Лукашэнка расказаў, што ягоны асабісты фатограф ледзь не памёр ад каранавірусу 

Аляксандар Лукашэнка наведвае МТЗ, 29 траўня 2020

Аляксандар Лукашэнка расказаў, што ягонага асабістага фатографа Андрэя Стасевіча ледзьве ўдалося выратаваць ад каранавірусу. Кадры былі паказаныя ў фільме пра журналістаў прэзыдэнцкага пулу, які выйшаў на тэлеканале «Беларусь 1».

Выступаючы перад калектывам Менскага трактарнага заводу 29 траўня, Лукашэнка расказаў, як фатографа выцягвалі «з таго сьвету».

«Вось ён стаіць, прыгажун, смяецца. У яго пад сорак тэмпература нядаўна была — ледзьве выцягнулі. Мне тэлефануюць: напэўна, памрэ. Я кажу, вы што, з глузду зьехалі? Як памрэ? Фатографа ня будзе? А ён ужо, бачыце, залез куды», — сказаў Лукашэнка пра фатографа дзяржаўнага агенцтва БелТА Андрэя Стасевіча, які ўпаўнаважаны здымаць першую асобу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвясьціў перамогу над каранавірусам у Беларусі

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнкі тады чарговым разам назваў пандэмію «псыхозам» і «палітычнымі гульнямі».

«Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш чым хвароба. Хвароба ў гэтай пандэміі займае, можа быць, палову, а то і меней. Усё астатняе — гэта палітыка. І вы хутка ў гэтым пераканаецеся», — запэўніў ён.

У фільме пра журналістаў зь «пулу першага» таксама адзначалася, што Лукашэнка марыў стаць журналістам і захапляўся фатаграфіяй.