Свабода закончыла відэа-праект «Літаратары на карантыне»

Ян Максімюк і Сяргей Шупа, куратары праекту «Літаратары на карантыне»

Сёньня, 2 ліпеня, Сяргей Шупа відэачытаньнем апавяданьня «Нешта здарылася» італьянскага пісьменьніка Дына Буцаці ў сваім перакладзе завяршыў наш праект «Літаратары на карантыне».

У красавіку мы запрапанавалі беларускім аўтарам запісаць у хатніх абставінах відэа, на якіх яны чытаюць тое новае, што напісалі апошнім часам і чаго не змаглі належным чынам данесьці да чытачоў — і даслаць нам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода запрашае да ўдзелу ў праекце «Літаратура на карантыне»

Такім чынам вы вырашылі дапамагчы прамоцыі беларускай літаратуры ў час каранавіруснага карантыну і самаізаляцыі пісьменьнікаў, калі закрываліся кнігарні, а літаратурныя вечарыны і прэзэнтацыі былі адмененыя.

За два з паловай месяцы мы здолелі апублікаваць 40 відэачытанак ад 29 аўтараў. Вось іх сьпіс:

Альгерд Бахарэвіч, Вальжына Морт, Ян Максімюк, Юлія Цімафеева, Уладзімер Арлоў (1), Уладзімер Арлоў (2), Уладзімер Арлоў (3), Аляксандар Лукашук, Наста Кудасава (1), Аляксандар Ірванец, Ільля Сін, Валярына Кустава, Аляксей Знаткевіч, Сабіна Брыло, Вольга Гронская, Павал Касьцюкевіч (1), Вольга Гапеева, Севярын Квяткоўскі (1), Наста Кудасава (2), Валянцін Акудовіч, Ганна Янкута, Марыя Мартысевіч, Эдуард Акулін, Фэлікс Аксёнцаў, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Андрэй Хадановіч (1), Васіль Аўраменка, Сяргей Астраўцоў, Андрэй Хадановіч (2), Наталка Бабіна, Севярын Квяткоўскі (2), Павал Касьцюкевіч (2), Зьміцер Вішнёў, Сяргей Шупа, Сяргей Дубавец (7).

Атрымалася, як лічым, неблагая відэа-анталёгія сучаснай беларускай літаратуры (зь невялічкай дамешкай перакладаў).

Усім удзельнікам — вялікі дзякуй! Свабода і надалей, у меру сваіх магчымасьцяў, будзе падтрымліваць беларускае прыгожае пісьменства.

Варта нагадаць пры гэтай нагодзе, што ў мінулым наша рэдакцыя давала магчымасьць беларускім літаратарам прэзэнтаваць свае творы у цікавым аўдыё-праекце «Начная чытанка».

Мы, як кажуць разумныя беларусы, найхутчэй можам аб’яднацца на прасторы беларускага тэксту. Дык не давайма яму загінуць.

Над праектам «Літаратары на карантыне» працавалі для вас Сяргей Шупа і Ян Максімюк. Да наступных сустрэч з прыгожым пісьменствам!