Былога начальніка 4-га аддзела упраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці асудзілі на 7 гадоў калёніі за зьбіцьцё дырэктара гомельскай кавярні. Суд разглядаў справу ў закрытым рэжыме.
Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу, заведзеную на былога супрацоўніка КДБ, начальніка 4-га аддзела УКДБ па Менску і Менскай вобласьці Андрэя Мільчанку.
Яго абвінавацілі ў зьбіваньні дырэктара гомельскай кавярні «The Box 99» 49-гадовага Леаніда Ганчаронка.
Суд прыйшоў да высновы, што Андрэй Мільчанка вінаваты паводле п. 7 ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэксу Беларусі (наўмыснае нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў) і прысудзіў 7 гадоў калёніі узмоцненага рэжыму. Таксама Мільчанка мусіць выплаціць пацярпеламу 45 тысяч рублёў кампэнсацыі. Яго пазбавілі званьня «палкоўнік».
Чаму суд быў закрыты
Паседжаньні праходзілі ў закрытым рэжыме, бо ў справе быў адзін том матэрыялаў, якія зьмяшчаюць дзяржаўную тайну. Пасьля прысуду абодва бакі адмовіліся ад камэнтароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікаў КДБ западозрылі ў зьбіцьці дырэктара гомельскай кавярні. Камітэт не камэнтуеШто адбылося ў гомельскай кавярні
Увечары 8 лютага каля гомельскай кавярні «The Box 99» двое мужчын зьбілі дырэктара кавярні, які заступіўся за дзьвюх дзяўчын. Два п’яныя мужчыны зайшлі ў кавярню каля 18 гадзіны. Яны зрабілі замову, селі за стол да дзяўчат-падлеткаў і пачалі да іх чапляцца. Дзяўчаты сабраліся сыходзіць, але мужчыны пачалі зрываць зь іх курткі. Дырэктар кавярні ўмяшаўся ў канфлікт.
Мужчыны паклікалі дырэктара «пагаварыць на вуліцу». Адзін пачаў біць яго і працягваў, пакуль той ня страціў прытомнасьць. Дырэктара шпіталізавалі, дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму.
Сьледчы камітэт пракамэнтаваў інцыдэнт так: «Быў затрыманы 43-гадовы беспрацоўны жыхар Менску, які сам прыйшоў з павіннай да праваахоўнікаў. Сьведкам праходзіць ягоны спадарожнік, 42-гадовы мянчук».
Неафіцыйна стала вядома, што 42-гадовы жыхар Менску — таксама супрацоўнік КДБ. Ён праходзіў у справе сьведкам.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.