На Валыні з 3 ліпеня ўзмацняюць карантынныя захады ў раёнах масавага адпачынку. Адпаведнае рашэньне мясцовыя ўлады прынялі напярэдадні ўвечары, 2 ліпеня.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
«3 ліпеня 2020 у вобласьці адбудзецца ўзмацненьне карантыну ў раёнах зь месцамі масавага адпачынку людзей, у прыватнасьці каля вадаёмаў. У тым ліку і ў Шацкім раёне, дзе акрамя гэтага з 3 ліпеня забараняюцца рэгулярныя і нерэгулярныя пасажырскія перавозкі аўтамабільным транспартам у прыгарадных i мiжгароднiх зносінах унутры вобласьці», — гаворыцца ў паведамленьні абласной адміністрацыі.
Як адзначыла галоўны санітарны лекар вобласьці Натальля Янко, узровень захворваньняў COVID-19 у Валынскай вобласьці стабільна высокі, рэгіён займае чацьвёртае месца ва Ўкраіне паводле распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвясьціў перамогу над каранавірусам у Беларусі
Паводле дадзеных Сыстэмы маніторынгу распаўсюджваньня эпідэміі каранавірусу, толькі мінулыя суткі ў вобласьці знайшлі 63 новыя выпадкі інфікаваньня. Усяго з пачатку эпідэміі на Валыні пацьвердзілі 2571 выпадак COVID-19, памерлі 63 чалавекі, выздаравелі 783.
Ва Ўкраіне паводле стану на раніцу 3 чэрвеня каранавірус выявілі ў 46 763 чалавек, памерлі 1212 пацыентаў, выздаравелі 20558.