стрым са збору подпісаў каля Камароўскага рынку.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Калі Маслоўскі трапіў на Акрэсьціна, там ужо больш як два тыдні адбывалі арышт Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец ды іншыя апазыцыйныя актывісты і сябры ініцыятыўных груп. Людзі, якія зь імі сядзелі, па выхадзе на волю расказвалі, што ў камэрах вошы, матрацаў не выдаюць, ва ўзаемаадносінах паміж «палітычнымі» і звычайнымі арыштантамі штучныя праблемы. Ці зьмянілася што цяпер?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашні кашмар цяжка было перажыць». Актывіст расказвае пра ўмовы на Акрэсьціна«Дах сапраўды цячэ, але гэта не галоўнае»
Мікалай Маслоўскі адбываў свае 15 сутак як у ІВС (Ізалятар часовага ўтрыманьня), гэтак і ў ЦІП (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў), куды і павінны зьмяшчаць пакараных суткамі за адміністрацыйныя правапарушэньні. Чаму амаль палову тэрміну ён адбыў у ІВС, Маслоўскаму ніхто не тлумачыў.
«Кажуць, у ЦІПе вядзецца рамонт. Сам бачыў, як нешта скідалі з даху, на пяты паверх працякае. Але гэта ня ўся праўда. Лічу галоўным тое, што быў велізарны наплыў „палітычных“ арыштантаў, і людзей напіхвалі ў камэры звыш нормы. У ІВС у маёй камэры, разьлічанай на 4 чалавек, не было менш за 5. Аднаму арыштанту заўсёды не хапала месца. Але ведаю дакладна, што былі зусім вольныя камэры. Магчыма, гэта хітрыкі адміністрацыі, каб стварыць „палітычным“ дрэнныя ўмовы і каб на іх крыўдзіліся іншыя сядзельцы», — мяркуе Мікалай Маслоўскі.
Умовы і абыходжаньне зь вязьнямі як у ЦІП, гэтак і ў ІВС Мікалай Маслоўскі назваў катаваньнем. Вось што ён патлумачыў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывелі ў дворык і паставілі «на расьцяжку». Чаму вязьні Акрэсьціна ня могуць паскардзіцца на ўмовы ўтрыманьня?Лямпа гарыць круглыя суткі, ахоўнікі будзяць уначы
Паводле Маслоўскага, у камэры, дзе ён сядзеў першыя дні арышту, цягам усяго дня і ночы ня гасла сьвятло. Яго даюць лямпы пад стольлю, якія вязьні завуць «месяцам» — за белы колер і за тое, што ня гаснуць цэлую ноч. Паводле Мікалая, выспацца пад такім «месяцам» немагчыма і нават небясьпечна. Мужчына спрабаваў накрываць вочы ручніком, але па твары пачынаў цячы пот, бо лямпы да таго ж вельмі гарачыя.
«Пот разьядае скуру каля вачэй, у мяне зьявіліся ранкі, залечваць іх не было чым», — расказвае Мікалай. Ён кажа, што не ўяўляе, як людзі могуць знаходзіцца там тыднямі.
«Мне хапіла некалькі дзён. Чым не катаваньне? Адпачыць немагчыма», — лічыць Мікалай Маслоўскі. Паводле былога вязьня Акрэсьціна, таксама на стан арыштантаў уплывае тое, што ахоўнікі часта наведваюць камэры сярод ночы.
«Толькі засьнеш, як грукат у вакенца ці начны візыт. Адмыслова не даюць спаць», — мяркуе спадар Маслоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта канцлягер. Вошы, 6 сутак ня спала ад холаду». Праваабаронца Натальля Гарачка пра ўмовы ў ізалятары на Акрэсьціна
Небясьпечныя сукамэрнікі
Паводле Мікалая Маслоўскага, у камэры да «палітычных» па-ранейшаму зьмяшчаюць людзей у неадэкватным стане.
«Двойчы да мяне ў камэру падсялялі сапраўды небясьпечных арыштантаў. Адзін сярод ночы пачынаў шукаць гаечны ключ, другі, як праспаўся пасьля алькаголю, паўсюль шукаў гарэлку. Абодва былі ў такім стане, што магло здарыцца няшчасьце. Ведаю, што аднаго з гэтых вязьняў потым адправілі ў Навінкі (РНПЦ псыхічнага здароўя. — РС), але чаму ён у такім стане ўвогуле быў зьмешчаны ў ЦІП? Ня думаю, што выпадковая памылка», — мяркуе Мікалай Маслоўскі.
Маслоўскі згадаў пра арыштанта па мянушцы Маўглі. Той нібыта ня мае сталага месца жыхарства, вопратка вельмі брудная ды сьмярдзючая, даўно ня мыўся.
«Яго трымалі ў асобнай камэры і наўпрост пагражалі, што за дрэнныя паводзіны будуць падсяляць у ягоную камэру, а ў яго вошы», — згадаў Маслоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыштант з камэры на Акрэсьціна, дзе сядзеў Севярынец: «У яго ўсё забралі, нават зубную шчотку»
«Фартовыя» матрацы
З ранейшых расповедаў актывістаў, якія пабывалі на Акрэсьціна, Мікалай Маслоўскі чуў пра вошай у камэрах ІВС і ЦІП. Гэтыя зьвесткі Мікалай ня змог ні пацьвердзіць, ні абвергнуць.
«Там праблемай застаюцца матрацы — іх то выдаюць, але толькі на ноч, то не выдаюць зусім, то выдадуць пару штук на камэру, у якой 4 месцы, а іншыя, кажуць, „фартовыя, хочаце — бярыце“. А „фартовыя матрацы“ — гэта з вошамі, бо будзеш на такім матрацы ўсю ноч круціцца. Мы ад такіх адмаўляліся. Спалі па чарзе на добрым, але каб не заносіць у камэру гэтых паразытаў. А чаму матрацы не прадэзынфікуюць, мне невядома», — сказаў Мікалай Маслоўскі.
Пры гэтым актывіст адзначаў, што кожны дзень у ІВС і ЦІП праводзіцца дэзынфэкцыя з прычыны каранавірусу.
5 сутак у карцары
За што Маслоўскі правёў 5 сутак у карцары, ён ня ведае.
«Нічога не сказалі. Проста прывялі і сядзі. Пакой 4 на 2,5 мэтра, шконка, на якой удзень не паляжыш, бо прычапляецца да сьцяны, фактычна дзень на нагах. І няма чым сябе заняць. Ноччу холадна. Не ўяўляю, як было хлопцам, якіх трапілі на Акрэсьціна ў шортах ды майках, а такіх там я бачыў. Адзіная добрая рэч у карцары, што там ложак не з мэталічных пласьцін, як у камэры ЦІП, а суцэльная драўляная пліта, абабітая жалезам. Паляжыш, дык хоць косткі не ламае, як пасьля ночы ў ЦІП», — згадаў пра карцар Мікалай Маслоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1246 сутак арышту, 90 тысяч рублёў штрафаў. Праваабаронцы падлічылі вынікі судоў ад 6 траўня
«Статкевіч трымаецца бадзёра»
Мікалай Маслоўскі згадаў, што аднойчы ў ягоную камэру ў ІВС перавялі маладога чалавека, які раней сядзеў разам са Статкевічам.
«Той казаў, што Статкевіч трымаецца бадзёра, адказвае на пытаньні сукамэрнікаў. Казаў, што на твары і на целе ў яго ня бачыў нічога, што б нагадвала сьляды зьбіцьця, але згадваў пра праблемы з нагамі. Але што гэта было дакладна, ня ведае», — кажа Мікалай Маслоўскі.
Што расказалі жонкі Статкевіча і Севярынца?
Карэспандэнт Свабоды зьвязаўся з жонкай Мікалая Статкевіча Марынай Адамовіч. Яна сказала, што да затрыманьня ў канцы траўня Мікалай Статкевіч ня меў праблем з нагамі.
«На Акрэсьціна можа быць што заўгодна, а да таго ніводзін супрацоўнік не падняў бы на яго руку», — мяркуе Марына Адамовіч. Пра цяперашні стан здароўя мужа Марына ведае мала.
«Ліставаньня няма, але перадачы для яго пачалі прымаць. Да выходных адваката не выклікалі на выстаўленьне абвінавачаньня, таму ў якім ён цяпер стане, што са здароўем, ня ведаю», — сказала Марына Адамовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынца ў турме на Акрэсціна яшчэ двойчы асудзілі на 15 сутак арышту, яго жонка заявіла пра катаваньніПаводле жонкі Паўла Севярынца Вольгі, ёй дагэтуль невядома, колькі сутак адміністрацыйнага арышту агулам атрымаў Павал.
«Падлічвала, дык атрымалася 60, але можа і больш, бо нічога ня кажуць. Колькі з ужо адбытага правёў у карцары, таксама ня ведаю. Адзіная добрая навіна, што пачалі прымаць для яго перадачы», — сказала Вольга Севярынец.
Дзяжурны Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў адмовіўся камэнтаваць зьвесткі пра незаконнае абыходжаньне з арыштантамі зь ліку палітычных актывістаў.