Валер Цапкала выступіў з дзьвюма супярэчнымі заявамі з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У першым звароце, які быў зьмешчаны на старонцы Цапкалы ў Фэйсбуку ў першай палове дня 3 ліпеня, гаворыцца:
«Сёньня 3 ліпеня, Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 76 гадоў таму савецкія войскі вызвалілі горад Менск. Гэты дзень стаў магчымым дзякуючы духу савецкага воіна, майстэрству савецкіх інжынэраў, якія здолелі стварыць тэхніку за вельмі кароткі прамежак часу. І гэтая тэхніка змагла супрацьстаяць магутнай ваеннай машыне фашысцкай Нямеччыны».
Таксама зьявіўся фотаздымак, на якім Валер Цапкала — у савецкай палявой гімнасьцёрцы і ў бэйсболцы, разам з жонкай у саветскай салдацкай пілётцы.
Сужэнства Цапкалаў было сфатаграфаванае побач з танкам, які адмыслоўцы вызначылі як Т-34 — танк, які быў ударнай сілай Чырвонай Арміі ў другой палове Другой сусьветнай вайны. Таксама ў сацыяльных сетках было выказана меркаваньне, што здымак зроблены на «Лініі Сталіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штабе Цапкалы заявілі, што абскардзяць адбракаваныя выбаркамамі подпісы за яго вылучэньнеУвечары ў фэйсбуку Валера Цапкалы зьявіўся яшчэ адзін тэкст, прыводзім фрагмэнты:
«У краіне, якая найбольш пацярпела ад фашызму, працягваюць выкарыстоўвацца мэтады кіраваньня грамадзтвам і ўзьдзеяння на людзей, якія адпрацоўваліся ў канцлягерах!»
«З заканчэньня Вялікай Айчыннай вайны прайшло 75 гадоў! Але ў краіне, якая найбольш пацярпела ад фашызму, працягваюць выкарыстоўвацца мэтады кіраваньня грамадзтвам і ўзьдзеяньня на людзей, якія адпрацоўваліся ў канцлягерах».
«Я мару пра тое, каб Днём канчатковага вызваленьня Беларусі ад рэжыму, які пагарджае беларускі народ, называючы яго „народзік“, стаў дзень 9 жніўня. Вызваленьня ад рэжыму, стваральнік якога неаднаразова выказваў свае сымпатыі да некаторых мэтадаў кіраваньня грамадзтвам і арганізацыі ўлады, якія існавалі ў нацысцкай Германіі! Які ігнаруе закон, справядлівасьць і канстытуцыйныя правы сваіх грамадзян, пазбаўляючы іх магчымасьці самім вызначаць сваю будучыню! Які крадзе галасы выбаршчыкаў і тым самым плюе ім у твар, будучы ўпэўнены ў тым, што яны не змогуць яму адказаць — бо ён абаронены ад народа шматлікай аховай, палацамі і рэзыдэнцыямі! Рэжыму, які прыніжае і абражае людзей! Рэжыму, які ўзвысіўся ня дзякуючы асабістаму росту, а за кошт глумленьня з людзьмі, пазбаўленьня іх гонару і асабістай годнасьці».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.