Затрыманьні грамадзкіх актывістаў у Дзень незалежнасьці: Гомель, Масты, Барысаў. ВІДЭА

Падчас затрыманьняў у Мастах

3 ліпеня, у дзяржаўнае сьвята Дзень незалежнасьці, у розных гарадах Беларусі адбыліся затрыманьні грамадзкіх актывістаў.

Гомель

3 ліпеня ў Гомлі міліцыя затрымала некалькіх актывістаў. Напярэдадні ў сацыяльных сетках анансавалі правядзеньне чарговай «акцыі салідарнасьці».

Сёньня на пляжы а 12-ай гадзіне меркавалася правесьці «акцыю салідарнасьці». Яе анансавалі ў сацыяльных сетках. Плянавалася, што ўдзельнікі акцыі прыйдуць на пляж, каб «адпачыць, пагуляць у розныя гульні, паесьці марозіва».

Прыкладна ў 11.50 міліцыя затрымала актывістку​ Алену Давыдаву.

Сьведкай затрыманьня стаў яе сябар Канстанцін, які распавёў Свабодзе акалічнасьці.

«Алена ішла адна, яна жыве ў Навабеліцы. За ёй ішлі двое „не па форме“ ад яе дому, трое міліцыянтаў пад’ехалі на службовым аўтамабілі, яшчэ двое ня ў форме падышлі і з ужываньнем сілы затрымалі Алену», — распавёў Канстанцін.

Алена Давыдава, фэльчарка «хуткай дапамогі», грамадзкая актывістка з каманды «кандыдатаў пратэсту» Мікалая Статкевіча, раней падавала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, але яе ініцыятыўную групу не зарэгістравалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідзіце ў міліцыю і патрабуйце, каб вас пасадзілі. 2 ліпеня працягвалі караць за «ланцугі салідарнасьці»

На гомельскім цэнтральным пляжы затрымалі актывіста Аляксея Раманава.

«Падышлі супрацоўнікі міліцыі, сказалі яму „Пройдзем“ і павялі ў службовы аўтамабіль», — паведаміў Свабодзе Віталь, прыяцель Аляксея. Ён быў сьведкам затрыманьня.

Аляксею Раманаву пры затрыманьні зрабілася блага, яму выклікалі «хуткую», ён адмаўляецца ехаць у шпіталь пад канвоем міліцыі.

Таксама міліцыя затрымала актывістку Сьвятлану Нарскіну. Зранку пад яе домам дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Калі Сьвятлана выйшла з пад’езду — яе тут жа затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі аштрафавалі мясцовую жыхарку, якая на вуліцы размаўляла зь людзьмі пра палітыку

Як паведаміў Свабодзе яе прыяцель Сьвятланы, яе павезьлі ў аддзел міліцыі на вуліцы Мазурава. Прычыны затрыманьня пакуль не вядомыя. Сьвятлана Нарскіна на мінулым тыдні атрымала штраф за тое, што размаўляла з мінакамі на вуліцы пра палітыку. Суд расцаніў гэта як парушэньне заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы.

Актывісты раней паведамлялі, што каля іх дамоў дзяжураць супрацоўнікі ў цывільным. Прынамсі, шэрая «Лада» стаяла каля дому Юрыя Ўласава, які за падтрымку Сяргея Ціханоўскага адседзеў 45 сутак запар у ІЧУ.

Масты

У Мастах затрымалі актывіста Аляксандра Мілюка, які вяртаўся дадому з сынам, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Да яго падышоў мужчына і пачаў патрабаваць нейкія грошы, штурхаць Аляксандра і нецэнзурна выказвацца ў ягоны адрас. Аляксандар Мялюк вёў відэазапіс таго, што адбываецца, на тэлефон.

У хуткім часе пад’ехала міліцэйская машына. Мялюк папрасіў засьцерагчы яго ад прыставаньняў невядомага мужчыны, але міліцыя затрымала і самога Аляксандра. Яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня і пакінулі да суда, які пройдзе 6 ліпеня ў Скідзелі.

Таксама праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што раніцай 3 ліпеня сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай са Скідзеля Яўгена Клімука выклікалі ў РАУС, а пазьней зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Некалькі дзён таму ў яго канфіскавалі аўтамабіль і тэлефон за язду на машыне са сьцягам, а сёньня прадʼявілі яму пратакол паводле арт. 23.34 КаАП. У ізалятары Клімук прабудзе да панядзелка 6 ліпеня.

Барысаў

У Барысаве 3 ліпеня затрымалі трох чалавек, якія былі апранутыя ў майкі «3ИЮЛЯ», стылізаваных пад 3%. Прозьвішчы затрыманых удакладняюцца.