Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 5 ліпеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку пашырэньня COVID-19.
Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалі практычна аднолькавую статыстыку: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой палове чэрвеня афіцыйная статыстыка пачала паказваць спад колькасьці «актыўных выпадкаў» (за кошт вялікай колькасьці выпісаных) і меншую колькасьць новых выяўленых выпадкаў на дзень. Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На COVID-19 захварэлі больш за 11 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце, памерлі больш за 500 тысячПаводле Міністэрства аховы здароўя, на 5 ліпеня ў Беларусі:
- агулам 63 554 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 423 памерлі, з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 50 871 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 068 029 тэстаў (за апошнія суткі — 8730).
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ