Прэзыдэнт Дональд Трамп лічыць, што ЗША знаходзяцца «пад ударам новага крайне левага фашызму», які дэманструе «таталітарныя» паводзіны ў дачыненьні да амэрыканскіх каштоўнасьцяў і гісторыі.
Выступіўшы 3 ліпеня напярэдадні Дня незалежнасьці каля манумэнту на гары Рашмор, у штаце Паўднёвая Дакота, Трамп заявіў некалькім тысячам сваіх прыхільнікаў, што манумэнт з барэльефамі чатырох прэзыдэнтаў ЗША «ніколі не будзе апаганены».
У вялікай прамове Трамп асудзіў «азлобленыя натоўпы, якія разбураюць помнікі і ўзьнімаюць хвалю гвалтоўных злачынстваў у гарадах».
Рэзкія словы прэзыдэнта прагучалі ўсьлед за пратэстнымі акцыямі супраць расізму і няроўнасьці, якія працягваліся некалькі тыдняў. Дэманстрацыі пачаліся пасьля таго, як 25 траўня паліцыянты ў Мінэапалісе забілі афраамэрыканца Джорджа Флойда.
Некаторыя акцыі перарасталі ў гвалтоўныя дзеяньні, пагромы, а таксама ў апаганьваньне або разбурэньне помнікаў дзеячам Канфэдэрацыі, якія падчас Грамадзянскай вайны адстойвалі інтарэсы амэрыканскага Поўдня, дзе практыкавалася рабаўладаньне. Асобныя актывісты заклікалі да ліквідацыі сымбаляў расізму, уключаючы выявы некалькіх бацькоў-заснавальнікаў ЗША, вядомых сваёй прыхільнасьцю інстытуту рабаўладаньня.
Дональд Трамп папярэдзіў, што «леварадыкальная культурная рэвалюцыя» скіраваная на зрынаньне каштоўнасьцяў Амэрыканскай рэвалюцыі, на выхаваньне дзяцей на ілжывых прыкладах і на зьнішчэньне нацыянальных і гістарычных каштоўнасьцяў.