2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: ліпень

Ёган Гамца, «Кнігалюб»

Палова з усіх недзяржаўных выдавецтваў, якія спэцыялізуюцца на выпуску беларускай літаратуры, дагэтуль ня выйшла з пандэмічнага адпачынку. Тыя ж, што не цалкам прыпынілі загрузку друкарскага варштату, робяць гэта на палову, а то і на траціну моцы.

Да зьніжэньня ад лютага пакупніцкай актыўнасьці ды адсутнасьці публічных сустрэчаў аўтараў з чытачамі дадаліся праблемы са здароўем выдаўцоў і друкароў. Іх, на жаль, не абмінула ўсясьветная зараза. Адкладзеныя да ачуняньня рэдактараў, карэктараў, мастакоў, вярстальшчыкаў рукапісы, спадзяемся, у хуткім часе парадуюць аматараў беларускага прыгожага пісьменства. А пакуль тое, што ўжо маем у першыя дні ліпеня і будзем яшчэ мець у гэтым месяцы.

Літаратурны каляндар Свабоды чытайце ў першую суботу кожнага месяца.

Паэзія

Юля Цімафеева. «ROT». Менск, «Янушкевіч» / Прага, «Вясна».


Юля Цімафеева выдае новы паэтычны зборнік, ужо ў саму назву якога яна ўклала некалькі сэнсаў. Гэтую кнігу можна чытаць як адну разгорнутую мэтафару, ключом да якой зьяўляецца слова на вокладцы — ROT. Выбітная паэтка Вальжына Морт піша ва ўступным слове:

«Значэньне… шматмоўнае, і на вокладцы ROT стаіць у цэнтры пэрспэктывы, зьбіраючы ў сабе промні значэньняў з розных моваў. Рот (беларускай лацінкай) — глеба, у якой расьце корань-язык. Мова паэзіі для Цімафеевай пераплецена з асэнсаваньнем сваіх каранёў, свайго месца і місіі ў сямейным і літаратурным радаводах. Гэтая місія, напрыклад, — садзіць агарод паводле бабулінага календара. Аднак нягледзячы на дбаньне, на агародзе ўнучкі-паэткі растуць толькі вершы: сьледаваньне бабуліным традыцыям прыводзіць яе да традыцыі паэтычнай, да абраньня самой паэткай сваіх паэтычных „бабуль“».

З ангельскай to rot — гніць, што зьяўляецца неад’емным працэсам прыроднага колазвароту. І за ўсімі гэтымі значэньнямі стаяць вершы.

Камень страху
Мне страшна.
Я ўрэшце дома.
Я атрымала ў спадчыну
свой страх —

сямейную рэліквію,
каштоўны камень,
што перадаецца
ад пакаленьня да пакаленьня.
Наш круглы родавы валун,
некалі скрадзены
з панскага поля.
Камень не мае рота,
не здольны ні крыкнуць,
ні сказаць.
Ён бяспамятны,
заўжды ў зародку,
усё, што ён умее,
марудна і няўмольна
расьці.

«ROT» — трэцяя кніга паэзіі Юлі Цімафеевай.

Мікола Кандратаў. «На божай далані». Менск, «Кнігазбор».

Гэтая кніга — чацьвёртая ў паэтычным жыцьцяпісе сталага праграміста Міколы Кандратава. Дакладнасьць у хлебадайным занятку не абмінае і ягоныя вершаваныя штудыі. Прадаўжальнік клясычнай айчыннай сылябатонікі застаецца верным ёй цягам усяго творчага шляху, на якім мае шмат адданых прыхільнікаў. Да густу ім прыйдуцца і новыя вершы аўтара, у якіх адбіўся няспынны час і нечаканыя ворагі лёсу.

Пандэмія

Чым усё гэта скончыцца,
нават страшна сказаць.
І на вока — прарочыца —
напаўзае сьляза.
У Айчыне — бы ў вотчыне…
Можа знаць толькі Ён
час, калі ўрэшце скончыцца
жоўтай сьмерці разгон,
што лявінаю коціцца,
рвецца ў нашы дамы…
Ды Айчына ня скончыцца —
гэта ведаем мы

Дакумэнталістыка

Слоўнік мовы Нашай Нівы. Том 4. Менск, «Тэхналёгія».


Як гаварылі на тутэйшых землях сто гадоў таму? Што азначае тое ці іншае забытае сёньня ўжо слова? Як яго напісаць кірыліцай і лацініцай? Чацьвёрты том моўных залацінак распавядзе тым, каго цікавяць падобныя пытаньні, і пра варыянты слушнага ўжываньня адноўленай лексыкі, і пакажа прыклады фразэалёгіі ва ўсіх выпадках ад С да Я. І гэтым ён завяршае вялікі выдавецкі праект, распачаты амаль дваццаць гадоў тому. Ягонае зьяўленьне — сапраўдны бальзам на душу гурманам айчыннага прыгожага пісьменства. Унікальная мова масавай беларускай газэты пачатку дваццатага года цалкам адноўленая і захаваная.

Папраўдзе, будзе яшчэ пяты том. У ім чытач знойдзе ўвесь набор уласных імёнаў, прозьвішчаў, псэўданімаў, назваў населеных пунктаў ды іншых геаграфічных аб’ектаў. А таксама паказальнік усіх публікацыяў Нашай Нівы за 1906–1915 гады з адсылкай да адпаведнага нумара газэты.

Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана. Менск, «Кнігазбор».

Гэты важкі том можна было б назваць «Гісторыя новай беларускай літаратуры ў фотаздымках і камэнтарах да іх». Бо хоць матэрыялы кнігі ўзятыя з архіву толькі адной літаратурнае асобы дваццатага стагодзьдзя, але якой Асобы! Паэт, навэліст, нарысіст, крытык, адзін са стваральнікаў пракамуністычных літаратурных суполак і нацдэм, ахвяра савецкай рэпрэсіўнай сыстэмы і чынны дзеяч шматлікіх савецкіх літаратурна-прапагандысцкіх структураў, аўтар бліскучых пэрлінаў мовы і нястомны змагар за яе цнатлівасьць. Легендарны Ян Скрыган, якому сёлета 16 лістапада будзе 115 гадоў.

Да гэтай даты дачка Галіна і падрыхтавала фотаальбом, у які ўключыла рарытэты, якія доўгі час перахоўваліся ў сямʼі. Унікальныя фотадакумэнты эпохі «Маладняка», гулагаў, высылак, вяртаньняў, прызнаньняў і глыбока схаваных асабістых таямніцаў патлумачаныя самім уладальнікам архіву і разгорнута дапоўненыя спадкаемніцай і складальніцай.

Галіна Скрыган дала кнізе падзагаловак «Шляхі, час, сустрэчы, імгненьні гісторыі, старонкі жыцьця ў рэтраспэктыўным аглядзе. ХХ стагодзьдзе». Да гэтага хіба што можна дадаць — «Годна ўшанаваная памяць пра выбітнага бацьку».

Дзіцячая літаратура

Надзея Ясьмінска. «Сподачак для цмока». Менск, «Кнігазбор».


«Аднойчы маленькі хлопчык Юзік сказаў тату:

— Здаецца, пад маім ложкам жыве пачвара!

Тата ссунуў акуляры на нос. Ён заўсёды так рабіў, калі ў чымсьці сумняваўся. Часам ён ня верыў кніжцы, тэлевізару, газэце, маме — асабліва, калі тая ўздыхала: «Я зусім ня маю, што апрануць!.." А цяпер вось ня верыў Юзіку.

— Чаму ты так вырашыў?

— Калі я засынаю, то чую, як хтосьці пада мною сабе, — прызнаўся хлопчык».

Так пачынаецца новая кніга маладой, але ўжо досыць папулярнай беларускай казачніцы Надзеі Ясьмінскай. Праз сорак старонак, ярка ілюстраваных Сьвятланай Міхал, юны чытач (дарослыя таксама заінтрыгаваныя тым, хто сапе пад ложкам Юзіка) даведаецца шмат цікавінак з жыцьця галоўнага героя і ягоных нябачных сяброў.

Крысьцін Самуэльсан. Свэн Нурквіст. «Вялікая кніга рэцэптаў Пэтсана і Фіндуса». Менск, «Коска». Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч.

Лета, вогнішча на ўлоньні прыроды ці печка ў вясковым доміку. Сямʼя гатуе абед ці вячэру. Незвычайная атмасфэра вакацыяў патрабуе адмысловых страваў. Іхнія рэцэпты пад сілу ўвасобіць ў непаўторнае смакоцьце і дарослым, і дзецям. Застаецца толькі разгарнуць гэтую кнігу ды прачытаць пра ўлюбёную ежу ўлюбёных герояў.

Свэн Нурквіст. «А ты так можаш, Пэтсан?» Менск, «Коска». Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч.

Добра падʼеўшы, можна і пазабаўляцца на поплаве ля рэчкі ці ў садзе. Ці паўтарыць выкрунтасы, якія робяць Пэтсан і Фіндус. Малеча цалкам здолее ўсё гэта. А мо й бацькі захочуць разам з імі падурэць. Ну тады гэтая кніга вам — у самы раз.

Прыемнага адпачынку!

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: чэрвень