Рэпер Канье Ўэст напісаў у твітэры, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты ЗША

Канье Ўэст з Дональдам Трампам

Твіт рэпера з абʼявай аб намеры балятавацца апублікаваны 4 ліпеня — у Дзень незалежнасьці ЗША.

«Мы павінны ўвасобіць абяцаньні Амэрыкі, верачы ў Бога, аб’яднаўшы наша бачаньне і пабудаваўшы нашу будучыню. Я балятуюся ў прэзыдэнты Злучаных Штатаў!» — напісаў Уэст.

За некалькі гадзін твіт атрымаў сотні тысяч рэтвітаў і лайкаў. Сярод камэнтароў у падтрымку кандыдатуры рэпера — і камэнтар бізнэсмэна Ілона Маска, паведамляе svoboda.org.

Жонка Ўэста Кім Кардашʼян адказала твітам з выявай амэрыканскага сьцяга.

Пры гэтым Уэст не напісаў, калі менавіта ён будзе балятавацца. Яго запіс мае хэштэг # 2020VISION, з якога можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра гэты год.

Канье Ўэст — адзін з найбольш вядомых артыстаў у сваім жанры і часты пэрсанаж сьвецкай хронікі, вядомы эксцэнтрычнымі паводзінамі і поглядамі.

Раней рэпер неаднаразова сустракаўся з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і выказваў яму падтрымку — сярод іншага, фатаграфаваўся ў чырвонай бэйсболцы з надпісам «Зробім Амэрыку вялікай зноў».

У 2018 годзе рэпер сустракаўся з Трампам у Белым доме. Трамп ня выключаў, што Уэст у будучыні будзе балятавацца ў прэзыдэнты — але меркаваў, што гэта будзе пасьля 2024 года.

Ніякіх афіцыйных камэнтароў Уэста і яго прадстаўнікоў пакуль не было. Няясна, ад якой партыі ён мае намер балятавацца. У бальшыні штатаў тэрміны падачы дакумэнтаў для ўключэньня ў бюлетэні на выбарах яшчэ не прайшлі.