Люўр аднаўляе працу праз чатыры месяцы пасьля закрыцьця

FRANCE - FILE PHOTO: Tourists stand in front of the Louvre Pyramid designed by Chinese-born U.S. Architect Ieoh Ming Pei in Paris, France, September 13, 2016

Парыскі музэй Люўр зноў адкрыўся для наведнікаў — амаль праз чатыры месяцы ад закрыцьця ў сакавіку з прычыны пандэміі каранавірусу.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Пакуль у музэі будуць дзейнічаць некаторыя абмежаваньні: кіраўніцтва зрабіла абавязковым нашэньне масак, колькасьць наведвальнікаў і іх перасоўваньне па залях будзе строга кантралявацца. Адміністрацыя таксама мае намер сачыць, каб не было зашмат людзей у чарзе да самага вядомага экспаната Люўра — «Моны Лізы» Леанарда да Вінчы.

З 13 сакавіка, калі ўвялі карантын і Люўр мусіў закрыцца, ён страціў 40 мільёнаў эўра даходаў. «Нам пашанцавала, што наш уласьнік — дзяржава», — заявіў дырэктар музэю Жан-Люк Марцінэс.

Адначасова ў панядзелак каля Люўру прайшла акцыя пратэсту турыстычных гідаў. Яны, сярод іншага, казалі, што ўлады не прыкладаюць дастатковых намаганьняў, каб дапамагчы людзям, занятым у турыстычнай сфэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Закрыты Люўр набраў больш за 10 мільёнаў віртуальных візытаў за час карантыну

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясьціў у чэрвені пра «першую перамогу» над каранавірусам. У краіне працягваецца паступовая адмена абмежаваньняў, уведзеных у сувязі з эпідэміяй. Жан Кастэкс, які адказваў у адміністрацыі Макрона за паслабленьне захадаў, на мінулым тыдні быў прызначаны новым кіраўніком ураду Францыі. Ён зьмяніў Эдуара Філіпа, які займаў пасаду прэм’ера з 2017 году.

У сусьветнай статыстыцы захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй Францыя займае цяпер 15-е месца — больш за 204 тысячы выпадкаў. Памерлі ад пачатку эпідэміі амаль 29 900 чалавек. Паводле сьмяротнасьці Францыя на шостым месцы.