У Злучаных Штатах Амэрыкі зафіксавалі хвалю гвалту. Падчас выходных з нагоды Дня Незалежнасьці ЗША ў розных гарадах застрэлілі больш за 20 чалавек.
Цягам 4 і 5 ліпеня ў Чыкага атрымалі раненьні сама меней 77 чалавекі, 14 зь іх загінулі, піша Chicago Sun Times. У Нью-Ёрку ў перастрэлках у нядзелю паранілі ня менш за 41 чалавека, восем чалавек забілі, піша ABC7.
Успышка гвалту ў Нью-Ёрку і Чыкага прыцягнула ўвагу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Ён заклікаў Дэмакратычную партыю ўстанавіць «закон і парадак» у гарадах, дзе яна знаходзіцца ва ўладзе.
Вядома таксама, што 20 чалавек паранілі і траіх забілі ў Атланце. Сама меней 20 параненых і трое забітых у Кліўлэндзе. Падчас страляніны ў начным клюбе ў Паўднёвай Караліне загінулі два чалавекі, яшчэ восем — параненыя.
Акрамя таго, 12 чалавек паранілі падчас сямі не зьвязаных паміж сабой інцыдэнтаў у Мілўокі, яшчэ восем чалавек пацярпелі падчас шасьці інцыдэнтаў у Омазе.
Пакуль няма пацьверджаньня, што гвалт на выходных непасрэдна зьвязаны з пратэстамі, якія ўзьніклі з прычыны гібелі афраамэрыканца Джорджа Флойда пры затрыманьні паліцыяй у траўні.
У той жа час гэта адбываецца на фоне рашэньня скараціць бюджэт шэрагу паліцэйскіх дэпартамэнтаў на патрабаваньне пратэстоўцаў і мясцовых заканадаўцаў, у прыватнасьці ў Нью-Ёрку.
Паліцэйскія падраздзяленьні і шэраг палітыкаў заклікалі не зьмяншаць фінансаваньне.